Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці: Думаю, што жаданне католікаў Беларусі ўбачыць Папу на беларускай зямлі заслугоўвае задавальнення
Беларусь
14.03.2015 18:26

«Каталіцкая супольнасць у Беларусі заслугоўвае візіту Пастыра Паўсюднага Касцёла – як з улікам таго досведу пакутаў, якія перанесла гэтая супольнасць, так і з улікам яе ўкладу ў аднаўленне, адраджэнне і развіццё рэлігійнага жыцця ў краіне», — сказаў Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін на прэс-канферэнцыі 14 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Кажучы пра тое, ці магчымы візіт Папы Францішка ў Беларусь, кардынал паведаміў: «Калі мы закладвалі вуглавы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску, я сказаў, што хацеў бы сыграць ролю Яна Хрысціцеля, які быў прадвеснікам прыйсця Збаўцы на зямлю». «Сапраўды, ёсць вельмі вялікае жаданне каталіцкіх вернікаў Беларусі ўбачыць Папу на беларускай зямлі, я магу гэта канстатаваць. Я сутыкаўся з гэтым у ходзе сустрэч, і ў апошні раз – на сустрэчы з каталіцкімі біскупамі краіны: яны таксама акцэнтавалі ўвагу на гэтым элеменце», — дадаў Дзяржаўны Сакратар.

«Я думаю, што гэтае жаданне заслугоўвае задавальнення. Таму што каталіцкая супольнасць у Беларусі заслугоўвае візіту Пастыра Паўсюднага Касцёла – як з улікам таго досведу пакутаў, якія перанесла гэтая супольнасць, так і з улікам яе ўкладу ў аднаўленне, адраджэнне і развіццё рэлігійнага жыцця ў краіне», — адзначыў кардынал П’етро Паралін.

«Акрамя жадання з боку хрысціянскай супольнасці, ёсць экспліцытнае запрашэнне з боку ўсіх галін дзяржаўнай улады ў Беларусі да Папы Францішка наведаць краіну, — сказаў іерарх. — Гэтае запрашэнне і жаданне ўбачыць Пантыфіка на беларускай зямлі было агульным элементам у ходзе ўсіх маіх учарашніх сустрэч у дзяржаўных органах».

«Больш на гэтую тэму я нічога не магу сказаць. Даты гэтага візіту будуць вызначаны ў далейшым, і я магу толькі спадзявацца, што будуць сфарміраваны ўмовы для таго, каб Папа мог адказаць на пажаданні рэлігійнай супольнасці і прыняць запрашэнне дзяржаўных органаў», — дадаў кардынал.



(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.