| «Я благаслаўляю вас з любоўю»: Папа Францішак прывітаў супольнасць гродзенскай семінарыі |
| Беларусь |
| 15.04.2015 16:08 |
|
Вялікай нечаканасцю для гродзенскіх семінарыстаў было пачуць з вуснаў Папы словы на італьянскай мове, скіраваныя менавіта да іх. Зварот Святога Айца прагучаў таксама ў перакладзе на беларускую мову, яго зачытаў кс. Аляксандр Амяльчэня.
Звяртаючыся да святароў і семінарыстаў, Папа сказаў: «Сардэчна вітаю настаяцеляў і семінарыстаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў Беларусі, якія прыбылі ў пілігрымцы падзякі за 25 гадоў яе дзейнасці. Умілаваныя, няхай візіт да магіл святых апосталаў Пятра і Паўла нагадвае вам, што пакліканне да святарства, перш за ўсё, асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які кліча і пасылае сваіх вучняў несці ўсім радасную навіну аб збаўленні. Аб’яднаныя з Ім, будзьце мужнымі, каб сведчыць Евангелле са шчырасцю і міласэрнасцю. Я благаслаўляю вас з любоўю. Хвала Езусу Хрысту!»
Пасля агульнай аўдыенцыі Папа Францішак падыйшоў да семінарыстаў. Некаторыя навучэнцы семінарыі з вялікай узрушанасцю цалавалі персцень Рыбака нашых часоў. На запрашэнне супольнасці гродзенскай семінарыі наведаць Беларусь Папа ўсміхнуўся, узглянуў на неба і сказаў: «Калі дазволіць Пан Бог, то гэта будзе».
Пілігрымка семінарыстаў, выкладчыкаў і святароў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вечны горад пачалася 10 красавіка. Падчас пілігрымкі яны наведваюць галоўныя рымскія базылікі і месцы, звязаныя з жыццём святых. Гэтая пілігрымка з’яўляецца падзякай Богу за 25 гадоў дзейнасці семінарыі. Таксама яе ўдзельнікі просяць аб тым, каб Бог меў у сваёй апецы ўсіх, хто ўтварае супольнасць семінарыі, і моляцца аб новых і шматлікіх пакліканнях у Касцёле. |
| Фотарэпартаж |


15 красавіка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме Папа
Францішак скіраваў прывітанне настаяцелям і навучэнцам вышэйшай духоўнай
семінарыі ў Гродне. На плошчы прысутнічалі таксама біскуп
Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі
Юзаф Станеўскі.
для друку