10 красавіка пачалася пілігрымка ў Рым навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Семінарысты, выкладчыкі і некаторыя святары Гродзенскай дыяцэзіі накіраваліся ў Вечны горад з пілігрымкай падзякі за 25 гадоў існавання семінарыі.
Маршрут будзе пралягаць па тэрыторыі найбольш вядомых санктуарыяў у Польшчы, Аўстрыі і Італіі. Галоўная мэта пілігрымкі – не толькі задаволіць цікавасць, але ў першую чаргу дакрануцца да духоўнага багацця гэтых мясцін і атрымаць благаслаўленне Папы Францішка.
Пілігрымку ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які шмат гадоў быў рэктарам семінарыі ў Гродне.
Наведваючы Італію, яе выключныя і важныя мясціны, пілігрымы будуць дзякаваць Богу за ўсіх людзей, хто на працягу 25 гадоў ствараў супольнасць семінарыі: выкладчыкаў, свецкіх супрацоўнікаў і навучэнцаў.
Падчас пілігрымкі семінарысты і выкладчыкі на чале з рэктарам кс. д-рам Раманам Рачко прымуць удзел у агульнай аўдыенцыі з Папам 15 красавіка. Таксама яны наведаюць усе найбуйнейшыя рымскія базылікі, месца, звязанае з асобай Айца Піо – Сан Джаванні Ратонда, месца, звязанае са св. Антоніем – Падую, і месца, звязанае са св. Францішкам – Асізі.
Пілігрымка завершыцца святой Імшой у санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове, дзе ў капліцы цудатворнага абраза семінарысты падзякуюць Маці Божай за апеку над іх навучальнай установай.
Семінарыйная супольнасць ужо здзейсніла пілігрымку ў Вечны горад у 2010 г. з нагоды 20-годдзя існавання семінарыі. Вяртаючыся назад, удзельнікі таксама спыніліся на Яснай Гары. У той час генеральны настаяцель паулінаў а. Ізідор Матушэўскі перадаў у дар семінарыі копію цудатворнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.
Момант перадачы копіі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Чэнстахова, 12 верасня 2010 г.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Кшыштаф Швертак/ Прэс-служба Яснай Гары
|