Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Баляслаў Слосканс — біскуп і вязень 17 савецкіх турмаў, прафесар і Слуга Божы
Беларусь
16.04.2015 10:08

Асоба Баляслава Слосканса не з’яўляецца шырокавядомай для жыхароў Беларусі; той, хто ведае гэта імя, адносіцца альбо да кола беларускага каталіцкага духавенства, альбо да вельмі вузкага кола гісторыкаў.

Хіба аніводзін беларус, якога б запыталіся на вуліцы, не змог бы распавесці анічога пра гэту асобу. А між тым гэта імя заслугоўвае вялікай увагі, як з боку беларускага, дзе біскуп Слосканс быў прызначаны Апостальскім адміністратарам Мінскім і Магілёўскім у маі 1926 г, так і з боку латышскага, дзе ў далёкім 1893 годзе ў мястэчку Стэрневе і нарадзіўся будучы святар.

У сувязі з тым, каб адкрыць і наблізіць грамадскасці постаць Баляслава Слосканса, з 17 па 19 красавіка ў Мінску праводзіцца сімпозіум, на якім свае даклады прачытаюць прадстаўнікі розных краін, асабліва з Латвіі і Беларусі.

Некалькі ключавых датаў з жыцця біскупа


1925 — пасля таго, як Баляслаў скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу і папрацаваў там душпастырам, ён становіцца пробашчам у Віцебску.

1926, май – таемна атрымаў біскупскае пасвячэнне з рук папскага пасланца ў Маскве біскупа Мішэля Дарбіны і прызначаны Апостальскім адміністратарам Магілёўскай Мітраполіі.

1927 – арыштаваны ў Магілёве, абвінавачаны ў шпіянажы і асуджаны на 3 гады ў Салавецкі канцлагер для святароў.

1930 – вызваленне і вяртанне ў Магілёў, зноў арышт і ссылка ў Сібір

1933 – перададзены савецкімі ўладамі ў Латвію ў абмен на асуджанага там камуніста.

Больш не вярнуўся ў Беларусь, але быў прызначаны Апостальскім візітатарам для католікаў-эмігрантаў з СССР візантыйскага абраду.

1981, 18 красавіка – памёр у Бельгіі.

1993 – цела біскупа было перанесена ў латвійскі санктуарый у Аглоне.

2000 – пачатак беатыфікацыйнага працэсу

2004, 20 снежня — падпісаны дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа Баляслава Слосканса.

Жыццё Баляслава Слосканса стала для гісторыі хрысціянства чарговым сведчаннем жыцця праз выпрабаванні, якія чалавек можа мужна выносіць, церпячы, сведчыць аб Хрысце.

Знайсці любоў у цемры вязніцы, альбо ўспаміны яго вучня-семінарыста

Як узгадвае Антон Юст, зараз біскуп Елгаўскі на пенсіі, а з 1949 па 1960 духоўны сын і ўдзельнік семінару, якім кіраваў біскуп, Баляслаў Слосканс казаў: “Я жыў у лепшых пяцізоркавых гатэлях КДБ”.

“Пагарда да таго, што ён бачыў, не зламала яго любові да людзей. У яго не было аніводнага дрэннага слова пра яго ганіцеляў і пра прыніжэнні веруючых людзей. Чалавек без Бога губляе павагу да сябе і іншых людзей, бо ён становіцца зверам. У сваёй свядомасці забываецца, што добра, а што дрэнна. Гэта непавага перадаецца ўсім вязням, і турма ператвараецца ў пекла, дзе спаборніцтва зрабіць дрэннае іншаму прымаецца як выклік…Біскуп гаварыў: “Цяжка заставацца святым, калі ты жывеш у пекле”. Вялікай спакусай было асудзіць ганіцеляў”, — прыгадвае біскуп на пенсіі Антон Юст.

“Нам, семінарыстам і студэнтам, здавалася, што лагеры і турмы былі для біскупа школай жыцця і вучылі, як любіць нават сваіх ганіцеляў”, – дзеліцца дасведам тагачасны семінарыст.

“Калі мы, семінарысты, пра тэалогію і філасофію ва ўніверсітэце даведваліся з семінараў і лекцый, то жыццёвую тэалогію і філасофію мы даведваліся ад біскупа Слосканса”, — адзначае яго былы вучань.

Яшчэ біскуп Антон Юст прыгадвае, што біскуп Слосканс увесь час перажываў, што не можа служыць у Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, з якой ён заўсёды быў разам у сэрцы, адкуль ад вернікаў да яго прыходзілі лісты, на якія ён адказваў да позняй ночы…

Біскуп Слосканс і моўнае пытанне



Пасля таго, як у 1926 годзе Баляслаў Слосканс атрымаў прызначэнне на пасаду Апостальскага адміністратара Мінскага і Магілёўскага, у сваіх выступах ён імкнуўся выкарыстоўваць і польскую, і беларускую мовы. Каб растлумачыць моўную палітыку, наведваючы гомельскую парафію, ён звярнуўся да прысутнай інтэлігенцыі па-польску:

"Казанне мае на мэце высветліць для ўсіх вернікам, без розніцы ступені іх асветы, найважнейшую справу іх жыцця, справу збаўлення душы. Дык гаварыць аб гэтым на такой мове, якой добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю гаворкаю, а казаць два казанні на розных мовах я не маю часу. Дзеля гэтага прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх колаў вернікаў і выслухаць казанне ў беларускай мове”.

Успамін кс. Ілмара Толстаўса пра ўсмешку

«Быў такі біскуп Баляслаў Слосканс, які пасля кананізацыі стане першым латышом, далучаным да ліку святых. У савецкі час яго арыштавалі і выслалі на Салаўкі, вынеслі смяротны прысуд… Неяк на Салаўках вартаўнік прынес яму ежу і ўбачыў, што біскуп усміхаецца. Вартаўнік спытаўся:"Што ты, дурань, усміхаешся? Табе ж смяротны прысуд аб'явілі!" А біскуп адказаў: “Я ўсміхаюся, бо шчаслівы і свабодны. А ты не ўсміхаешся, бо ты не свабодны”. Гэты чалавек нават у турме адчуваў сябе вольным, а таму ўвесь свет здаваўся яму прыгожым».

Біскупскі запавет

Біскуп Баляслаў Слосканс быў апошнім біскупам зямлі беларускай, аж пакуль не мінулі часы “атэістычнай навалы” і ў Беларусі быў прызначаны біскупам Тадэвуш Кандрусевіч.

«Толькі тады, вясною 1989 года, у прэсе можна было прачытаць, што апошнім біскупам, які працаваў у Беларусі, быў латыш Баляслаў Слосканс, які таемна прыняў біскупскае пасвячэнне ў далёкім 1926 годзе ў Маскве, а ўжо ў 1927 годзе арыштаваны, — прыгадваў кс. Яраслаў Вішнеўскі, — яму, як і біскупам з Масквы, Саратава і Пецярбурга, савецкія ўлады не пакінулі іншай альтэрнатывы: эміграцыя альбо смерць. Ён пражыў больш за ўсіх іерархаў, выгнаных на Захад, і не дажыў толькі восем гадоў да прызначэння свайго пераемніка».

У нас, сучаснікаў, ёсць добры прыклад яшчэ аднаго сведкі веры і духоўнасці, які з любоўю і ўвагай ставіўся да нашага беларускага народа, па сутнасці, да свайго роднага народа. Не маючы магчымасці быць разам з народам і жыць з ім, ён быў і застаецца разам з народам, нацыяй духоўна, а праз час застаецца актуальным яго слова і пасланне: “Нацыя не загіне, калі нават яе заваюе больш моцны вораг, нацыя загіне, калі добраахвотна страціць сваю маральнасць”.

«Каб нацыя захавалася, апрача маралі, неабходна захаваць і сваю тоеснасць. Гэта азначае, увесь комплекс ад мовы, культуры, гістарычнай спадчыны, звычаяў…» — заклікаў Слуга Божы, а, можа, у хуткасці благаслаўлёны і потым святы біскуп Баляслаў Слосканс.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.