У Мінску прайшла канферэнцыя, прысвечаная біскупу Баляславу Слоскансу: «Менавіта такія людзі становяцца не фармальнымі, а духоўнымі лідарамі» |
Беларусь |
19.04.2015 09:52 |
18 красавіка ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены прайшла канферэнцыя, прысвечаная біскупу Баляславу Слоскансу. Удзельнікаў і слухачоў прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. "Біскуп Баляслаў Слосканс – гэта супольная гісторыя Латвіі і Беларусі, гісторыя нашых Касцёлаў, якія перажылі часы ганенняў і цяпер адраджаюцца да новага жыцця. Мы павінны памятаць аб нашай гісторыі, бо яна маці-настаўніца і без яе няма будучыні, - адзначыў, у прыватнасці, арцыпастыр. - У вобразе біскупа Баляслава Слосканса, як у кроплі вады, адлюстроўваюцца лёсы Касцёла на гэтых тэрыторыях". З прывітальным словам звярнуўся пасол Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоўс, які адзначыў важнасць памяці пра біскупа Баляслава Слосканса, якая павінна быць як на Радзіме гэтага чалавека — у Латвіі, так і тут, у Беларусі, дзе біскуп спрабаваў служыць у трагічныя гады сталінскага тэрору.
«Пра такіх людзей, як біскуп Баляслаў Слосканс, можна казаць у розных вымярэннях. Адно вымярэнне — глыбокая духоўнасць гэтага чалавека, гэта яго шлях служэння людзям і Богу, яго развагі пра веру. Другое вымярэнне жыцця - гэта яго грамадзянская пазіцыя, якую не змаглі зламаць ніякія выпрабаваннні, гэта яго яркая неардынарная асоба, у якой за знешняй сціпласцю і простасцю хавалася веліч. Менавіта такія людзі становяцца не фармальнымі, а духоўнымі лідарамі, мы глядзім на іх не толькі як на ідэал, але і як на маральны прыклад, каб у меру сваіх сілаў рабіць штосьці добрае для людзей вакол нас, для свайго народа і сваёй краіны», — адзначыў Міхаіл Папкоўс. Таксама віншавальнае слова ад арцыбіскупа Збігнева Станкевіча, Мітрапаліта Рыжскага для прысутных зачытаў а. Андрыс Краваліс, генаральны вікарый Рыжскай архідыяцэзіі, дэкан касцёла св. Магдалены ў Рызе. У віншавальным слове выказвалася асаблівая падзяка арганізатару кс. Раману Факсінскаму, кс. Уладзіславу Завальнюку, у парафіі якога адбываўся сімпозіум, а таксама ўдзельнікам. Біскуп Слосканс — сведка сапраўднай любові і прабачэння «Няхай вашае бачанне і вопыт дапамагаюць нам у духоўным росце, — было адзначана ў лісце, — Біскуп Баляслаў Слосканс — гэта сведка высокай сапраўднай любові і прабачэння, якое заўсёды мацней, чым любая разбуральная сіла. Гэта асабліва важна, каб яго сведчанне аб Хрысце з кожным годам станавілася ўсё больш заўважным. Вера прыходзіць да нас, калі мы вывучаем вопыт іншых людзей, а таксама праз сведкаў веры». Таксама ў лісце арцыбіскуп Станкевіч выказаўся аб тым, што духоўны набытак біскупа Баляслава Слосканса дапаможа жыць па Евангеллю. «Мы молімся за ўсіх, хто ўдзельнічае ў канфлікце, за ўсе бакі, каб нарэшце дасягнулі згоды», — было адзначана ў лісце. Пасля прывітальнай часткі ад дэлегацыі Латвійскага боку быў падораны партрэт біскупа Баляслава Слосканса, які маляваў мастак родам з Арменіі, што зараз пражывае ў ЗША і з'яўляецца чалавекам, які вельмі захоплены асобай біскупа Слосканса.
Гэту выяву было вырашана паставіць у касцёле каля прэзбітэрыума. У першай частцы дакладаў а. Андрыс Краваліс прачытаў сваё слова, у якім разважаў над паралелямі духоўнага жыцця святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і біскупа Баляслава. Святар прыгадаў факт з жыцця біскупа Слосканса, што як толькі ён у 1933 годзе стаў вольным, то паехаў у Лізьё, дзе жыла і служыла Малая Тэрэза. У сваім дакладзе святар паказаў, якім было духоўнае жыццё біскупа, што працягваецца і зараз праз яго духоўных вучняў. Дакладчык прыгадаў, што ўступ да кнігі "Гісторыя адной Душы", якая выйшла ў 1956 годзе ў Бельгіі, быў напісаны а. Баляславам, які вельмі жадаў, каб гісторыя жыцця гэтай святой дайшла да многіх людзей і стала адным са штуршком да духоўнага жыцця, а магчыма, і да жыцця кансэкраванага. Што значыць постаць біскупа Слосканса сёння? Пра ролю біскупа Баляслава Слосканса ў сучасным свеце зрабіў даклад выкладчык Тэалагічнай акадэміі ў Лугана са Швейцарыі.
«Калі мы кажам пра асобу біскупа Баляслава Слосканса, мы павінны памятаць, што мы размаўляем аб зямлі і аб небе. На сённяшні дзень мы звычайна раздзяляем зямлю і неба ў нашым асабістым жыцці, у жыцці нашых дзяржаў», — адзначыў выступоўца. «Біскуп Слосканс на сённяшні дзень азначае прабачэнне і адзінства. Вы ведаеце, што нядаўна Папа Францішак абвясціў, што з 8 снежня ў Касцёле распачнецца Год міласэрнасці. Папа кажа, што для сучаснага свету нам патрэбны такі жыццёвы стыль — стыль міласэрнасці. І ён тлумачыць, чым з'яўляецца гэта міласэрнасць. Першае — прыняць прабачэнне ад Бога, прабачыць самому сабе, прабачыць сваім братам. Жыць жа гэтай таямніцай міласэрнасці нам дапамагае біскуп Слосканс. Калі сёння мы паглядзім у накірунку Украіны, то ўбачым, што з рашэнняў некаторых краін паміраюць многія людзі. І мы як хрысціяне ў такіх сітуацыях мы павінны быць заўсёды сведкамі міласэрнасці Бога. "Міласэрнасць азначае — умець і магчы любіць тых, хто прычыніў нам боль. Гэта хрысціянская надзея, што калісьці ўвесь свет можа прайсці ў логіку прабачэння і міласэрнасці", — пісаў у лісце біскуп да сваіх бацькоў. Таксама ён падкрэсліваў, што міласэрнасць пачынаецца з майго жыцця. Ён часта перажываў, што ў самім Касцёле мы не з'яўляемся міласэрнымі адзін да аднаго», — паведаміў прафесар Андрыс Марыя Еруманіс. Пасля доктар Стэфан Ван Кальстэр з Бельгіі распавёў пра доўгі шлях да кананізацыі, які чакае кожнага, каго грамадская думка пачынае пасля смерці лічыць святым і чыё жыццё зможа паслужыць прыкладам наследвання для сучаснікаў. Несці Бога, нягледзячы на небяспекі і пераслед Пасля першай часткі дакладаў адбывалася Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама прыгадаў пра мужны прыклад служэння біскупа Слосканса, які «мужна нёс Бога людзям, нягледзячы на небяспекі, пераслед, пагрозу зняволення і нават праліццё крыві, становячыся такім чынам жывым мучанікам». Пасля Імшы канферэнцыя працягнулася. Журналіст і выдавец Арніс Шаблеўскіс прачытаў «Успаміны біскупа Антонса Юста, вучня біскупа Слосканса», а айцец Радыёніс Доля, вучань-сучаснік біскупа Слосканса, вікарый Краслава з Аглонскай дыяцэзіі, распавёў пра свой шлях да святарскага паклікання і ролю біскупа ў гэтым. Айцец Радыёніс таксама падзяліўся ўспамінамі і ўражаннямі ад сваёй паездкі ў Салаўкі, месца зняволення і катавання многіх вялікіх людзей, у тым ліку і біскупа Слосканса. «Салаўкі і Ерузалем знаходзяцца на адным мерыдыяне, можа, таму і можна назваць іх таксама Галготай, Галготай ХХ стагоддзя», — адзначыў ён.
Таксама выступіў з дакладам гісторык з Магілёва Яўген Дуткін, які падрыхтаваў пра біскупа біяграфічны нарыс. Айцец Зміцер Чарнель зачытаў даклад Апостальскага візітатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека. Потым слова мела рэжысёр Дзідра Смільтэна, фільм якой «Малітва на крыжы» пра жыццё біскупа Слосканса быў прэзентаваны адразу пасля яе выступу. Напрыканцы канферэнцыі вершы беларускіх класікаў, а таксама пераклад на беларускую мову А.С. Пушкіна прачытала Галіна Дзягілева. У сваім слове яна прыгадала пра важнасць для беларусаў іх мовы, на гэтыя словы пасля выступу адгукнулася і Дзідра Смільтэна, якая сказала: «Мы таксама змагаемся за сваю мову, за свой народ, за тое, каб быць гаспадарамі сваёй краіны». На гэтым канферэнцыя скончылася, а 19 красавіка на Імшы ў 13.00 у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўзначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, удзельнікі сімпозіума і вернікі змогуць разам маліцца ў інтэнцыі беатыфікацыі Слугі Божага Баляслава Слосканса. Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |