Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларусь на сустрэчы Згуртавання біскупаў Польшчы і Літвы прадстаўляе Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
Беларусь
21.04.2015 12:54

20 красавіка сустрэчай у біскупскай курыі ў Елку (Польшча) распачалася трохдзённая сустрэча Згуртавання біскупаў Польшчы і Літвы па справах узаемных камунікацый з удзелам біскупаў з Латвіі і Беларусі. Сустрэча будзе праходзіць у трох польскіх дыяцэзіях: Элцкай, Ломжынскай і Плоцкай. Каталіцкі Касцёл у Беларусі прадстаўляе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У першы дзень сустрэчы арцыбіскупы і біскупы з Польшчы, Літвы, Латвіі і Беларусі прыбылі ў Мышынец (Ломжынская дыяцэзія), каб пазнаёміцца з багатаю культурай гэтай мясцовасці. Менавіта на гэтых тэрыторыях пасяліліся курпы, якія старанна захоўваюць свае традыцыі. Кажучы сёння пра курпаў, найперш трэба звярнуць увагу на іх цудоўны, прыгожы фальклор, музыку, захаванне старых звычаяў і традыцый. Курпы — людзі вельмі рэлігійныя, якія з’яўляюцца гарачымі католікамі. Ім атрымліваецца ўмела яднаць веру са сваёй культураю, узбагачаючы сваімі традыцыямі і звычаямі касцёльныя абрады.


Прыехаўшы на Імшу да старажытнай Малой базылікі Найсвяцейшай Тройцы ў Мышынцы, арцыбіскупы і біскупы мелі магчымасць далучыцца да мясцовага насельніцтва, атрымаць сведчанне веры жывога Касцёла.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Ломжынскі Януш Стэпноўскі. Гамілію прамовіў Мітрапаліт Мінска- Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які спасылаўся на літургію слова, якая была ў той дзень.

«Сучасны чалавек адчувае штораз большы духоўны голад, які можа наталіць толькі Хрыстус. Гэты голад можа быць заспакоены, калі мы хочам жыць збалансаваным жыццём і ў супакоі з самім сабою, Богам і іншымі. Езус ахвяруе хлеб, які заспакойвае гэты голад. Ён можа заспакоіць наймацнейшы голад і пагасіць прагненне нашага сэрца. Таму нашыя намаганні павінны быць накіраваныя да Яго і не могуць спыніцца ці быць задаволенымі чымсьці іншым», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Кажучы пра актуальную сітуацыю ў Еўропе, асабліва ў Еўрапейскім Саюзе, членамі якога з’яўляюцца і Польшча, Літва і Латвія, іерарх адзначыў, што «мы ўражаныя ліберальнымі тэндэнцыямі, якія пануюць у ЕС».

«Заканадаўства ЕС замест таго, каб вырашыць крызіс сям’і, павялічвае яго. Сёння заканадаўцы прымаюць законы, якія пагражаюць самім Богам створанаму інстытуту сям’і, як адзінаму і непадзельнаму саюзу мужчыны і жанчыны. Замест гэтага падтрымліваюцца гомасексуальныя саюзы і яшчэ з правам усынаўлення дзяцей», — дадаў іерарх.

Падводзячы вынікі, у сваёй гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч задаў фундаментальнае пытанне: «Куды ты ідзеш, Еўропа?»

Тэкст гаміліі цалкам »»

Напрыканцы Імшы слова сярод іншых меў біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD, старшыня Згуртавання, які на працягу многіх гадоў служыў у Баранавічах. Біскуп Мазур патлумачыў, на чым засноўваецца ініцыятыва гэтых сустрэч, якія адбываюцца два разы ў год у розных краінах і з’яўляюцца добрай нагодай да лепшага пазнання становішча Касцёла ў той ці іншай краіне, знаёмства з душпастырскай практыкай і проста ўзаемнага ўзбагачэння. Як адзначыў біскуп, пакліканне гэтага Згуртавання было адказам на патрэбы часу — дзеля абмену душпастырскім вопытам і пашырэння кантактаў паміж гэтымі народамі. «Жыццё паказала, што Згуртаванне патрэбнае і здае экзамен», — дадаў іерарх.


У чарговы дзень сустрэчы біскупы наведаюць Плоцк, дзе сустрэнуцца з біскупам Плоцкім Пётрам Лібера, прымуць удзел у Імшы ў катэдральнай базыліцы, наведаюць плоцкі санктуарый Божай Міласэрнасці і таксама сустрэнуцца з супрацоўнікамі біскупскай курыі.

У апошні дзень сустрэчы — 22 красавіка — між іншым наведаюць санктуарый Станіслава Косткі ў Расткове.

Сярод тэм, якія закранаюцца падчас сустрэчаў іерархаў у польскіх дыяцэзіях, вельмі часта падымаецца тэма Сусветнага дня моладзі ў Кракаве, якi адбудзецца ў наступным годзе.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.