Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску прайшоў агульнанацыянальны сімпозіум для кансэкраваных асобаў: служыць трэба сёння, бо заўтра можа быць запозна!
Беларусь
01.05.2015 20:11

1 мая ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбыўся агульнанацыянальны сімпозіум з нагоды Года кансэкраванага жыцця. На ім прысутнічала адна трэць законных асобаў, якія працуюць у нашай краіне.

Распачаўся сімпозіум святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Год кансэкраванага жыцця — гэта вялікая ласка як для саміх кансэкраваных асобаў, так і для ўсяго Касцёла. Гэта таксама асаблівая ласка для Касцёла ў Беларусі, адраджэнне і станаўленне якога немагчыма было б сабе ўявіць без актыўнай дзейнасці розных манаскіх супольнасцяў», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі.

Сёння, бо заўтра можа быць запозна!

«Дарагія законнікі і законніцы! — звярнуўся Мітрапаліт да прысутных. — Мы жывём у свеце, які губляе свае духоўныя карані, адракаецца ад маральных каштоўнасцяў, давярае толькі развіццю навукі, тэхналогіі, спадзяецца на сябе самога і жыве паводле прынцыпу чыні ўсё, што хочаш, бо забараняецца забараняць. Усё гэта вядзе да яго маральнай дэградацыі, якая з’яўляецца прычынай шматлікіх крызісаў сучаснасці.

Заданне Касцёла — вывесці свет з гэтага сляпога завулка».

Таксама іерарх пажадаў, каб дзякавалі Богу за слаўнае мінулае, з запалам перажывалі сучаснасць, «бо менавіта вам Божы Провід даверыў служыць Богу і людзям тут, на гэтай зямлі і ў гэты час; час нялёгкі, але адначасова час, які неабходна выкарыстаць, бо заўтра можа быць занадта позна». А таксама пажадаў прысутным прыняць будучыню з надзеяй, нават насуперак надзеі, якая павядзе ў новае, «напоўненае Хрыстом і Яго ласкай заўтра на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей».

Пасля Імшы прысутныя перамясціліся ў дольны касцёл, дзе з уступным словам звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Радуючыся новаму парастку

На пачатку прамовы арцыбіскуп перадаў для прысутных прывітанне ад Дзяржсакратара Папы Францішка кардынала П’етро Параліна, з якім за 15 хвілін да сустрэчы размаўляў па тэлефоне. «Кардынал прасіў перадаць, што дагэтуль носіць глыбокі ўспамін аб прабыванні ў Беларусі», — сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Для мяне ж знак вялікай надзеі бачыць вас тут, бачыць надзею для Касцёла ў Беларусі», — дадаў Апостальскі Нунцый.

«Я думаю, што мы шчаслівыя, што жывём у той частцы планеты, дзе хрысціянская Пасха святкуецца на пачатку вясны», — сказаў іерарх, дадаўшы, што для душы беларуса, якая вельмі ўражлівая на прыгажосць прыроды, гэта вельмі важна і сімвалічна.

Гаворачы пра прыроду, арцыбіскуп прывёў у прыклад вобраз дрэва: «Я сузіраў дрэва з акна нунцыятуры. Яно было сухім і мёртвым, а потым стала жывым і зялёным». Гэтую змену з дрэвам арцыбіскуп параўнаў з гісторыяй Хрыста і Яго Уваскрасення, а таксама з гісторыяй жыцця кожнага чалавека:

«Часамі і мы сухія і мёртвыя, але з’яўляецца адзін парастак, што і мы ажываем, як дрэва. Я жадаю вам моцна адчуць радасць ад парастка, які вырастае амаль з мёртвага дрэва. І менавіта ў тыя хвіліны, калі вы адчуеце радасць і смак жыцця, якое нараджаецца наноў, - менавіта ў гэты момант ісці і абвяшчаць гэта новае жыццё іншым.

Людзі патрабуюць пачуць навіну, што жыццё мацнейшае за смерць. І памятайце, што нашая здольнасць абвяшчаць гэта не залежыць ад нашых слабасцяў, яна звязана з Хрыстом!»

Арцыбіскуп заклікаў абвяшчаць тое, як парастак вырастае амаль з мёртвага дрэва, на якое потым злятаюцца ўсе птушкі — як сімвал хрысціянаў, якія спяваюць, радуючыся новаму парастку — новаму жыццю — Уваскрасенню.

«Няхай хрысціяне і хрысціянкі заспяваюць, бачачы, як распускаецца парастак, бачачы вас! Добрай дарогі з Хрыстом Уваскрослым», — пажадаў Апостальскі Нунцый.

Прысутная радасць

Першы даклад, які падрыхтаваў для прысутных кс. Віктар Гайдукевіч SDB, быў прысвечаны радасці ў духоўным жыцці.

Святар звярнуўся да паняцця радасці ўвогуле, паняцця радасці ў хрысціянскім жыцці, а таксама радасці ў кансэкраваным жыцці. Ён акрэсліў паняцце радасці як тое, што не залежыць ад таго, што мы маем і дзе знаходзімся, але вынікае з упэўненасці, што ёсць той, хто нас любіць, любіць такімі, якія мы ёсць. Радасць прысутная там, дзе чалавек сам любіць.

«Большасць сучасных людзей не ўсведамляюць, што радасць знаходзіцца ў іх сэрцах», — адзначыў дакладчык.

«Усе чакаюць сведчання радасці ад нас, ад кансэкраваных асобаў. Гэта праз нас людзі бачаць, як жыць, паяднаўшыся з Хрыстом. Таксама і радасць апраменьвае жыццё кансэкраваных асобаў так, што нават самыя цяжкія пакуты ці пераслед не перашкаджаюць ім радавацца», — адзначыў святар, прыводзячы ў прыклад мучанікаў, асабліва беларускай зямлі, якія аддавалі сваё жыццё за людзей і за Хрыста, для якіх Езус быў самай вялікай радасцю душы. Напрыклад, Максімільян Кольбэ, які прыняў смерць з годнасцю, спакоем і радасцю ў вачах, для якога радасць была «стылем жыцця».

Таксама дакладчык разважаў пра тры дары, які складае на алтар Пану кансэкраваная асоба: чысціні, якая паказвае на стан першаснай цэласнасці, што становіцца прычынай унутранага захаплення і натхнення; беднасці, калі асоба дабравольна адмаўляецца ад жадання «мець» і праз гэта адкрывае для сябе Збаўцу; паслухмянасці, якая з’яўляецца пачаткам адраджэння.

Услед за св. Янам Паўлам ІІ кс. Віктар Гайдукевіч заклікаў «ажыўляць у сабе ўсведамленне радасці быцця кансэкраванай асобай» і заставацца ў цеснай сувязі з Хрыстом, каб мець «шанец адкрываць людскія сэрцы на радасць».

Трэба ўмець засмуціцца над уласным жыццём

У другім дакладзе, які падрыхтаваў кс. Алег Грыгaровіч SAC, ішла гаворка пра смутак.

«Смутак, які вядзе да навяртання», «смутак — у імя вернасці Богу», «смутак, які нараджаецца ў чалавека, які перажывае розныя складанасці», «смутак — па прычыне граху», «смутак, які нараджаецца з пераследу» — некаторыя з падтэмаў, на якія звярнуў увагу дакладчык.

Святар адзначыў асаблівую каштоўнасць «Божага смутку», які вядзе да Збаўцы. «Трэба ўмець засмуціцца над уласным жыццём, умець сустрэцца з сабою, — адзначыў святар. — Добра ж перажыты смутак — гэта ўзыходжанне на вышэйшы ўзровень нашай асобы, таму важна ўмець дапусціць яго ў сваім жыцці і не баяцца гэтага».

Таксама дакладчык распавёў пра смутак, які назваў «смуткам гэтага свету, што вядзе да смерці». Смутак, які з’яўляецца «не чым іншым як пажадлівасцю ўлады, лёгкага жыцця, ігнаравання Божай волі». Менавіта такая «незаспакоеная пажадлівасць» прывяла да самагубства Юду, які патрапіў у пастку.

Таксама святар падкрэсліў ролю другой асобы ў перажыванні гэтага засмучэння, якой можа быць сябар, духоўны айцец або псіхатэрапеўт.

Пасля другога даклада адбыўся супольны абед, а пазней усе разам сабраліся ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Каб нават мінанне жыцця было радасным

Трэці даклад сімпозіума на тэму адыходу, альбо «мінання чалавечага жыцця», прачытаў а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС.

Дакладчык прывёў шмат прыкладаў з літаратуры, дзе апісваецца паступовае мінанне чалавечага жыцця, набліжэнне да смерці, падкрэсліўшы, што і «мінанне можа быць радасным, калі перажываць яго ў асэнсаванні Уваскрасення».

Таксама дакладчык адзначыў, што вельмі часта той момант, калі чалавек пачынае ўсведамляць сваё мінанне, ці паступовае набліжэнне смерці, можа стаць хвілінай перамянення і асэнсавання таго, як хочацца жыць паўнатой, якую дае Езус Хрыстус.

Сустрэча скончылася малітвай, і, як адзначыў і Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, яна павінна стаць пачаткам сістэматычных сустрэч, падчас якіх кансэкраваныя асобы змогуць збірацца разам, каб адчуваць важнасць супольнасці і сумеснага прабывання на своеасаблівым «духоўным пасілку» дзеля ўмацавання і натхнення на служэнне Богу і чалавеку, абмеркавання праблем і пытанняў, а таксама іх сумеснага вырашэння і абмену досведам і радасцю паклікання, якое ўвесь час патрабуе абуджэння, адраджэння і ўмацавання.

Аксана Ючкавіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.