Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
200 гадоў з дня нараджэння св. Яна Боско адзначылі ў Мінску
Беларусь
16.08.2015 18:39

Святкаванне 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско — галоўную ўрачыстасць юбілейнага года для Салезіянскай сям’і — адзначылі 16 жніўня ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.

Юбілейны год для Салезіянскай сям’і пачаўся ў верасні 2014 года адкрыццём новага араторыя ў Бараўлянах. Таксама ў юбілейны год у салезіянскіх дамах па ўсёй Беларусі праходзілі галоўныя салезіянскія святы з удзелам супольнасцяў і моладзі з усёй краіны, выйшаў зборнік салезіянскіх малітваў і навэн на беларускай мове, праводзілася шмат творчых конкурсаў. 

Гонарам і радасцю для салезіянскай супольнасці стала і пасвячэнне новага дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.

Святая Імша на завяршэнне юбілейнага года з удзелам трох біскупаў — дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB і Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча — у будынку новага касцёла, які яшчэ будуецца, сабрала мноства парафіян, гасцей і сяброў духоўнасці св. Яна Боско. 


«Святы Ян Боско — рэвалюцыянер у галіне выхавання моладзі»

Мітрапаліт нагадаў у сваёй гаміліі пра этапы святкавання Юбілею 200-годдзя нараджэння св. Яна Боско. Першым з іх, паводле слоў іерарха, стала перэгрынацыя рэліквій гэтага святога па святынях нашай краіны ў жніўні 2013 г., калі апякун і выхаваўца моладзі ў сваіх рэліквіях наведаў Беларусь, як адну з 130 краін, якія далучыліся да сусветнай перэгрынацыі яго рэліквій. 

Падчас перэгрынацыі, нагадаў Мітрапаліт, было абвешчана аб стварэнні Беларускай дэлегатуры салезіянаў: «гэтым самым супольнасць салезіянаў у Беларусі атрымала свой кананічны статус, што стварае новыя магчымасці для яе развіцця».

Другім этапам, як адзначыў арцыбіскуп, стала асвячэнне араторыя св. Дамініка Савіё 20 верасня 2014 г. у Бараўлянах. Трэцім этапам — літургічная ўрачыстасць св. Яна Боско, якая адбылася 1 лютага 2015 г. у Смаргоні; чацвёртым — урачыстасць Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Дзятлаве 23 мая 2015 г. (святы быў прыхільнікам Маці Божай). Пятым этапам стаў Дзень адзінства салезіян у калысцы салезіянскай харызмы ў пасляваеннай Беларусі — в. Жупраны. Ён адбыўся 20 чэрвеня 2015 г. і быў прысвечаны разважанням аб Слузе Божай Маргарыце Ок’ена — маці і настаўніцы св. Яна Боско, першым супрацоўніку ля вытокаў Салезіянскай сям’і.  

«Сучасная культура становіцца ўсё больш і больш скептычнай і нават цынічнай адносна Бога, духоўнасці, сям’і, самаахвярнасці і г.д. Яна не імкнецца пазнаваць вечныя каштоўнасці, асабліва калі яны патрабуючыя. Яна таксама вельмі недаверлівая і пагардлівая да людзей, якія жывуць і паміраюць дзеля пэўнага ідэалу.

Яна імкнецца пераканаць чалавека, асабліва маладога, што лічыцца толькі матэрыяльны і сацыяльны поспех: рахунак у банку, смартфоны, папулярнасць у фэйсбуку і г.д., — працягваў Мітрапаліт. — Як 200 гадоў таму, у часы св. Яна Боско, чалавецтва, асабліва моладзь, было занепакоена сваім лёсам і будучыняй, так ёсць і цяпер, бо кожны час мае свае выклікі і на іх трэба адказваць». 

«Калі б святы Ян Боско жыў у наш час, ён атрымаў бы Нобелеўскую прэмію» 

«Сёння, адзначаючы Юбілей 200-годдзя нараджэння св. Яна Боско, мы з удзячнасцю яго ўспамінаем. Дзякуючы гэтаму Богам пакліканаму да спецыяльнай місіі святому было заснавана Таварыства св. Францішка Сальскага, перад усім з мэтай выхавання маладога чалавека. Дон Боско не аддаў сваё жыццё на поле ваенных дзеянняў, як гэта ўчынілі героі многіх нацый, але аддаў яго ў імя вельмі годнай місіі выхавання маладога чалавека. У адказ на Божае натхненне ён цалкам прысвяціў сябе маладым людзям, каб падрыхтаваць іх да дарослага жыцця і ўчыніць шчаслівымі і святымі», — сказаў іерарх.

Паводле слоў арцыпастыра, «калі б святы Ян Боско жыў у наш час, то з упэўненасцю можна казаць, што ён атрымаў бы Нобелеўскую прэмію ў галіне выхавання моладзі і сацыяльнай працы». 

Дзеці ў яго араторыях, нагадаў Мітрапаліт, вучыліся не толькі спецыяльнасці, але і малітве і катэхізісу.

«Яго эўхарыстычная і марыйная пабожнасць, служэнне людзям у сакрамэнце пакаяння і клопат аб выхаванні маладога пакалення – гэта ключ да разумення яго спадчыны», — адзначыў арцыпастыр.

Звяртаючыся да салезіянскай супольнасці ў Беларусі, арцыбіскуп сказаў: «Разам з вамі дзякую Богу за асобу св. Яна Боско — гэтага рэвалюцыянера ў галіне выхавання моладзі. Дзякуючы вашай дзейнасці як быццам сам святы Ян Боско прайшоў па атэізаванай цягам трох пакаленняў Беларусі і таксама па многіх іншых краінах былога Савецкага Саюза, каб засяродзіцца на хрысціянскім выхаванні моладзі і на новай евангелізацыі», — падкрэсліў Мітрапаліт.
 

Напрыканцы святой Імшы да прысутных звярнуўся таксама Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі манс. Філіппо Чампанэллі, які ў хуткім часе заканчвае сваё служэнне ў Беларусі. Святар шчыра падзякаваў за сваё служэнне ў Беларусі і пажадаў беларускім вернікам не спыняцца ў духоўным узрастанні на шляху да вечнага жыцця.

Пасля Імшы ўсіх удзельнікаў вялікай урачыстасці чакала насычаная забаўляльная праграма, падчас якой кожны салезіянскі араторый у Беларусі прадставіў сваю прэзентацыю. Прысутныя на ўрачыстасцях біскупы атрымалі ў падарунак ад моладзі білеты на верталётную экскурсію «Мінск-Мір-Нясвіж».

200-годдзе з дня нараджэння св. Яна Боско супала з 25-годдзем адраджэння дзейнасці салезіян у Беларусі, таму ўрачыстасці 16 жніўня сталі двайным святам. 

 (AG), (ILS) 

Фота Аляксандры Шчыглінскай 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.