Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння. Live з Бундэстага: 15 хвілін малітвы з палітыкамі
Беларусь
26.08.2015 21:08
Ці ёсць час на малітву ў палітыкаў? Аб тым, як праходзяць набажэнствы ў нямецкім парламенце і хто прымае ў іх удзел — у новым выпуску «Хрысціянскага сёння».
 
Нямецкі парламент пры першым знаёмстве здзіўляе не толькі вонкавым выглядам будынкаў, але і сістэмай працы. Тут любы турыст у складзе экскурсійнай групы можа трапіць у пленум Бундэстага, ды й выпадкова сустрэць у калідоры каго-небудзь з міністраў…
 
 
Ёсць у Бундэстагу месцы і зусім не звязаныя з палітыкай. Сталовая, спартыўная зала і …зала для набажэнстваў. Да апошняй больш падрабязна і прыгледзімся.
 
15 хвілін — 900 секунд цішыні і малітвы
 
Праца нямецкіх парламентарыяў залежыць ад канкрэтнага тыдня. У чымсьці гэта нагадвае ўніверсітэцкі расклад для студэнтаў: ёсць тыдні лекцыйныя, а ёсць — семінарскія. 
 
Падобна і тут: «лекцыйны» тыдзень больш лёгкі — дэпутат працуе ў сваёй выбарчай акрузе, а на «семінары» прыязджае ў Бундэстаг, бярэ ўдзел у парламенцкіх пасяджэннях, абмяркоўвае і галасуе за праекты законаў.
 
Самыя напружаныя «семінарскія» ў Бундэстагу — чацвер і пятніца. У гэтыя дні ў пленуме кіпяць сапраўдныя жарсці: даклады фракцый, дэбаты, галасаванні...
 
А яшчэ кожны чацвер і пятніцу падчас тыдня пасяджэнняў для дэпутатаў арганізуюцца спецыяльныя ранішнія набажэнствы. 
 
Набажэнства доўжыцца 900 секунд. Гэтыя 15 хвілін малітвы служаць добрым пачаткам перад напружаным днём. Набажэнства пачынаецца ў 8.40. Але і за паўгадзіны да пачатку ў пакоі ўжо можна пачуць арган: берлінскі арганіст Хрысціян Шліке паўтарае спевы для набажэнства.
 
На высокіх драўляных крэслах (у кожным шэрагу — па шэсць штук) ужо выкладзены ноты сённяшніх спеваў. Там жа ўказана, хто будзе «праводзіць» набажэнства, чым адметны гэты дзень у літургічным календары, а таксама парадак набажэнства.
 
 
 
Наперадзе запалена вялізная свечка, вонкава вельмі падобная на пасхал, а на ўваходзе можна перахрысціцца святой вадой. Калі б тут яшчэ стаялі спавядніцы, віселі абразы і, што самае галоўнае, быў бы прэзбітэрый з прыкрытай Гостыяй, можна было б падумаць, што гэты «пакой для набажэнстваў» — сапраўдная хрысціянская святыня.
 
Апошнія матэрыялы рубрыкі:
Гэты пакой для набажэнстваў у Бундэстагу з’явіўся ў 1999 годзе. Прызначаны для экуменічных набажэнстваў і медытацый, сваю вядомасць ён атрымаў дзякуючы цікавым інсталяцыям мастака Гюнтара Уэкера. 
 
 
У іх мастак метафарычным спосабам паспрабаваў перадаць атмасферу хрысціянства: на васьмі вялікіх плітах змешчана вялікая колькасць цвікоў, фарбы, пяску і попелу. Усё гэта спалучана паміж сабой і вывешана на сценах пакоя. На некаторых плітах цвікі ўбіты ў форме крыжа. Гэты пакой называюць у Бундэстагу месцам «дыялогу паміж рэлігіямі».
 
600 дэпутатаў і 12 чалавек 
 
Тым часам за дзесяць хвілін да пачатку набажэнства сюды прыходзіць і першы дэпутат. Ён вешае сушыцца свой плашч, адстаўляе ў кут парасон і, у ахапку з вялікім партфелем, праціскваецца паміж шэрагамі ў канец залы, дзе і займае сваё месца.  
 
Прымасціўшы партфель ля крэсла, мужчына некаторы час стаіць нерухома, заплюшчыўшы вочы, і засяроджана аб нечым думае. Затым ён робіць знак крыжа, бярэ з крэсла лісток з нотамі і бясшумна сядае.
 
Паступова прыходзяць і іншыя мужчыны і жанчыны. За хвіліну да пачатку ў зале збіраецца 12 чалавек — парламентарыі і супрацоўнікі Бундэстага. З больш чым 600 дэпутатаў і іх падначаленых на малітву прыйшло толькі 12.
 
 
Набажэнства пачынаецца са спеву. Пасля таго, як арган сціхае, у пакоі на нейкі час усталёўваецца цішыня. Роўна да таго моманту, як да трыбуны-«амбоны» падыходзіць адзін з дэпутатаў, які і будзе кіраваць набажэнствам. Сёння гэта Карл Швіверлінг з фракцыі хрысціян-дэмакратаў, былы сакратар дыяцэзіі Мюнстэра.
 
Прамоўца робіць знак крыжа і зачытвае прысутным чытанне з Евангелля. У гэты час я спрабую зрабіць некалькі здымкаў, але адна з тэхнічных супрацоўніц Бундэстага, адказная за парадак, робіць мне заўвагу: здымаць нельга.
 
«Людзі, якія прыходзяць сюды, спрабуюць сабрацца з думкамі перад важным днём. І кожны гук ад зробленага вамі здымка ім перашкаджае».
 
Я кладу камеру назад у чахол і займаю сваё месца. У гэты час Карл Швіверлінг пачынае сваю «гамілію» на аснове толькі што прачытанага чытання. Людзі ўважліва слухаюць — выступоўца спрабуе прывязаць словы з Евангелля да штодзённых сітуацый, з якімі сутыкаюцца ў Бундэстагу дэпутаты…
 
Напрыканцы — супольная малітва «Ойча наш». Кожны ведае малітву на памяць. У пэўны момант галасы прысутных зліваюцца, і кожнае вымаўленае слова далятае да вуха з падвойнай гучнасцю.
 
На гадзінніку 8.55. Малітва скончылася, і толькі адзінкі засталіся пасля «набажэнства» для асабістай малітвы, з засяроджанасцю ўглядаючыся ў крыж з цвікоў мастака Гюнтэра Уэкера на сцяне.
 
Праз хвіліну пакой апусцее. У Бундэстагу пачынаецца новы дзень — парламентарыі збіраюцца ў пленуме на абмеркаванне чарговага законапраекта.
 
Ілья Лапато, фота аўтара і з сайта lto.de
 
Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript  
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.