Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння: Вялікдзень у Празе
Беларусь
08.04.2015 13:35

Вялікдзень… Свята аднаўлення, вызвалення ад граху, свята надзеі, што адкрывае дарогу жыцця, адказ Бога на пытанне чалавека. Свята бязмежнай любові…

У беларускай і чэшскай мовах па-рознаму перадаецца сэнс галоўнага свята ўсіх хрысціян. У чэхаў гэта радасць ад Уваскрасення Збаўцы, час, калі кардынальна змяняецца ход гісторыі, ноч перамяняецца, асвятляецца найвялікшым цудам, сапраўды Вялікая ноч (Velikonoce). Беларусь радуецца перамозе над грахом, аднаўленню, пачатку новага жыцця ў еднасці з Богам. Паўстае новы дзень — і, як гэта выдатна падкрэслівае наша мова — паўстае Вялікдзень.

Найбольш поўна перажываецца, безумоўна, ноч. Цемра, доўгае чаканне цуда, супольная малітва, запальванне свечак і радаснае  «Aleluja! Пан уваскрос! Езус жыве! Ззяе праменнем ноч!»

Дзень — гэта радасць, прабыванне ў бязмежнай падзяцы і любові да Бога, спакой і святло велічнай навіны. Кожны год гэты дзень пражываецца па-рознаму, але звычайна ва ўтульнай кампаніі сяброў, з якімі радасць толькі ўзмацняецца адчуваннем еднасці. У гэтым годзе не было вялікай кампаніі, супольнага святкавання, малітвы па-беларуску. Затое ўзнікла магчымасць прабыць гэты дзень у іншым горадзе і зусім іншай культуры святкавання. І так, па волі выпадку, 5 красавіка я апынулася ў Празе.


У адрозненне ад Беларусі ў Чэхіі існуе цэлая культура святкавання Вялікадня, традыцыі, што не змяняліся на працягу стагоддзяў ці звычкі зусім новыя, набыткі XX ст., што з’явіліся, дзякуючы камерцыянізацыі святаў. Галоўнае, што такога відавочнага парушэння пераемнасці не адбылося, тым самым захавалася і развілася культура масавага святкавання Вялікадня ў гарадах.

У Чэхіі распаўсюджаны святочныя кірмашы, што адкрываюцца за некалькі дзён да пачатку падзей. Чаго тут толькі не пабачыш! Распісаныя мініяцюрныя велікодныя яйкі, вырабы мясцовых майстроў, пачынаючы ад мыла і скончваючы марцыпанам і сырам, печыва, што выпраменьвае дзівосны пах. Традыцыйнае для Чэхіі велікоднае дрэва. Вар’яцкія ўпрыгожванні ў выглядзе велізарных яек. Нават восліка пакарміць з рукі можна. А яшчэ абавязкова будзе музычнае суправаджэнне ад аднаго-двух спевакоў!

У гэты дзень Прага святкавала разам з усімі. Абноўленая, нібыта адмыслова расфарбаваная з нагоды адзначэння ўсеагульнай радасці. Панаванне колераў: лазурова блакітнае неба, ружовыя кветкі, усе магчымыя колеры і адценні пасхальнага дрэва, стужак, святочных строяў. Цацачны касцёл на галоўнай плошчы. Казачная сталіца ў гэты дзень непадобная да таго пахмурнага і непрыветнага горада, што сустрэў тыдзень назад. Здавалася, што Прага радавалася з усімі і ад гэтага яе хараство ззяла больш, чым звычайна.

Але, безумоўна, галоўная падзея ў гэты дзень — святая Імша. І тут Прага адыходзіць ад сваіх «традыцый». На жаль, у звычайны час сярод велізарнай колькасці касцёлаў цяжка знайсці дзеючы. Або яны перададзены пад бізнес, або пад канцэртныя залы, або дзейнічаюць у якасці турыстычных аб’ектаў, дзе Імшы цэлебруюцца раз на тыдзень. Але не так было 5 красавіка! Храмы ў гэты дзень напоўніліся гімнам хвалы Бога. Амаль кожны касцёл мог адчуць сябе «жывым», бо нарэшце выконвалася ў ім тое, для чаго ён і быў прызначаны.


Натоўпы турыстаў спаланілі горад. Італьянцы, іспанцы, французы. Шчаслівыя, яны маглі наведаць Імшу на роднай мове. Для мяне ж найбольш блізкай была чэшская, на яе і накіравалася.

Імша стала апагеем гэтага дня. Святочная, але разам з тым адчувалася ўтульнасць. Пасля Імшаў у катэдральным касцёле Пльзня разам з біскупам, дзе было ўсё афіцыйна, у маленечкім касцёле Панны Марыі Пераможцы (Chrám Panny Marie Vítězné), здавалася, што апынуўся ў кампаніі сяброў, было вельмі цёпла і радасна. А калі выйшла з касцёла, то яшчэ доўга ляжалі на сэрцы словы з гаміліі святара: «Вялікдзень — свята адказу Бога на пытанне чалавека, свята бязмежнай любові, свята надзеі, што адкрывае дарогу жыцця».

Тэкст падрыхтавала Кацярына Парыжаская
Фота Кацярыны Парыжаскай, Веры Пінчук

 Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Таксама ў рубрыцы:

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.