Пра місіі ў Паўднёвай Карэі і асаблівасці каталіцтва ў гэтым рэгіёне ў чарговым выпуску «Хрысціянскага сёння» распавядае кс. Юрый Пракапюк, вікарый баранавіцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
Святар прыгадвае, што ўпершыню пра місіі ён задумаўся яшчэ ў семінарыі. Аповеды святароў і манахінь, якія, вяртаючыся з місій, наведвалі семінарыю, так яго захаплялі, што неўзабаве семінарыст і сам «загарэўся» ідэяй стаць місіянерам. «Кожны семінарыст можа напісаць просьбу аб практыцы ў канкрэтнай місійнай краіне, — распавядае кс. Юрый Пракапюк. — Я так і зрабіў. Пасля другога курса вучобы ў семінарыі я выклікаўся паехаць на місіі. Тады я яшчэ не ведаў, што маёй місійнай краінай стане Паўднёвая Карэя».
— Як кіраўніцтва семінарыі адрэагавала на Вашу просьбу? — Усё атрымалася. Маю просьбу зацвердзілі, і новы навучальны год я распачынаў ўжо ў Італіі. Там я павінен быў рыхтавацца да місій і вучыць мову. Я быў перакананы, што буду рыхтавацца да працы ў Афрыцы, але праз нейкі час мне прапанавалі паехаць у Паўднёвую Карэю.
План фармацыі быў просты: вывучэнне карэйскай мовы і тэалогіі ва ўніверсітэце побач з Цэнтрам дапамогі эмігрантам. Місійная праца павінна была распачацца пасля заканчэння вучобы. У планах была пабудова свайго, незалежнага Цэнтра дапамогі і закладка новай капліцы — парафіі. Акрамя вучобы, час ад часу трэба было выконваць дробныя гаспадарчыя заданні. — Як пачыналася Ваша знаёмства з карэйскай мовай? — Чакаючы візу, я некалькі месяцаў правёў у Рыме на курсах англійскай і карэйскай моваў. Найбольш, вядома, удзяляў увагу карэйскай мове. Першыя ўрокі мне давала спадарыня Парк — карэянка, якая ўжо шмат гадоў разам з сям’ёй пражыла ў Італіі. Карэйскай мы займаліся па некалькі гадзін кожны дзень, вывучаючы алфавіт і пачатковыя выразы, але я яшчэ не верыў словам выкладчыцы, якая сцвярджала, што карэйская мова («Chan Gug O») — лягчэйшая для вывучэння і прыгажэйшая за іншыя азіяцкія мовы. Як высветлілася пазней, у самой Карэі поўны курс карэйскай мовы доўжыцца паўтара гады. Авалодванне мовай прадугледжвае пяць узроўняў, кожны з якіх працягваецца тры месяцы і заканчваецца экзаменам: вусная мова, пісьмо, разуменне на слых. З першага дня настаўнікі размаўляюць са студэнтамі на занятках толькі па-карэйску…
На фота: від на каралеўскі парк у Сеуле
Мая місійная практыка доўжылася 6 месяцаў. За гэты час я скончыў ІІ узровень курса карэйскай мовы. Звычайна пасля ІІІ курса ўжо можна больш-менш дагаварыцца з карэйцамі ў нейкіх штодзённых справах — у краме, у горадзе, у службовых установах... Каб добра і спраўна размаўляць па-карэйску, трэба практыкавацца — найперш размаўляць і слухаць. Таму сёння ў памяці засталіся асноўныя веды — я магу чытаць і магу казаць базавыя звароты і сказы. Усё іншае трэба было б «асвяжыць» у памяці. — Якой Вы ўбачылі Паўднёвую Карэю: якія асаблівасці кідаюцца адразу ў вочы? — У Карэі не толькі Касцёл і яго літургія, але і ўся азіяцкая культура — ад ежы да звычаяў і традыцый — вельмі адрозніваецца ад еўрапейскай. Усё іншае і ўсё ў навінку. Таму першы кантакт з Карэяй незабыўны, поўны сюрпрызаў і ўражанняў. І ўсяму трэба вучыцца, вучыць не толькі мову, але найперш — мясцовыя традыцыі, каб не абразіць нікога паводзінамі, цалкам прынятымі ў Еўропе. Якое месца заняць пры стале, як і колькі разоў стукаць у дзверы, як падаваць ежу і як яе запраўляць, якой павінна быць пастава падчас прывітання... З аднаго боку гэта вельмі цікава і займальна, а з іншага патрабуе шмат часу і ўвагі. Ежа ў Карэі — здаровая і звычайна добра прыпраўлена, найчасцей нешта вострае і пікантнае на смак. Шмат рыбы, водарасляў, прыпраў і салаты. І, канешне, замест штодзённага хлеба -- кожны дзень рыс. Яго ядуць зранку, у абед і вечарам. Змяняецца толькі гарнір.
Гарады — прыгожыя і дагледжаныя. У кожным нават маленькім мястэчку знойдзецца некалькі маляўнічых паркаў і садоў, вытрыманых у азіяцкім стылі, — там добра прагульвацца. Хапае таксама адкрытых спартыўных пляцовак, роварных і бегавых дарожак — карэйцы шмат увагі ўдзяляюць здароўю і падтрымліваюць сябе ў тонусе.
Апрача традыцыйнай архітэктуры, увагу прыцягвае вялікая колькасць сучасных тэхналогій, пачынаючы ад ліфтаў і каструляў, якія размаўляюць, да бясплатнага вайфаю ўсюды, дзе толькі магчыма, і да першых плазменных тэлевізараў, якія ўсталяваны нават у касцёлах (!), каб кожны мог добра бачыць галоўны алтар і святара.
Вылучаецца і камфортная транспартная сістэма. Напрыклад, у Сеуле 11 ліній метро і незлічоная колькасць аўтобусаў. Гэта ўжо пасля некалькіх падарожжаў з гідам можна лёгка зразумець спосаб кампасціравання білетаў, расклад руху і патрэбныя прыпынкі.
— Ці не адчувалі Вы павышанай увагі праз іншы колер скуры? — У Сеуле людзі ўжо хіба прызвычаіліся да «белых» — студэнтаў і турыстаў з Еўропы, таму рэдка адчуваў на сабе зацікаўленасць мясцовых. А вось у меншых гарадах наадварот: уваходзячы ў магазін, стоячы ў чарзе ці будучы ў якойсьці ўстанове, карэйцы могуць і зацікавіцца нетыповым госцем. Але без агрэсіі ці хамства, хутчэй з цікавасцю і належнай зычлівасцю. Могуць зачапіць у кавярні ці на вуліцы, запрасіць на каву — і ўсё толькі для таго, каб некалькі хвілін паразмаўляць і на развітанне зрабіць фотаздымак на памяць (усміхаецца — заўв. аўт.).
— Чым адрозніваюцца паміж сабой беларусы і карэйцы, калі гэтае адрозненне ёсць?
— Еўрапейцы, якія жывуць у Карэі ўжо некалькі гадоў, кажуць, што карэйцы сваёй ментальнасцю, стылем жыцця і адказнасцю больш падобныя да немцаў. Звычайна яны вельмі дакладныя, працавітыя, пунктуальныя, памятаюць і шануюць гісторыю свайго краю, не саромеюцца сваіх звычаяў і традыцый. Вельмі моцны акцэнт у выхаванні палягае на шанаванні старэйшых — настаяцеляў, бацькоў, дырэктараў.
На фота: з універсітэцкай групай пасля экзаменаў
У граматыцы мовы нават прапісана адмысловая форма звароту да бацькоў і старэйшых асобаў, якая выражае павагу (як наша форма «Вы»). Калі хтосьці з моладзі не ўжывае гэтую форму ў гутарцы з бацькамі, то лічыцца дрэнна выхаванай асобай або нават псіхічна хворым.
— Ці сустракалі Вы там прадстаўнікоў Паўночнай Карэі, якім удалося ўцячы на поўдзень Карэі?
— Падчас свайго побыта ў Паўднёвай Карэі не меў магчымасці сустрэцца з карэйцамі з Поўначы, а калі нават і былі такія сустрэчы, то абсалютна спантанна і выпадкова. Галоўным чынам мы дапамагалі эмігрантам з Філіпін, часам з В’етнама. Таксама шмат чуў ад святароў аповедаў і навучанняў аб жыцці паўночных карэйцаў. Касцёл у Паўночнай Карэі пераследуецца і моцна кантралюецца палітычнымі ўладамі. Дакладна не ведаю, колькі там знаходзіцца касцёлаў і святароў, годна пасвечаных, і ці ўвогуле яны ёсць. Вясельная цырымонія ў Карэі:
{gallery}2015-02-16-korea{/gallery} За некалькі месяцаў да майго прыезду ў Карэю адна польская супольнасць выслала на Поўнач місіянера з мэтай закладання сталоўкі для ўбогіх. На той час гэта быў адзіны місіянер, які атрымаў дазвол на працу ў Паўночнай Карэі. На фота: фігура Маці Божай у дворыку сеульскага ўніверсітэта, заснаванага тут езуітамі
Пазней я даведаўся, што ў дзень, калі павінна была быць адпраўлена першая Імша таго святара і ўрачыста адкрыта сталоўка, улады не дазволілі людзям прыйсці ў касцёл. А ў СМІ пра гэты выпадак было пададзена скупая інфармацыя, што мясцовыя хрысціяне не з’яўляюцца зацікаўленымі ў гэтай дапамозе і якойсьці місійнай падтрымцы, таму і не прыйшлі прывітаць святара.
— Якім Вы ўбачылі Каталіцкі Касцёл у Паўднёвай Карэі?
— Гісторыя Касцёла ў Карэі з многіх прычын выклікае павагу. Першым місіянерам, які прыбыў у Карэю з Евангеллем, быў не святар, а свецкая асоба — супрацоўнік карэйскага пасольства ў Пекіне. Напрыканцы XVIII стагоддзя, прыняўшы хрост ад езуіцкіх місіянераў, якія ў той час знаходзіліся пры царскім двары, ён перадаваў у Карэю першыя хрысціянскія рэлігійныя часопісы, выдаваныя ў Кітаі.
Першыя хрысціяне ў Карэі, не атрымаўшы адпаведнай хрысціянскай фармацыі, у добрай веры самі прызначалі сябе святарамі, адпраўлялі Эўхарыстыю і ўдзялялі сакрамэнты. А ведаючы, што лакальны Касцёл павінен узначальваць біскуп і каб трымацца гэтай традыцыі ў сябе, карэйцы самі выбралі сабе біскупа…
На фота: прыклад дамавога алтара
І калі праз пэўны час святары ў суседнім Кітаі, даведаўшыся пра такі стан рэчаў, зрабілі суседзям заўвагу, то карэйцы ў сваім адказе, захоўваючы вернасць Хрысту і Касцёлу, папрасілі аб святарах…
Але толькі праз шмат гадоў чакання першы каталіцкі святар прыбыў у Карэю. Гэта адбылося ў 1794 годзе. У той час акрамя крывавых і жорсткіх пераследаванняў у Краіне цудоўных гор было ўжо некалькі тысяч хрысціян. Наступныя дзесяцігоддзі для карэйскага Касцёла ажно да канца XIX азнаменаваліся доўгім крывавым пераследам, стараннем атрымаць новых святароў і клопатам пра захаванне веры і хрысціянскай традыцыі…
Гледзячы на гісторыю Касцёла ў Карэі, разумееш, што ад добрай волі звычайных людзей залежыць вельмі шмат. Не толькі святары і манахіні ўтвараюць Касцёл і адказныя за яго. Калі б свецкія вернікі — звычайныя людзі — не клапаціліся пра развіццё і падтрымку веры, не баранілі веру ў Хрыста ажно да праліцця крыві — то невядома, як бы павярнуліся лёсы хрысціян на тых тэрыторыях. Сёння ў Карэі каля 5, 5 мільёнаў католікаў (гэта каля 11 працэнтаў жыхароў), і гэтая лічба пастаянна расце. Нягледзячы на тое, што асноўнай рэлігіяй у краіне з’яўляецца будызм (каля 12 мільёнаў вернікаў), карэйцы ставяцца з вялікай пашанай да Касцёла, да святароў і манахінь. Праз увесь час майго прабывання ў Карэі я не сустрэў агрэсіі і не чуў ні пра якія канфлікты паміж некатолікамі і католікамі. Мясцовыя місіянеры расказвалі, што тая павага ў нейкай ступені звязана з тым, што карэйцы памятаюць пра дапамогу, аказаную ім Каталіцкім Касцёлам падчас розных эканамічных крызісаў. На фота: від на каралеўскі парк у Сеуле
Пасля ІІ Сусветнай вайны Карэя некалькі гадоў, з 1950 па 1953 гг., была аслаблена грамадзянскай вайной. Канфлікт скончыўся падзелам краіны на поўнач і поўдзень.
Гэта быў час, калі межы былі адчынены для місіянераў, і католікі зрабілі значны ўклад у развіццё рэлігіі і адукацыі Паўднёвай Карэі: былі адкрыты некалькі ўніверсітэтаў, шырока распаўсюджвалася дабрачынная і эўхарыстычная дзейнасць. Карэйцы — вельмі ўдзячная нацыя, якая памятае пра сваю гісторыю і традыцыі. У гэтым з іх варта браць прыклад. Апрацаваў Ілья Лапато Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Таксама ў рубрыцы:
|