Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння: тры факты з жыцця баварскага Фрайзінга
Беларусь
19.11.2014 17:33

50-тысячны горад Фрайзінг у нямецкай Баварыі распавядае гісторыю вучобы Папы Бэнэдыкта XVI і знаёміць з дабрачыннай арганізацыяй «Рэнавабіс». Рубрыка «Хрысціянскае сёння» — пра хрысціянства ў Беларусі і за мяжой.

Фрайзінг здзіўляе не толькі сваёй архітэктурай — падчас Другой сусветнай вайны горад амаль не пацярпеў, — але перадусім сваім шармам. Шматлікія вузкія вуліцы, дамы з чарапіцай і трохвугольнымі дахамі ствараюць сапраўдную атмасферу двухвекавой даўніны.

Баварыя — рэгіён, адметны ва ўсім. Тут не толькі «сваё» вымаўленне, свая кухня і сваё нацыянальнае адзенне (жаночы «дзірндл» і мужчынскі «трахтэн»), але і свая Баварская Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў, якая працуе асобна ад Нямецкай Біскупскай Канферэнцыі.

Факт першы: Фрайзінг і каталіцтва

Фрайзінг уваходзіць у склад Мюнхенска-Фрайзінгскай архідыяцэзіі і, нягледзячы на тое, што біскупскі пасад знаходзіцца ў Мюнхене, менавіта ў Фрайзінгу атрымліваюць прэзбітэрскае пасвячэнне семінарысты.

Адметны горад і тым, што пры сустрэчы зусім незнаёмы чалавек можа прывітаць цябе словамі «Хвала Хрысту!» (Gruss Gott).

Такая форма прывітання настолькі ўвайшла ў зварот па ўсёй Баварыі, што пачуць яе можна ад вакзала да кафэ ў турэцкім квартале. А ў Берліне па гэтай фразе могуць нават адразу сказаць, што вы з Баварыі — для іншых частах Германіі зварот Gruss Gott не характэрны.

Вялікую папулярнасць мае ў Баварыі нацыянальны касцюм. І Фрайзінг у гэтым плане не выключэнне.

На яго вуліцах даволі часта можна пабачыць жанчын, апранутых у «дзірндл» (жаночая сукенка з карсетам і фартухом), і мужчын у «трахтэне» (скураныя шорты, якія спалучаюцца з цёплымі гольфамі, камізэлькай і кашуляй у клетку). Прычым ходзяць у нацыянальных строях не толькі дарослыя, але і дзеці.

Школьнікі выпускных класаў, фатаграфуючыся для выпускнога альбома, таксама апранаюць нацыянальныя строі.

Ходзяць у такіх строях і на нядзельную Імшу. Звычайна «нядзельны» строй вылучаецца найбольш прыгожымі «дзірндламі» і «трахтэнамі». У Фрайзінгу ў нацыянальных строях на Імшу прыходзяць часам нават цэлымі сем’ямі. Усе настолькі да гэтага прывыклі, што, пабачыўшы такую сям’ю, ніхто не здзіўляецца.

Па-асабліваму праходзяць у Фрайзінгу і вяселлі. Вянчанню папярэднічае ўрачыстае шэсце маладых у суправаджэнні аркестра праз галоўную вуліцу горада. Пры гэтым будучыя сужэнцы, як і музыканты аркестра, апранутыя ў нацыянальныя строі. Пасля заканчэння шэсця аркестр «падводзіць» маладых да касцёла, перад якім іх ужо чакае святар і міністранты.

У горадзе з 50-тысячным насельніцтвам 17 дзеючых касцёлаў і капліц. Імшы на сваёй мове тут праводзяць супольнасці з Харватыі, Польшчы і Партугаліі.

Горад практычна не пацярпеў у вайну. Фота з адкрытых крыніц

Адметны Фрайзінг і кляштарам Ваенштэфан, на тэрыторыі якога знаходзіцца адна са старажытнейшых піваварняў у свеце.
Галоўная ж славутасць горада — катэдральны касцёл св. Марыі і св. Карбініяна. Катэдра ўваходзіць у адзін архітэктурны комплекс разам з былой каталіцкай семінарыяй, у якой вучыўся будучы Папа Рымскі — Ёзаф Ратцынгер.

Сёння ў адным з будынкаў былой семінарыі знаходзіцца адукацыйны цэнтр архідыяцэзіі. У іншым будынку ўладкаваны музей сакральнага мастацтва, які па каштоўнасці сваёй экспазіцыі лічыцца другім у свеце каталіцкім музеем пасля ватыканскіх музеяў у Рыме.

У адукацыйным цэнтры Мюнхенска-Фрайзінгскай архідыяцэзіі, вядомым таксама як дом кардынала Домпнера, двойчы на год збіраецца пасяджэнне Баварскай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў.

Факт другі: Папа Бэнэдыкт XVI і семінарыя ў Фрайзінгу

14 верасня 2006 года Фрайзінг наведаў Папа Бэнэдыкт XVI: у 1945-47 гг. ён вывучаў у мясцовай семінарыі філасофію. Вывучэнне тэалогіі тады праходзіла ў Мюнхене. Апошнія месяцы перад прэзбітэрскім пасвячэннем будучы Пантыфік таксама правёў у Фрайзінгу.

Пасля прэзбітэрскага пасвячэння будучы Папа працаваў спачатку як душпастыр у Мюнхене, а з кастрычніка 1952 года — зноў у Фрайзінгу, гэтым разам як дацэнт духоўнай семінарыі.


Папа наведвае катэдру Фрайзінга, 2006 год. Фота Томаса Шумана

Паралельна кс. Ёзаф Ратцынгер працаваў над доктарскай дысертацыяй у мюнхенскім універсітэце.

У 1954-55 гадах святар прадстаўляе кафедру дагматыкі і фундаментальнай тэалогіі ў вышэйшай школе Фрайзінга. У той час пуставала адна з кватэр для выкладчыцкага персаналу ў Фрайзінгу, дзе часова і пасяліўся будучы Папа. Ян узгадваў пасля Пантыфік, гэта давала яму магчымасць «запрашаць у Фрайзінг тату і маму».

1 студзеня 1958 года кс. Ёзаф Ратцынгер быў прызнаны прафесарам дагматыкі і фундаментальнай тэалогіі вышэйшай школы ў Фрайзінгу. Пазней працуе ў якасці выкладчыка вышэйшай школы ў Мюнстары, Цюбінгене і Рэгенсбургу.

У сакавіку 1977 года кс. Ёзафа Ратцынгера Папа Павел VI прызначыў арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга, што ўзмацніла яго сувязь з горадам. У чэрвені 1977 года Ратцынгер атрымаў тытул кардынала.

Кардынал часта бываў у Фрайзінгу, і ў першую чаргу, ўдзяляючы прэзбітэрскія пасвячэнні. Таксама Ратцынгер выконваў функцыі старшыні Баварскай Канферэнцыі Біскупаў.

Папа наведвае катэдру Фрайзінга, 2006 год. Фота Томаса Шумана

У цэнтры — брат Бэнэдыкта XVI кс. Георг Ратцынгер. 2006 год.
Фота Томаса Шумана

25 лістапада 1981 года кардынал Ёзаф Ратцынгер быў выбраны прэфектам Кангрэгацыі веравучэння і ў лютым наступнага года развітаўся з архідыяцэзіяй. Горад Фрайзінг уручыў кардыналу залаты медаль ганаровага жыхара горада.

Пасля выбрання на Пятровы Пасад Папа Бэнэдыкт XVI наведаў Баварыю ў верасні 2006 года. На заканчэнне свайго візіту Пантыфік завітаў і ў Фрайзінг. Тады на вуліцах горада яго віталі тысячы гараджан.

Для Фрайзінга візіт Пантыфіка застаецца падзеяй, якая надае гораду вялікую гістарычную і культурную каштоўнасць.

Факт трэці: Фрайзінг і бюро «Рэнавабіс»

Сёння ў Фрайзінгу знаходзіцца і вядомая беларускім хрысціянам дабрачынная арганізацыя «Рэнавабіс» — акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з людзьмі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Беларускія святары на міжнародным кангрэсе «Рэнавабіс»,
2014 год. Фота Ільі Лапато.

Беларусь уваходзіць у лік 29 краін, з якімі супрацоўнічае «Рэнавабіс». Сярод праектаў, якія падтрымлівае «Рэнавабіс» у Беларусі — праекты па ўзнаўленні фізічнай інфраструктуры (будаўніцтва касцёлаў і цэркваў, моладзевых цэнтраў і інш.), а таксама шэраг дабрачынных сацыяльных праектаў, падтрымка каталіцкіх СМІ і дапамога ў фінансаванні адукацыі праваслаўных  тэолагаў.

Штогод у Фрайзінгу праходзіць і міжнародны кангрэс «Рэнавабіс», на якім традыцыйна прысутнічае і беларуская дэлегацыя з прадстаўнікоў праваслаўных і католікаў. Сёлета кангрэс прайшоў на тэму «Касцёл-СМІ-Грамадскае меркаванне».

Ілья Лапато

Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Таксама ў гэтай рубрыцы:

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.