Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння: рэпартаж з дома, дзе пякуць аплаткі
Беларусь
14.11.2014 09:01

Дзе і як пякуць аплаткі ў Беларусі? У чым адрозненне паміж «камунійнымі» аплаткамі і аплаткамі на вігілійны стол? Журналісты Catholic.by наведалі буйнейшую аплаткарню ў Навагрудку, дзе сёстры назарэтанкі падзяліліся сакрэтнай рэцэптурай і працэсам прыгатавання аплатак.


Уступ

— Першыя дзве-тры аплаткі звычайна бракуюцца, таму прыказка «першы блін — комам» пра нас, — апавядае з усмешкай с. Фаўстына Крывіцкая CSFN.

Сястра Фаўстына з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта — адна з тых сясцёр, якая калісьці падчас навіцыяту дапамагала ў выпяканні аплатак. Сёння гэтай справай у навагрудскай аплаткарні сёстры назарэтанкі амаль не займаюцца, бо зараз гэты абавязак перададзены парафіянцы.

«Аплаткі павінны быць найлепшай якасці, — працягвае тлумачыць с. Фаўстына. — Першыя ж дзве-тры аплаткі атрымліваюцца часта зусім не гладкімі — тэмпература ў печцы яшчэ не адпаведная, таму і забракоўваем».


Сястра назарэтанка стаіць каля аплаткавай машыны, з якой хутка з шыпеннем «папаўзе» цеста, і працягвае знаёміць нас з вытворчасцю «духоўнага хлеба».


Дзе пякуць аплаткі?

Маленькія аплаткі, аплаткі больш буйных памераў, белыя, як снег, ці рудаватыя, з адценнем жыта, а часамі нават каляровыя — ружовыя ці жоўтыя — усе яны трапляюць на стол з парафіяльных кіёскаў ці сакрыстый, спакаваныя ці акуратна агорнутыя сурвэткай, абавязкова асвечаныя святаром. Белыя аплаткі вернікі прымаюць падчас сакрамэнту Эўхарыстыі на святой Імшы.

Адкуль прывозяць іх на парафіі? Хто з’яўляецца іх вытворцам, які хлебакамбінат ці завод?


У суседняй Польшчы па вырабе аплатак арганізаваныя нават цэлыя вытворчасці. Традыцыя вытворчасці аплатак «жыве» і ў некаторых польскіх сем’ях, дзе перадаецца з пакалення ў пакаленне і вельмі шануецца членамі сям’і.

Але не толькі з Польшчы прывозяць у Беларусь гэты вігілійны хлеб. Адна з буйнейшых аплаткарняў працуе сёння і ў першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага — Навагрудку. Аплаткарня размешчана ў адным з будынкаў кляштарнага комплексу сясцёр назарэтанак, якія шмат гадоў апякуюцца гэтай «сакральнай вытворчасцю», прадукцыя якой за ахвяраванні вернікаў разыходзіцца па ўсёй краіне.

Свае невялікія аплаткарні працуюць і ў іншых парафіях Беларусі, адной з якіх з’яўляецца і мінская парафія Свв. Сымона і Алены. Як тлумачыць с. Фаўстына, вытворчасць аплатак напрамую залежыць ад наяўнасці «аплаткавай печы», якая ёсць далёка не ва ўсіх.

Традыцыя выпякаць пшанічны хлеб у выглядзе тоненькага кавалачка з’явілася ў Беларусі ў ХV стагоддзі, і спачатку права выпякаць і распаўсюджваць аплаткі сярод вернікаў належала толькі кляштарам. Можна сказаць, што сёстры назарэтанкі працягваюць гэтую традыцыю і сёння.

Рабіць аплаткі — не зусім тое ж, што рабіць хлеб, хоць у беларусаў выпяканне хлеба таксама лічылася заўсёды сакральнай справай. Без аплатак, якія кладуцца побач з вігілійнай свечкай, не абыходзіцца і вігілійная вячэра.


«Рэцэпт просты — мука і вада»

«Муку мы выкарыстоўваем «Лідскую» і самую лепшую. Важна, каб аплаткі былі белыя», — кажа с. Фаўстына Крывіцкая CSFN.

Сапраўды, у правым куце аплаткарні стаяць некалькі мяшкоў «Лідскай мукі» вышэйшага гатунку. Сястра прасейвае яе на сіта і пераносіць у іншы пакойчык да спецыяльнага міксера — замяшальніка цеста.


«Рэцэпт вельмі просты: вада і мука», — дадае сястра Фаўстына і адзначае, што кансістэнцыя цеста павінна нагадваць «добрую смятану». Адным словам, калі цеста выглядае як пітны ёгурт, трэба яшчэ дадаць мукі.

Цеста падрыхтавана, і сястра падыходзіць да першай «печкі» — адмысловай формы для выпякання аплатак. Усяго ў аплаткарні іх чатыры, і кожная розная.

Такія «печкі» электрычныя, а на сценках у іх — адмысловыя ўзоры, якія на ўжо гатовых аплатках у Вігілію любяць разглядаць дзеці. Ёсць на гэтых узорах і надпісы, усе яны зроблены на польскай або лацінскай мовах.

Як тлумачыць сястра, усе гэтыя «печкі» былі прывезеныя ў 90-я гады з Польшчы. Тады ж і аднавіла сваю вытворчасць аплаткарня.


«Раней працавалі ў дзве змены»

Сёстры назарэтанкі адзначаюць, што сёння вытворчасць аплатак у Навагрудку заўважна знізілася. «15 гадоў таму аплаткі выраблялі крыху па-іншаму, — прыгадвае с. Лаўра Шукеловіч CSFN. — Выкарыстоўваліся, напрыклад, адмысловыя шчыпцы. Я была тады якраз у навіцыяце, і разам з іншымі сёстрамі мы працавалі ў аплаткарні ў дзве змены».


Убачыць старыя інструменты, якія калісьці выкарыстоўваліся для вытворчасці аплатак, сёння можна на адмысловай экспазіцыі ў музеі сясцёр назарэтанак. Сярод рарытэтных прадметаў — адмысловыя формы для запякання аплатак, што выкарыстоўваліся ў ваенныя часы.

«Гэта шчыпцы, — так называе формы для выпечкі с. Лаўра і дэманструе вялікае прыстасаванне даўжынёй каля метра. — Усё таму, што пяклі аплаткі ў печы, а як дабрацца да разагрэтага вуголля, калі шчыпцы кароткія?»

Падняць такія шчыпцы няпроста, таму выпяканне аплатак з іх дапамогай патрабавала немалых высілкаў. Яны значна меншыя па памерах, чым сённяшнія печкі. Да таго ж імі трэба было ўмець карыстацца. Яшчэ адзін цікавы экспанат на вітрыне — папяровы квіток Людвікі Якубайны Банась ад 1961 года...

«Гэтая распіска належыла с. Малгажаце, адзінай з сясцёр назарэтанак, якая выжыла ў Другую сусветную вайну. На гэтым квітку нельга прачытаць імя ў манастве «с. Малгажата», бо на той час яна не магла выкарыстоўваць гэтае імя», — дадае сястра Лаўра.


Апрача таго, у вітрыне можна ўбачыць і тыя інстументы, якія служылі для выразання з белай прамавугольнай аплаткі гостыі, і маленькіх аплатак-камунікантаў:

На свае вочы

Працэс выпякання працягваецца. Сястра Фаўстына награвае «печ» да пэўнай тэмпературы і малюе «крыжык» цестам, якое павінна запоўніць прастору формы.


«Прыходзячы ў аплаткарню, сваю працу мы заўсёды распачыналі з малітвы: і Крыжовы шлях разважалі, і на ружанцы маліліся, і песні спявалі», — кажа сястра Фаўстына, узгадваючы працу ў аплаткарні падчас навіцыяту.

Тым часам цеста заціскаецца і шыпіць. І гэта сапраўды вельмі падобна да таго, як гатуюць вафлі ці хатняе печыва ў спецыяльных, толькі нашмат меншых, формах.

Пасля таго, як аплаткі спякліся, іх складаюць у адмысловую шафу. Там яны павінны «ўвільгатніцца», каб не пакрышыцца пры наразанні.

«Тут галоўнае — не ператрымаць. Бо будзе адваротны працэс — крохкія пшанічныя пласціны зноў стануць цестам», — з веданнем справы дадае сястра.


Пасля таго, як аплаткі прайшлі апрацоўку, яны трапляюць на стол пад самаробны прэс. Ужо на «перадупаковачным этапе» праводзіцца іх спецыяльная нарэзка.

Затым ужо амаль гатовыя аплаткі праходзяць яшчэ адзін кантроль — на правільнасць формы, калі выбіраюцца ўсе роўныя і правільныя аплаткі.


«Забракаваныя рэшткі аддаюцца на корм жывёле»

«Рэшткі аплатак, гэтаксама як і часткі забракаванага цеста, аддаюцца на корм жывёле нашых парафіянаў», — адзначае с. Фаўстына Крывіцкая.

Пакуль аплаткі не асвечаныя, яны з’яўляюцца простым прадуктам з мукі і вады. Гостыя і камуніканты набываюць свой сакрамэнтальны сэнс толькі тады, калі пераўтвараюцца ў Цела Хрыста падчас Эўхарыстыі.

Сястра Лаўра Шукеловіч з гэтай нагоды прыгадвае цікавы выпадак: аднойчы сёстры назарэтанкі запрасілі яе, яшчэ дзяўчынку, да сябе на абед. Якім жа было яе здзіўленне, калі яна ўбачыла, што забракаваныя рэшткі аплатак назарэтанкі спажывалі разам з супам! Сёння такім забракаваным кавалачкам сёстры могуць пачаставаць усіх, хто завітае да іх у аплаткарню.

«Калі я выпякала аплаткі, то заўсёды малілася за тых невядомых людзей, якія плёнам маёй працы будуць дзяліцца з самымі дарагімі іх сэрцу», — заключае с. Лаўра.


Назарэтанкі адзначаюць, што, нягледзячы на тое, што выпяканне аплатак — звычайны рабочы працэс, гэтая праца выконваецца з вялікай пашанай.

Аксана Ючкавіч,
фота Віталія Палінеўскага

Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Таксама ў гэтай рубрыцы: 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.