Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь у Касцёле
Беларусь
08.09.2015 23:15

«Усё, што пра Бога і з Богам, тое добра». Такім дэвізам кіруецца па жыцці Вольга Качалка, выпускніца «Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля». У новым выпуску рубрыкі «Моладзь у Касцёле» Вольга дзеліцца першым вопытам выкладання рэлігіі дзецям. 

Вольга паходзіць з Ліды з піярскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У сталіцы дзяўчына вучыцца на філфаку БДУ і налета ўжо заканчвае ўніверсітэт. Адзін «універсітэт» яна ўжо адолела, атрымаўшы дыплом катэхеткі.

Пра сваю вучобу ў каледжы тэалогіі, а таксама пра першыя цяжкасці і радасці выкладання рэлігіі дзяўчына расказала Catholic.by.

«Сябры лічылі, што цяпер я павінна ведаць пра Касцёл усё»

Вольга прыгадвае, што сям’я і родныя да яе вучобы ў тэалагічным каледжы ставіліся з разуменнем, як і сябры ў Касцёле. Апошнія, аднак, з кожным разам задавалі ўсё больш пытанняў.

«Мае сябры, відаць, лічылі, што цяпер я павінна стаць спецыялістам ва ўсіх сферах і ведаць усё пра Касцёл, Біблію, гісторыю, дагматыку і г.д., бо “я ж катэхетка”, — усміхаецца дзяўчына. — Для знаёмых мая тэалагічная адукацыя стала вялікім прэстыжам: са звычайнай смяротнай я ператварылася ў «вучонага тэолага».

Таксама ў рубрыцы:

Вольга дадае, што сумяшчаць вучобу ў каледжы з лекцыямі ва ўніверсітэце для яе не было чымсьці цяжкім, хоць думкі пра тое, каб сысці з каледжа, таксама былі.

«Такая сур’ёзная справа, як тэалагічная адукацыя, не можа быць другаснай, нейкім гуртком па інтарэсах, — кажа дзяўчына. — Але адукацыя — гэта ў любым выпадку толькі азнаямленне з нейкай сферай, сапраўдная “вучоба” адбываецца на працягу жыцця, таму я рада, што ўсё ж скончыла каледж».



Вучобу ў тэалагічным каледжы Вольга называе «грунтоўнымі рэкалекцыямі», «трохгадовай духоўнай фармацыяй».

«Паступала я дзеля ведаў пра Бога і Яго Касцёл. На занятках літаральна лётала на крылах — так мне там падабалася. Дух Святы фармаваў мяне, дзейнічаў інтэлектуальна, духоўна, паказваў любоў і мудрасць Божую праз навучанне і сведчанне цудоўных выкладчыкаў».

«Добры катэхет — гэта чалавек малітвы»

Вольга прыгадвае, што на апошнім курсе каледжа зразумела, што магла б служыць катэхеткай. Аднак сваё «але» тут таксама было.

«Заканчваючы каледж, я была ўпэўнена, што ўжо не буду выкладаць, бо жыву ў Мінску, а ездзіць кудысьці ў іншы горад не выпадае, — прызнаецца дзяўчына. — Бог, відаць, ведаў маю сціпласць у гэтай справе, што я не пайду “шукаць працу” катэхеткі, толькі патакаючы сваім амбіцыям. Я хацела быць там, дзе сапраўды патрэбна. У выніку так і сталася: аднойчы мне нечакана пазванілі і прапанавалі весці катэхезы якраз у Мінску».

Так Вольга Качалка пачала выкладаць рэлігію для дзяцей з мінскай парафіі Святога Францішка.

«Спачатку было боязна — пужала адказнасць, якую бярэш на сябе за душы вучняў. Толькі ўявіце: усё жыццё дзеці будуць памятаць цябе як першую катэхетку, якая паказала або не паказала Бога. Ты — першы яскравы прыклад хрысціяніна для іх».


Падчас заняткаў па вырабе адвэнтавага вянка з дзецьмі

Вольга прыгадвае, што першы ж дзень працы дапамог ёй убачыць свае памылкі і адзначыць рэчы, якія атрымліваюцца лепш за ўсё.

«Тое, што я ўсвядоміла амаль з самага пачатку: добры катэхет з’яўляецца чалавекам малітвы, тым, хто пастаянна ў дыялогу з Богам і чувае ў Ім. Дзяцей кранае толькі праўда: калі катэхет кажа пра Бога, сам жыве і захапляецца Ім — гэта сведчанне найлепшае».

«Найцяжэй было тлумачыць прывычныя для сябе рэчы»

Вольга адзначае, што кожны занятак з дзецьмі быў адмысловым урокам жыцця і для яе.
 
«Тое элементарнае, чым мы жывём, для дзяцей зусім не элементарнае. На кожнае іх пытанне трэба даваць грунтоўны адказ. Чаму Хрысту прыйшлося памерці на крыжы? Чаму Езус нас адкупіў? Напрыклад, быў выпадак, калі я тлумачыла, што падчас Імшы мы прымаем Цела Езуса і што вы, дзеці, зараз і рыхтуецеся да першага такога прыняцця Бога. На гэта хлопчык жудасна скрывіўся і сказаў, што не будзе есці Бога.

Я нават не чакала такой рэакцыі, — дадае Вольга. — Даводзілася адкрываць Катэхізіс, перачытваць Айцоў Касцёла і нанова засвойваць словамі тое, што ёсць у сэрцы і што нікому яшчэ не тлумачыла».

На фота Вольга разам з адной са сваіх вучаніц падчас яе першай Камуніі

Прыгадваючы заняткі з дзецьмі, Вольга адзначае, што была здзіўлена тым, наколькі натуральна дзеці ўспрымаюць Бога.

«Найцяжэй было тлумачыць прывычныя для сябе самой рэчы, — распавядае дзяўчына. — Але калі аддаеш, нашмат больш атрымліваеш. Я была вельмі здзіўлена тым, наколькі натуральна дзеці ўспрымаюць Бога і як проста яны выдаюць абсалютна глыбокія і элементарныя праўды пра Яго...»

«Без даверу не можа быць веры»

Вольга ўзгадвае катэхетычныя заняткі і прызнаецца, што вельмі палюбіла новую для сябе працу.

«Не ведаю, як складзецца далей і ці буду я зноў выкладаць рэлігію дзецям, але я вельмі радуюся і дзякую Богу за гэты вопыт, — распавядае дзяўчына. — Гэта дзівосная місія — распавядаць пра Бога. Самае важнае, што я зразумела за гэты час: трэба быць чалавекам добрай волі, а Езус усё зробіць, што Яму трэба».



«Вера ў Бога для мяне — гэта перадусім давер. Без яго не можа быць веры. Давер Пану кожнай дробязі, а праз гэта і ўсяго жыцця. Канешне, бываюць моманты, калі не заўсёды атрымліваецца чуваць з такім перакананнем, але Бог няспынна ставіць Сябе ў цэнтр майго жыцця.

Вера ў Бога для мяне не можа адыгрываць нейкую там ролю, яна і ёсць маім жыццём. І я вельмі імкнуся да таго, каб усе мае памкненні былі падпарадкаваны Богу», — заключае Вольга.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.