Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь у Касцёле
Беларусь
18.07.2014 15:33
Моладзі ў каталіцкіх СМІ прысвечаны чарговы выпуск рубрыкі «Моладзь у Касцёле». Свае гісторыі служэння распавядаюць Марына Сінкевіч (сatholicnews.by), Арцём Ткачук (grodnensis.by) і Павел Міцкевіч (katolik-gomel.by).
r
Марына Сінкевіч: «Падчас працы ў “Каталіцкім Весніку” мяне запрашалі фотакорам у раёнку, але я адмовілася» 
 
Марына Сінкевіч – рэдактар сайта catholicnews.by, па сумяшчальніцтве – яшчэ фатограф і яго сістэмны адміністратар. 
 
За плячыма дзяўчыны – вучоба ў ВНУ, шматлікія пілігрымкі і дапамога ў распрацоўцы парафіяльнага сайта strinitas.com. 
 
«Пра журналістыку я ніколі не марыла, бо бачыла сябе настаўніцай, – узгадвае з усмешкай Марына. – Мая маці – настаўніца нямецкай мовы, таму яшчэ са школы мяне прываблівала настаўніцкая дзейнасць, толькі бачыла я сябе ў дакладных навуках».
 
 
                                  фота Ірыны Рубінавай 
 
Нарадзілася і вырасла Марына ў Глыбокім. Сюды ж, на сваю радзіму, дзяўчына вярнулася і пасля вучобы ў БДУ, толькі ўжо дыпламаваным матэматыкам і выкладчыкам матэматыкі і інфарматыкі.
 
Марына прызнаецца, што любіць абедзве свае спецыяльнасці, але склалася так, што сёння яна больш працуе з інфарматыкай. 

«Развіццё тэхналогій адкрывае перад Касцёлам вялікія магчымасці — калі карыстацца імі з уменнем, то добрая вестка можа дайсці да кожнага дому», – упэўнена дзяўчына. 

Працуючы ў парафіяльнай канцылярыі, Марына пачала актыўна супрацоўнічаць з газетай «Каталіцкі Веснік».

«У касцёл я хаджу з дзяцінства. Верыць для мяне — азначае давяраць Богу, быць гатовай кіравацца Яго загадамі ва ўласным жыцці, і ў гэтым — быць паслядоўнай. Раней, нават не маючы добрай камеры, я старалася дасылаць фотарэпартажы і тэксты з парафіяльных падзей у «Каталіцкі Веснік» і на catholic.by, – узгадвае дзяўчына. – Пасля ж кс. Віктар Місевіч прапанаваў мне працу на сайце catholicnews.by, так я далучылася да каманды. Страх, канешне, быў. Але была і цікавасць, бо я вельмі хацела рабіць для Касцёла штосьці большае. Праграмаванне я вывучала ва ўніверсітэце, таму праца на інтэрнэт-партале цяжкасцяў не выклікала».

З тэкстамі склалася інакш: «Крок за крокам я старалася ўдасканальваць сваю працу, дзякуючы розным трэнінгам па СМІ, майстар-класам па фота і напісанні навін, улічваючы заўвагі і прапановы, і праца стала атрымлівацца лепш. Гэта надало мне ўпэўненасці: так быў створаны і наш парафіяльны сайт strinitas.com, які я сёння таксама курырую».

Марына прызнаецца, што пасля года супрацоўніцтва з «Каталіцкім Веснікам» ёй прапанавалі месца фатографа ў мясцовай раёнцы, але яна адмовілася.

«Мне падабаецца мая праца. Сваю справу люблю за магчымасць адкрываць штосьці новае – той жа відэамантаж ці вёрстка газеты. Асабліва мне падабаецца фатаграфія. Ды і каманда наша, хоць і маленькая (нават працуем мы з розных гарадоў), але цудоўная. Кожны ведае сваю справу, адкрыты і аператыўны».

Якімі павінны быць каталіцкія СМІ ў Беларусі?

«Хацелася б чытаць больш матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць звычайных беларускіх парафій. Для гэтага, канешне, трэба развіццё і пашырэнне «штату», а менавіта аўтараў-валанцёраў, якія дзяліліся б навінамі і фотаздымкамі з месцаў. У невялікіх парафіях здараюцца цудоўныя рэчы, праходзяць цікавыя падзеі, працуюць таленавітыя людзі... А пра іх ніхто не ведае. Было б добра, каб чытачы, якія прагнуць дзяліцца Добрай Весткай, не баяліся дасылаць нам свае навіны.
 
А нам, каталіцкім журналістам, варта навучыцца будаваць адносіны як з асобнымі людзьмі, так і з рознымі інстытутамі грамадства. Мы самі – і больш ніхто – адказныя за фарміраванне станоўчай грамадскай думкі пра нас».
rАрцём Ткачук: «Спадзяюся, што часы моцных каталіцкіх СМІ ў нас наперадзе»

Арцём Ткачук дапамагае сайту grodnensis.by у якасці валанцёра. Cярод апошніх праектаў ураджэнца Ліды – аўтарскі блог «Касцёл у СМІ» і цыкл артыкулаў з пілігрымкі Віцебск-Будслаў «Да неба праз Будслаў» (супольна з Уладзімірам Крупенкам).

Арцём узгадвае, што ў дзяцінстве выношваў думкі аб святарстве: яму падабаўся францішканскі хабіт, і ён лічыў, што, як вырасце, абавязкова стане братам францішканінам. Але Арцём стаў палітолагам. Сёння ён вучыцца ў магістратуры на факультэце міжнародных адносін Познаньскага ўніверсітэта. 

«Мой шлях да Бога быў звычайным. Бацькі хоць і не былі асабліва веруючымі, але як і ўсе запісалі мяне на заняткі па рэлігіі – ішла падрыхтоўка да першай святой Камуніі, – узгадвае Арцём. – Там Бог чамусьці выбраў мяне. З таго часу маё жыццё звязана з Касцёлам. Азіраючыся сёння назад, я ўпэўнены, што Ён сапраўды вёў мяне як малое дзіця – цярпліва вучыў, падказваў, натхняў і здзіўляў». 
 
Сваё сённяшняе служэнне на карысць Касцёлу Арцём бачыць у супрацоўніцтве з каталіцкім сайтам grodnensis.by

«Хоць журналістыцы я і не вучыўся, але гэты занятак мне блізкі. Думкі аб журналістыцы калісьці, несумненна, былі, але прафесія і захапленне не заўсёды ідуць нага ў нагу. Спадзяюся, што пісаць буду заўсёды. А ці буду звязваць з гэтым жыццё, пакуль невядома. 

Нашы афіцыйныя СМІ заўсёды падаваліся мне занадта акадэмічнымі. Па натуры я чалавек патрабавальны, таму імкнуўся знайсці для сябе той каталіцкі СМІ, які б адпавядаў сэрцу. Так я і вывучаў выданне за выданнем. У выніку склалася такое ўражанне, што большасць каталіцкіх СМІ – як адно клішэ. Стандартнае. І часта сумнае. Але гэта мая думка».

Нават апісваючы партал grodnensis.by, патрабавальны Арцём зазначае, што сайт выклікае ў яго адначасова як буру захаплення, так і мора крытыкі:

«Евангелізацыя праз інтэрнэт неабходная, але нам у гэтым накірунку яшчэ расці і расці. Але Бог стварае менавіта такую рэчаіснасць, і я ўдзячны за гэта Яго Провіду. Відаць, так трэба. Працуе нас вельмі мала, але мы стараемся, не апускаем рукі, шукаем выйсця і крок за крокам ідзём наперад. Калісьці мы абавязкова прарвёмся, трэба толькі старацца». 

Ацэньваючы сваю працу на партале, хлопец усміхаецца: «Кожны перапост твайго артыкула ў сацыяльных сетках, на які выпадкова трапляеш, – самая высокая ацэнка тваёй “пісаніны”. Праўда, бывае гэта рэдка…»

Якімі павінны быць каталіцкія СМІ ў Беларусі?
 
«Каталіцкая прэса ў Беларусі мусіць быць праўдзівай, людской і адкрытай на меркаванні. На жаль, сёння журналісты застаюцца толькі асвятляльнікамі падзей, але не больш. Сітуацыя няпростая, тэксты ў СМІ падаюцца часта нязручныя для чытання. А навошта тады тыя сайты-газеты-часопісы, калі іх пішуць не для людзей? Не хапае Беларусі моцнага незалежнага каталіцкага выдання, якія ёсць, напрыклад, у Польшчы. Разумею, што на ўсё гэта патрэбны час, таму спадзяюся, што часы моцных каталіцкіх СМІ ў нас наперадзе».
rПавел Міцкевіч: «Калі хоць адзін чалавек праз наш сайт паверыў, што Бог яго любіць, – значыць, усё недарма»

Павел Міцкевіч – прафесійны журналіст з Гомеля, адзін са стваральнікаў сайта гомельскай парафіі katolik-gomel.by. Хлопец працуе журналістам адной з беларускіх газет, а працы над сайтам удзяляе ўвесь астатні час. Па прызнанні журналіста, навіны для інтэрнэт-партала ён рыхтуе па ўласнай ініцыятыве — добраахвотна.

У дзяцінстве Паша думаў, што стане паэтам, як і Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч). Але, патрапіўшы ў журналісцкі клас школы, свае намеры змяніў: «Паступаў я на філфак і ўжо са студэнцкіх гадоў падпрацоўваў у газетах. Сёння працую ў адным са свецкіх СМІ, і гэты досвед вельмі дапамагае ў працы з каталіцкім сайтам».
 
Да веры Павел прыйшоў не адразу. Яго будучая жонка была каталічкай, і ў касцёл ён пачаў хадзіць разам з ёй.

«У Касцёл я прыйшоў ужо ў дарослым узросце (мне было 25). Памятаю, ужо на першай Імшы я адчуў, што маё месца тут, – узгадвае хлопец. – А ідэя сайта прыйшла неўзабаве. Мая жонка – таксама журналістка, таму свой досвед і здольнасці мы імкнуліся скарыстаць на карысць служэння Касцёлу. Дзякуй Богу, у нашай кампаніі апынуўся і праграміст, які таксама на адным энтузіязме дапамог рэалізаваць задумкі і даў старт праекту».

Сайт як служэнне
 
«Гэты сайт я ўспрымаю як сваё служэнне, якое прыносіць задавальненне і самарэалізацыю, – працягвае Павел. – Але і тут ёсць падводныя камяні: сайт павінен служыць Касцёлу, а не маім амбіцыям. Галоўнае – не мая праца на сайце, а маё імкненне стаць хрысціянінам. Пакуль я да гэтага толькі імкнуся, але калі з Божай ласкі гэта здарыцца, веру, што і нехта з маіх знаёмых зацікавіцца каталіцтвам».

Павел лічыць, што галоўная задача Касцёла на ўсходзе Беларусі – у евангелізацыі:

«Ва ўсходняй Беларусі католікаў, як і ўвогуле хрысціян, у параўнанні з заходняй і цэнтральнай часткамі краіны не так шмат. Улічваючы гэта, мы стваралі сайт, разлічаны не столькі на вернікаў, колькі на тых, хто мала ведае пра каталіцтва і хрысціянства ўвогуле. 

Разлічвалі, што да нас будуць заходзіць «выпадковыя» людзі, і нехта з іх зацікавіцца нашай верай. У гэтым плане, мяркую, праект з Божай ласкі ўдаўся: амаль штодня сайт наведвае дзве-тры сотні новых чытачоў. Веру, што кагосьці з іх Пан Бог урэшце прывядзе ў Касцёл. Калі за час нашай працы хоць адзін чалавек праз наш сайт даведаецца і паверыць, што Бог яго любіць, – гэта для нас самы важны вынік, значыцца, усё было недарэмна». 

Якімі павінны быць каталіцкія СМІ ў Беларусі?

«Канцэпцыю каталіцкай прэсы бачу проста: быць бліжэй да людзей. Пісаць простай мовай і публікаваць матэрыялы, цікавыя шырокаму колу, нават тым, хто па-за Касцёлам. Больш пісаць пра з'явы ў грамадстве, якія хвалююць усіх, пры гэтым выказваць хрысціянскі погляд на праблему. Тое, што відавочна, – каталіцкім СМІ не хапае грошай для прафесійнай працы. Але па сабе адчуў, што гэта не галоўнае. Я працую на энтузіязме, і гэтага дастаткова. Можна працаваць там, дзе даюць заробак, а вольны час прысвячаць каталіцкім праектам. Толькі такіх энтузіястаў вельмі не хапае. Думаю, гэта ўласціва і іншым каталіцкім сайтам».
 
Падрыхтаваў Ілья Лапато 
 
Чытайце таксама: 
 
Моладзь у Касцёле (выпуск першы)
Моладзь у Касцёле (выпуск другі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.