Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Філадэльфіі завяршыўся Міжнародны кангрэс сем’яў з удзелам дэлегацыі з Беларусі
Беларусь
25.09.2015 21:51

25 верасня ў Філадэльфіі (ЗША) прайшоў апошні дзень Міжнароднага кангрэсу сем’яў, які папярэднічае сустрэчы сем’яў з усяго свету з Папам Францішкам. У сустрэчы прымае ўдзел дэлегацыя з Беларусі, у складзе якой біскуп Пінскі і старшыня Рады па справах сям’і беларускага епіскапату Антоні Дзям’янка, сакратар Рады па справах сям’і а. Пётр Фраштэнга OCD і сямейная пара Андрэй Мілееў і Наталля Пан.

Раніцай адбылася святая Імша для ўдзельнікаў, якую ўзначаліў старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья. У гаміліі іерарх нагадаў пра галоўнае пакліканне чалавека, якім з’яўляецца стварэнне сям’і. Па словах арцыбіскупа, калі з’яўляюцца муж, жонка і дзеці, то чалавек ужо не можа казаць, што жыццё належыць толькі яму — яно належыць тады і мужу, жонцы і дзецям. Такім чынам, адзначыў іерарх, людзі даспяваюць да сужэнства, потым да сям’і, а затым да грамадскай супольнасці, якой можа быць горад, дзяржава і свет.



 

Таксама перад сабранымі выступіў пастар Рык Варрэн, які казаў аб тым, што сёння сям’ю атакуюць як звонку, так і знутры. Па словах пастара, аборты, разводы, гомасексуальныя саюзы з’яўляюцца тым, што разбівае сям’ю. Супрацьпаставіць гэтаму, адзначыў дакладчык, можна радасць у сям’і, якая вынікае з Евангелля. Калі б Бог не любіў нас, мы б не існавалі, і нават калі мы перастанем любіць Бога, Ён не перастане нас любіць, звярнуў увагу выступоўца. Але калі чалавек перастане любіць Бога, то ўбачыць, што ні адзін іншы чалавек не здольны любіць яго такой любоўю, як Бог, дадаў пастар.



 

Затым выступіў арцыбіскуп Бостана кардынал Шон Патрык O’Мэллі. Іерарх казаў аб прыгажосці сямейнага жыцця, якая прыцягвае людзей. Па словах кардынала, у плане Бога сям’я — гэта школа любові, а калі мы зразумеем, што Бог нас любіць, тады зразумеем, кім ёсць мы самі і кім ёсць Бог. Сям’я ў плане Бога — місійная супольнасць, таму што з’яўляюцца новыя пакаленні і ім трэба казаць пра Бога, дадаў выступоўца. Бацькі, як адзначыў кардынал, не толькі перадаюць сваім дзецям Евангелле, але таксама дзякуючы ім можна зразумець Евангелле.



 

Па словах кардынала, Касцёл сёння павінен падрыхтаваць мужчын і жанчын да таго, каб яны сведчылі аб прыгажосці Евангелля і сямейнага жыцця. Іерарх звярнуў увагу, што натоўп не прыцягвае чалавека да Бога, аднак гэта задача парафіі, якая павінна праз сваіх парафіян стаць сябрам для чалавека, які шукае Бога.



 

Таксама, як адзначыў выступоўца, мы спрабуем аднавіць цывілізацыю любові, каб будучыя пакаленні ведалі Бога і Яго любоў, і здзейсніць гэта можам у нашых сем’ях.

Затым адбылося афіцыйнае закрыццё Міжнароднага кангрэсу сем’яў. У кангрэсе прынялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек. Арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Шапью запрасіў усіх прысутных на фестываль сем'яў, у якім прыме ўдзел Папа Францішак, і на святую Імшу, якая стане кульмінацыйным пунктам Сусветнай сустрэчы сем’яў.

Сусветная сустрэча сем'яў сёлета праходзіць з 22 па 27 верасня ў Філадэльфіі. Першая частка яе праграмы — Міжнародны кангрэс сем'яў, затым фестываль сем’яў, а завершыць сустрэчу Імша, якую ўзначаліць Святы Айцец.


 

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.