У выдавецтве Pro Christo пры падтрымцы Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў у
Беларусі выйшла энцыкліка «Laudato Si’» Святога Айца Францішка ў перакладзе Секцыі па перакладзе
літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у
Беларусі.
Энцыкліка, натхнёная словамі гімна святога Францішка Асізскага «Будзь праслаўлены, Пане», прысвечана праблемам экалогіі, крызісу тэхнічнага развіцця і антрапацэнтрызму і заклікае да перагляду многіх перакананняў сучаснага грамадства: «Не хапае ўсведамлення агульнага паходжання, узаемнай прыналежнасці і агульнай будучыні для ўсіх. Гэтае галоўнае перакананне дазволіць развівацца новым перакананням, паставам і ладу жыцця. Такім чынам, перад намі стаіць вялікі культурны, духоўна-адукацыйны выклік, які азначае доўгія працэсы адраджэння» (202). Нельга забываць, што «ўся прырода не толькі аб’яўляе Бога, але з’яўляецца месцам Яго прысутнасці. У кожным стварэнні жыве Яго жыццядайны дух» (88). Гімн святога Францішка Асізскага
«Будзь праслаўлены, Пане, З усімі сваімі стварэннямі, А найбольш з нашым братам сонцам, Якое дае дзень, а Ты свеціш праз яго. Яно прыгожае і прамяністае, А бляск яго Нагадвае Цябе, о Найвышэйшы!
Будзь праслаўлены, Пане, Братам нашым месяцам І нашымі сёстрамі зоркамі, Створанымі Табою ў небе, Яркімі, каштоўнымі і прыгожымі.
Будзь праслаўлены, Пане, Братам нашым ветрам, Паветрам і аблокамі, Надвор’ем і рознымі порамі часу, Якімі Ты корміш сваё стварэнне.
Будзь праслаўлены, Пане, Нашай сястрыцай вадой, Вельмі карыснай, Пакорнай, каштоўнай і чыстай.
Будзь праслаўлены, Пане, Братам нашым агнём, Якім Ты асвятляеш ноч, А ён — прыгожы і радасны, Палкі і моцны».
Паводле ave-maria.by (AG)
|