Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння: «У нас ёсць свая ідэя, якой мы дзелімся і ў якую ангажуем іншых людзей» — кс. Юрый Барок пра сайт piligrymka.by
Беларусь
02.10.2015 10:01

У новым выпуску «Хрысціянскага сёння» адзін са стваральнікаў сайта piligrymka.by кс. Юрый Барок распавядае пра супольны з братам праект, разважае пра падарожжы хрысціянаў і дзеліцца досведам ад наведвання экзатычных краін.

«Пілігрымка — гэта магчымасць убачыць Бога праз іншую прызму»

«Пілігрымка – гэта спосаб знаёміцца з культурай, бытам, гісторыяй тых народаў, якія жывуць побач», — упэўнены святар. Сайт piligrymka.by працуе пры парафіі Св. Язафата Кунцэвіча ў Расонах.

Ідэя яго стварэння належыць двум святарам, якія з’яўляюцца братамі — кс. Вячаславу і кс. Юрыю Баркам.

Апошнія матэрыялы рубрыкі:

«Пачыналася ўсё з ідэі арганізоўваць пілігрымкі па святых мясцінах для практыкуючых вернікаў. Першая такая пілігрымка адбылася гадоў восем таму», — распавядае кс. Юрый Барок.

Святар дадае, што ідэя належыць яму і брату Вячаславу, які на той час з’яўляўся пробашчам расонскай парафіі. Пры той парафіі сайт і пачаў сваю працу.

Ксёндз Юрый адзначае, што яго ўражанні ад вопыту працы на місіях былі настолькі яскравымі, што ён хацеў падзяліцца імі з іншымі вернікамі:


Кс. Юрый Барок (на фота — у акулярах) падчас асвячэння табліцы «Magnificat» на Святой Зямлі

«Генератарам пэўных ідэй быў я, бо, калі вярнуўся з місійных падарожжаў у Індыю, краіны Еўропы і Афрыкі, мне хацелася паказаць важныя для хрысціян мясціны і вернікам з Беларусі, пазнаёміць іх з тымі падзеямі і з тымі аб’яўленнямі, якія важныя не толькі для лакальных народаў, але і ўвогуле для веруючых.

Уласны вопыт наклаў пэўны адбітак на маё светаўспрыманне, маё разуменне Бога і гэтым хацелася дзяліцца».

— Вы ўзгадвалі, што ў свой час бывалі ў розных краінах з місіямі. Якія асаблівасці ў параўнанні з беларусамі Вы адзначылі б у іншых народах з іншымі культурамі?

— Беларусь развівалася і развіваецца ў кантэксце агульнаеўрапейскай культуры. А таму філасофія, мастацтва і архітэктура Беларусі мела свае агульныя рысы з тымі ж накірункамі ў іншых еўрапейскіх краінах.

Зусім іншая сітуацыя, напрыклад, у Зімбабвэ, дзе мне давялося папрацаваць. Гэта цалкам іншая культура, цалкам іншае светаўспрыняцце. Было цікава назіраць, як пасланне Новага Запавету кладзецца там на мясцовыя традыцыі, на побыт, на штодзённае жыццё чалавека.

Напрыклад, танцы падчас святой Імшы, а таксама большы дынамізм, большая адкрытасць і непасрэднасць, дзякуючы якім па-іншаму перажываеш літургію. Нельга сказаць, лепш ці горш — проста інакш. Там ёсць вельмі цёплыя моманты, якія кранаюць і інтэгруюць. Ты адчуваеш сябе той часткай, якая стаіць перад Богам. У гэтым ёсць свая прыгажосць.



У Афрыцы няма той векавой традыцыі хрысціянства, якая назапашвалася ў еўрапейскіх народаў, і гэта робіць яе асаблівай. У Афрыцы спачатку бачны калектывізм – «ты» як частка сям’і, і толькі ў сілу таго, што «ты» частка сям’і, «ты» з’яўляешся чалавекам, а не наадварот, як прынята ў Еўропе.

— Як Вы лічыце, ці карыстаўся б попытам  афрыканскі накірунак?

— Я заўсёды падкрэсліваю, што пілігрымка — гэта час на малітву і разважанні, калі чалавек можа вырвацца са свайго штодзённага і па-новаму паглядзець на нейкія рэчы, у тым ліку праз іншую прызму ўбачыць прысутнасць Бога ў сваім жыцці.

Таму любую пілігрымку я не хацеў бы «спрашчаць» толькі да наведвання нейкай святыні або месца аб’яўлення.
Магчыма, у Афрыцы мы не знойдзем нейкіх санктуарыяў, якія ёсць у Заходняй Еўропе або ў Лацінскай Амерыцы. Магчыма, гэта ўсё прасцей і з пункту гледжання архітэктуры і нейкай традыцыі, невядомай нам у Беларусі.

Але Афрыка — гэта тая калыска, дзе ты знаёмішся з прыродай, якую Бог дае чалавеку і якую мы губляем праз цывілізацыю, якую ствараем. У Афрыцы захавалася шмат з таго, што чалавек не змяніў, не перабудаваў і не падстроіў пад сябе.

Калі будуць людзі, гатовыя да такой пілігрымкі, магчыма, паўстане і яна сама.

— А якія маршруты з прапанаваных сёння на сайце карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?

— Напэўна, найбольш папулярныя маршруты — гэта Святая Зямля і Рым-Ватыкан. І нездарма: у Ватыкане знаходзіцца магіла апостала Пятра, а Святая Зямля дае кожнаму верніку магчымасць убачыць мясціны, дзе «ажывае» Евангелле.

Лічу, што для кожнага хрысціяніна важна пабываць на Святой Зямлі. У Нігерыі, дарэчы, ёсць нават адмысловая дзяржаўная праграма, па якой хрысціяне атрымліваюць грашовую датацыю ад дзяржавы на пілігрымку ў Святую Зямлю…
Прайсціся ж па ўсіх шляхах немагчыма, і чалавек абірае тое, што найбольш важнае для яго.

— Як змяніў Вас і Вашае жыццё праект piligrymka.by?

— Кожная пілігрымка і падарожжа ўзбагачае чалавека духоўна, бо ў рэшце рэшт чалавек параўноўвае і робіць кампаратыўны аналіз месца, дзе жыве ён, з месцам, якое бачыць у пілігрымках.

Параўнанне рэчаіснасцяў дае чалавеку зрабіць нейкую выснову, а гэта робіць яго мудрэйшым. Знаёмства з новай культурай і гісторыяй іншых народаў удасканальвае чалавека.

Кожнае новае падарожжа выклікае таксама цікавасць да іншай мовы і культуры. Я працаваў у розных краінах і заўсёды імкнуўся вучыць тую мову, дзе я быў. Некаторыя мовы я ведаю вельмі добра — італьянскую, англійскую, чэшскую, польскую, у краінах з гэтымі мовамі я працаваў даўжэй, чым у іншых месцах, і нават прапаведаваў на іх.

Стараўся, аднак, вучыць і мову Зімбабвэ, прынамсі нейкія выразы на мове ндэбеле. І нават калі адолееш усяго некалькі слоў на мясцовай мове, гэта ўсё адно здыме бар’еры і прывабіць да цябе людзей, што вельмі важна.



Пэўныя рэчы там вельмі жартоўныя — ніколі не забудуся, што на мове ндэбеле слова «айцец» гучыць як «баба». І вось да мяне так і звярталіся: баба Юрый (смяецца – заўв. аўт.). Спачатку вельмі рэзала слых (усміхаецца – заўв.аўт.).

— Калі прыгадаць традыцыі, прынятыя ў хрысціянстве, то ў якіх рэгіёнах яны найбольш адрозніваюцца ад беларускіх?

— Сама сутнасць хрысціянства не можа быць зменнай — Бог, салідарнасць, узаемападтрымка. Гэта праяўляецца ў любым народзе.

Калі прыязджаеш у Ізраіль ці тое ж Зімбабвэ, або ў Індыю — паўсюль бачыш універсальнасць Касцёла. Магчыма, у гэтым і ёсць заслуга хрысціянства: да якой бы культуры ні належаў чалавек, ён, калі трапляе ў новы кантэкст, усё адно адчувае сябе часткай хрысціянскай сям’і.

Што тычыцца нейкіх вонкавых праяваў, то свае адметнасці ёсць. Мяне, напрыклад, уражвалі выявы Хрыста і апосталаў у касцёлах Зімбабвэ — яны маюць там абсалютна цёмны колер скуры.

Жывучы ў сваім культурным кантэксце, пра гэта нават не задумваешся: вядома, Хрыстус падобны да цябе. А трапляючы ў Афрыку, разумееш, што Хрыстус падобны да афрыканца, у Індыі падобны да індуса. І гэта таксама паглыбляе тваю веру, бо Хрыстус падобны і да чалавека, зусім непадобнага да цябе.

— Параўноўваючы праект piligrymka.by з іншымі турыстычнымі або хрысціянскімі праектамі, — у чым яго асаблівасць?

— Мне не зусім падабаецца слова «канкурэнцыя», таму што мы ніколі не хочам канкурыраваць. У нас ёсць свая ідэя, якой мы дзелімся і ў якую ангажуем іншых людзей.

І калі бачым іншыя ініцыятывы, іншыя цэнтры пілігрымак — то зусім не супраць таго, каб яны з’яўляліся: гэта толькі на карысць, бо чалавек любіць падарожнічаць. Як я ўжо згадваў, пілігрымка абагачае чалавека. Тое, што прапануем мы — гэта не толькі малітва, не толькі пост: гэта таксама спосаб пазнаваць культуру, побыт, гісторыю тых народаў, якія жывуць побач.

І ў гэтым, я лічу, наша адметнасць: мы імкнемся знаёміць чалавека з культурай і гісторыяй іншага народа ў кантэксце Евангелля і хрысціянства. Пілігрымка павінна быць глыбейшай і чалавек у ёй павінен адкрываць для сябе нешта новае не толькі ў духоўнай сферы.

Гутарыў Ілья Лапато
Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript    
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.