18 лістапада ў Вострай Браме ў Вільні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў межах святкавання Тыдня апекi Маці Божай Вастрабрамскай. У Імшы прынялі ўдзел вернікі з Беларусі.
У Вострую Браму пілігрымавалі ў гэты дзень асаблівым чынам вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, галоўнай апякункай якой з самага заснавання дыяцэзіі, амаль 25 гадоў (з 13 красавіка 1991 г.) з’яўляецца Маці Божая Вастрабрамская. Таксама ў Эўхарыстыі ўдзельнічалі вернікі з Мінска, Іўя, Паставаў.
Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары з Беларусі. Падчас яе спяваў гродзенскі хор «Cantate Domino». Перад Эўхарыстыяй беларускiя вернiкі маліліся ў Вострай Браме Ружанец. Малітву вялі дзеці ў нацыянальнай беларускай вопратцы.
Да Маці Божай Вастрабрамскай пілігрымавалі ў гэты дзень таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне: навучэнцы 1 курса, каб даверыць Панне Марыі свой шлях, і 3 курса, каб дзякаваць Ёй за духоўную вопратку — сутану, якую атрымалі ў гэтым годзе, і прасіць аб патрэбных ласках для лепшай падрыхтоўкі да прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.
«Божая мiласэрнасць, дзякуючы Марыi, дакранулася да нашай зямлi»
Цудатворны абраз Маці Божай Вастрабрамскай непарыўна звязаны з гісторыяй нашай зямлі, яе культурай і традыцыяй веры, займае важнае месца ў сэрцах яе жыхароў. Маці Божая Вастрабрамская займае галоўнае месца ў многіх беларускіх святынях, гэты абраз ёсць у многіх дамах, і людзі часта моляцца перад ім у розных патрэбах душы і цела.
У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што «пачатак аднаўлення жыцця Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне прыйшоў праз Марыю». «Дарога з Вострай Брамы вядзе проста на Мiнск. Божая мiласэрнасць, дзякуючы Марыi, дакранулася да нашай зямлi. Сёння мы дзякуем Богу i Марыi за гэта», — сказаў іерарх.
Арцыпастыр нагадаў пра няпростыя сацыяльна-палiтычныя абставiны ў сучасным свеце, звярнуўшы ўвагу, што, «шукаючы прычын сацыяльна-палiтычных крызiсаў, перад вачыма неабходна мець i маральны закон».
«Бог спяшаецца з дапамогай і асаблiва робiць гэта праз Марыю»
Па словах іерарха, «на выклiкi нашага часу неабходна глядзець не толькi як на праблемы, якiя патрабуюць вырашэння, але i як на магчымасць новага развiцця не толькi ў эканомiцы, але i ў духоўным жыццi». «Мы перажылi доўгi перыяд ганенняў на Касцёл i будавання грамадскага жыцця без Бога. Сёння перажываем новы парадокс. Цешымся свабодай веравызнання, але ёю не карыстаемся. Больш за тое, самі адракаемся ад Бога i Яго закону», — дадаў арцыбіскуп.
Мітрапаліт падкрэсліў, што «незахаванне Божага закону ўжо прывяло да шматлiкiх няшчасцяў, i iх колькасць з кожным днём павялiчваецца», і ў гэтай сітуацыі «ўзнiкае пытанне: дзе шукаць паратунку?»
«А ён ёсць. Бог не пакінуў нас адных з нашымi праблемамi. Так было, калi чалавецтва чакала абяцагана збаўлення. Тады Ён паслаў у свет свайго Адзiнароднага Сына, каб збавiў нас сваёй крыжовай смерцю. Здаецца, што Бог больш жадаў збаўлення чалавека, чым ён сам, бо хто адважыцца аддаць жыццё за iншага? Бог спяшаецца з дапамогай і асаблiва робiць гэта праз Марыю», — адзначыў арцыпастыр.
«Даверыцца нашай духоўнай Маці»
Мітрапаліт нагадаў, што «цягам стагоддзяў нашы продкi спяшалiся ў Вострую Браму i прасiлi дапамогi», і «тысячы вотаў на сценах вастрабрамскай каплiцы сведчаць аб тым, што iх просьбы былi выслуханы». «Нам не трэба нанова выдумваць ровар, а iсцi шляхам нашых продкаў i даверыцца Марыi», — звярнуў увагу арцыбіскуп.
«Мы павінны прыбягаць да нашай духоўнай Мацi з надзеяй, што Яна нас не пакіне i дапаможа, — сказаў Мітрапаліт. — Сёння мы, беларускiя пiлiгрымы, з даверам звяртаемся да Цябе, Марыя: Ты, якая свецiш у Вострай Браме, як казаў наш вялiкi паэт Адам Мiцкевiч, мiласцiва ўзглянь на нас i наш народ i асвяцi наш шлях.
У час мiласэрнасцi, як называе сучаснасць Папа Францiшак, выпрасi нам ласку кiнуцца ў абдымкі Езуса Мiласэрнага, каб Ён духоўна нас адрадзiў».