Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, навучэнцы беларускіх семінарый наведваюць парафіі
Беларусь
22.11.2015 08:07

22 лістапада, у нядзелю Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, так званую «семінарыйную нядзелю», навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведваюць некаторыя парафіі, каб разам з вернікамі памаліцца аб новых пакліканнях да асаблівай службы Богу.

Падчас наведвання парафіяльных супольнасцяў навучэнцы сустракаюцца таксама з Літургічнай службай алтара, каб наблізіць для іх штодзённае жыццё семінарыста.

У гэты дзень па традыцыі ў парафіях збіраюцца ахвяраванні на ўтрыманне семінарый. Карыстаючыся нагодай, семінарысты дзякуюць вернікам дыяцэзіі за малітвы ў інтэнцыі новых пакліканнях да служэння ў Касцёле, у інтэнцыі семінарый, а таксама за матэрыяльны клопат аб гэтых навучальных установах.



Семінарыі ў Гродне і Пінску функцыянуюць дзякуючы ахвярнасці вернікаў, якія складаюць ахвяраванні і моляцца ў іх інтэнцыі. У гэтых установах дзякуючы падтрымцы многіх людзей могуць рыхтавацца да служэння ў Касцёле новыя святары, якія пасля праходжання духоўнай, інтэлектуальнай і чалавечай фармацыі будуць несці Божае слова ў Беларусі.

У парафіях Гродзенскай дыяцэзіі ў гэты дзень семінарысты агучваюць ліст рэктара семінарыі ў Гродне кс. д-ра Рамана Рачко, скіраваны да вернікаў дыяцэзіі.

У лісце рэктар адзначае: «Сёння чалавек моцна патрабуе радасных навінаў пра каралеўскую годнасць усіх людзей. Свет, напоўнены гвалтам, неспакоем, нянавісцю і страхам, чакае добрай навіны пра любоў і міласэрнасць, патрабуе тых, хто будзе абвяшчаць Божае Валадарства.  Таму мы просім вас, дарагія хрысціяне – у адпаведнасці з просьбай Езуса аб малітве за працаўнікоў на жніве Панскім – маліцца ў сваіх парафіяльных супольнасцях і сямейных дамах аб пакліканні да святарства і манаскага жыцця, каб не было недахопу ў тых, хто, нягледзячы на тое, што застаецца слабым і грэшным, але з верай і даверам у Божую дапамогу, пойдзе да ўсіх, хто чакае добрай навіны пра любячага Бога».



«З ліку выпускнікоў нашай семінарыі да годнасці біскупа былі пакліканы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Супрацоўнікі нашай семінарыі – гэта больш за 30 духоўных і свецкіх выкладчыкаў, якія атрымалі адукацыю ў розных універсітэтах Італіі, Германіі, Польшчы і Беларусі. На дадзены момант мы імкнёмся забяспечыць глыбокай чалавечай, духоўнай, дактрынальнай, пастырскай і місіянерскай фармацыяй 33 маладых людзей, якія ў сценах гродзенскай семінарыі рыхтуюцца да святарства.

Умілаваныя ў Хрысце! Сёння ад імя ўсёй нашай семінарыйнай супольнасці ў Гродне праз пасрэдніцтва гэтага ліста як рэктар я хачу падзякаваць вам за малітвы, за ўсё добрае, што робіце нам, а таксама за матэрыяльныя ахвяры, якія вы складаеце на ўтрыманне нашай семінарыі. Давайце памятаць, што малітва за работнікаў на жніве Пана, як і дапамога тым, хто жадае прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля, з’яўляецца нашым агульным абавязкам», – сказана ў лісце.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.