Марыяніна Паўла Федаровіча пасвяцілі ў дыяканы ў Лідзе |
Беларусь |
30.11.2015 12:07 |
28 лістапада ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбылося дыяканскае пасвячэнне семінарыста Паўла Федаровіча, які належыць да супольнасці айцоў марыянаў. Пасвячэнне ўдзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Дыяканскае пасвячэнне з’яўляецца пацвярджэннем духоўнай асобай свайго выбару і шляху, а таксама паказвае гатоўнасць служыць Богу і людзям, распаўсюджваць Божае слова, удзельнічаць у евангелізацыі, а таксама, як у выпадку Паўла Федаровіча, займацца пашырэннем культу Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай – асноўны абавязак і гонар у харызмаце кангрэгацыі айцоў марыянаў. Біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў у гаміліі, што «дыяканат з’яўляецца дарам, але нельга забываць, што адначасова гэта таксама і задача, місія». «Па прыкладу Езуса, як мы чулі ў сённяшнім Евангеллі, які прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, а каб служыць (пар. Мц 20, 28), місія дыякана заключаецца ў тым, каб служыць іншым. Само слова “дыякан” азначае “слуга”. Гэтае служэнне іншым праяўляецца ў нясенні слова Божага, у дапамозе святару пры цэлебрацыі літургіі, а таксама ў паслузе міласэрнасці патрабуючым», – нагадаў іерарх. Таксама біскуп параіў новаму дыякану «вышэй за ўсё, у самым цэнтры свайго жыцця» паставіць «стварэнне асабістай і глыбокай еднасці з Богам»: дбаць «пра асабістую малітву, медытацыю, Літургію гадзінаў, Эўхарыстыю, успамінаючы словы Езуса: “без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 5)». (AG) |
Фотарэпартаж |