Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускае сакральнае мастацтва прадставяць у Ватыкане
Беларусь
09.12.2015 13:10

У 2016 годзе беларускае сакральнае мастацтва будзе прадстаўлена ў Ватыкане. Пра гэта паведаміў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася 8 снежня ў Мітрапалітальнай курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Гэта будуць абразы, іконы — як праваслаўныя, так і каталіцкія, што нагадвае таксама аб экуменічным характары гэтага праекту. І вельмі важна, што ў Ватыкане будзе паказана гісторыя хрысціянства нашай краіны. Я ўпэўнены, што выстава паспрыяе развіццю адносін паміж Беларуссю і Ватыканам, а таксама дапаможа наведвальнікам, якіх там кожны дзень тысячы, больш даведацца аб Беларусі і Касцёле ў Беларусі», — выказаў думку іерарх.

Калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея багатыя на прыклады сакральнага мастацтва розных стагоддзяў. Таксама шмат прац сакральнага мастацтва знаходзіцца і ў Музеі старажытнабеларускай культуры НАН РБ.

Калекцыя старажытнабеларускага іканапісу і сакральнага жывапісу — адна з найбольш каштоўных у Беларусі. Найбольшая калекцыя твораў беларускага іканапісу адлюстроўвае гісторыю развіцця самабытнага рэлігійнага жывапісу, гісторыю беларускай іконы з канца ХV ст. (абраз Маці Божай Адзігітрыі са Случчыны) да першых дзесяцігоддзяў ХІХ стагоддя.

Помнікі пачатку ХІХ стагоддзя яшчэ захоўваюць традыцыйныя рысы класічнай беларускай іконы: пазалочаныя і пасярэбраныя фоны, асаблівая іканаграфія сюжэтаў і вобразаў.

Ідэя ватыканска-беларускага культурнага праекта знаходзіцца ў стане распрацоўкі, але вернісаж запланаваны на люты-сакавік.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.