Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў аплатковую сустрэчу з супрацоўнікамі СМІ
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.12.2015 17:37

8 снежня ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску прайшла аплатковая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, дапаможных біскупаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага SDB з журналістамі свецкіх і рэлігійных СМІ.

Сустрэча адбылася разам з традыцыйнай прэс-канферэнцыяй перад Божым Нараджэннем, падчас якой іерархі падвялі вынікі 2015 года і распавялі пра планы на будучы год.

Пражытае за 12 месяцаў

Сярод галоўных падзей гэтага года Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў візіт Дзяржаўнага Сакратара Папы кардынала П'етро Параліна ў Беларусь, які пазітыўна паўплываў і на становішча Касцёла ў Беларусі, і на адносіны Беларусі і Ватыкана.

Таксама Мітрапаліт адзначыў важнасць пасвячэння біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, пасля якога агульная колькасць біскупаў у Беларусі дасягнула васьмі. Важнай для Паўсюднага Касцёла падзеяй быў і Сінод Біскупаў, прысвечаны праблемам сучаснай сям'і.


Асобна арцыпастыр адзначыў навіну сумную для Касцёла ў нашай краіне — аб тым, што Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці завяршае сваю працу ў Беларусі і будзе выконваць абавязкі прадстаўніка Святога Айца ў суседняй Украіне.

Іерарх дадаў, што арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці вельмі палюбіў Беларусь, яе культуру і мову, а беларусы заўсёды былі рады бачыць прадстаўніка Папы. Дзейнасць Апостальскага Нунцыя, па словах Мітрапаліта, не толькі дапамагла Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі, але і палепшыла імідж усёй Беларусі ў свеце.


«Ён моцна ўвайшоў у жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, радаваўся яго дасягненням, сумаваў, калі нешта не атрымлівалася... Дзякуем Апостальскаму Нунцыю арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці і молімся за ягоную місію ва Украіне, каб яна была была паспяховай», — сказаў Мітрапаліт.

У будучым годзе

2016 год абвешчаны Святым Айцом Юбілейным Годам Міласэрнасці. Год Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі пачнецца 13 снежня з адкрыцця Святых Дзвярэй ва ўсіх катэдрах і некаторых іншых святынях краіны.


Каб атрымаць адпуст, вернікі павінны здзейсніць пілігрымку да Святых дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання.

«Што значыць "пілігрымаваць"? Гэта значыць выйсці з пэўнай інтэнцыяй і жаданнем. Недастаткова прыйсці толькі ведаючы, што ёсць Юбілей, ёсць брамы Божай Міласэрнасці, але таксама варта да іх ісці з мэтай, каб, прайшоўшы праз іх, спаткацца з міласэрным Хрыстом, перш за ўсё ў сакрамэнце пакаяння», — распавёў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.


Значнай датай для Касцёла ў Беларусі ў 2016 годзе будзе і 25-годдзе адраджэння каталіцкіх структур у нашай краіне — 13 красавіка 1991 года святы Папа Ян Павел ІІ ухваліў стварэнне ў Беларусі новых дыяцэзій і прызначыў першых біскупаў пасля дзясяткаў гадоў камуністычнага пераследу веры.


З красавіка дыяцэзіі пачнуць адзначаць сваё нараджэнне, а фіналам святаў будзе традыцыйна вясёлы і бурлівы, узнёслы і гучны фэст у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, дзе будзе адсвяткавана 25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

Таксама іерархі нагадалі, што ў 2016 годзе недалёка ад Беларусі — у Кракаве — адбудзецца Сусветны дзень каталіцкай моладзі, на якім, як чакаецца, будзе 5-6 тысяч беларускіх удзельнікаў.

На заканчэнне сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся аплаткамі, віншуючы адзін аднаго з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і Новага года.

Аляксандр Гелагаеў
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.