Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Калядная сустрэча для супрацоўнікаў і валанцёраў усіх аддзяленняў «Caritas» прайшла пад Мінскам
Беларусь
17.12.2015 18:32

17 снежня ў цэнтры св. Лукі пры «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пад Мінскам сабраліся супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas».

Такія сустрэчы сталі ўжо добрай традыцыяй для «Caritas» у Беларусі. Яны ладзяцца дзеля таго, каб перад святам Божага Нараджэння сустрэцца ўсім разам, як адна вялікая сям’я, і падзяліцца адзін з адным радасцю і цеплынёй ад Нараджэння Езуса Хрыста.

На сустрэчы прысутнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру пры ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і кіраўнікі дыяцэзіяльных «Caritas». Таксама на сустрэчы прысутнічаў былы дырэктар Нацыянальнага «Caritas» кс. Віктар Гайдукевіч SDB, які на працягу шасці год узначальваў арганізацыю ў Беларусі.

Cустрэча пачалася святой Імшой, падчас якой прысутныя дзякавалі Богу за яшчэ адзін год плённага служэння ў «Caritas».

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў прысутным, што «Caritas» — гэта не праца, а служэнне. Кожнаму з прысутных іерарх пажадаў сапраўднай пакоры ў гэтым служэнні, якая дапагае спазнаць самога сябе і прызнацца ў сваіх недахопах і слабасцях, каб, беручы прыклад з Езуса Міласэрнага, ісці да тых, каму патрэбна дапамога, падтрымка і любоў.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што перад тым, як людзі ўбачаць Міласэрнасць Хрыста, яны павінны адчуць чалавечую прыхільнасць да сябе.

«Божая міласэрнасць бязмежная, і мы, асабліва супрацоўнікі дабрачыннага таварыства “Caritas”, павінны быць такімі ж.

Паэты называюць цуд Бэтлеемскай ночы пацалункам Бога з зямлёй. Бог не мае ні рук, ні ног. Мы павінны быць імі, каб Ён мог дзейнічаць праз нас. Няхай жа дзякуючы вашаму ахвярнаму служэнню як мага больш людзей, асабліва тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, адчуюць гэты пацалунак Бога і спазнаюць Яго міласэрнасць. А для гэтага неабходна, каб яны найперш убачылі ў нашых вачах позірк міласэрнасці», — сказаў арцыпастыр. 

Мітрапаліт дадаў, што «Caritas» дзейнічае ў Беларусі ўжо больш за 25 гадоў, змяняліся ўмовы служэння і магчымасці, але служэнне заставалася, «і толькі адзін Бог ведае, колькі людзей атрымала духоўную і матэрыяльную дапамогу, дзякуючы якой Хрыстус сваёй ласкай нарадзіўся ў іх сэрцах». 

Цалкам тэкст гаміліі тут>>>

Ужо па традыцыі падчас каляднай сустрэчы кіраўнікі дыяцэзіяльных «Caritas» робяць справаздачу аб дзейнасці за мінулы год, дзелячыся сваімі дасягненнямі, радасцямі, а таксама планамі на будучы год. Можна было заўважыць, што кожны «Caritas», ініцыюючы розныя праекты і аказваючы дапамогу патрабуючым, імкнецца да агульнай мэты ўсёй арганізацыі.


Як сям'я перад Божым Нараджэннем збіраецца разам, каб павіншаваць адзін аднаго і падзяліцца сімвалічнай аплаткай, так і сям’я «Caritas» напрыканцы сустрэчы цёпла і пяшчотна склала адзін аднаму самыя лепшыя пажаданні.

Кацярына Мальцава, (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.