17 студзеня Касцёл адзначае дзень «людзей у дарозе» |
Беларусь |
17.01.2016 00:00 |
17 студзеня ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца Сусветны дзень мігранта і бежанца пад дэвізам «Мігранты і бежанцы — выклік для нас. Адказ — у Евангеллі міласэрнасці». Сёння, калі бачна, што адбываецца ў свеце і як шмат людзей знаходзіцца ў дарозе, Касцёл звяртае ўвагу на праблему людзей, якія перамяшчаюцца з аднаго месца ў іншае ў пошуках працы, лепшых умоў жыцця, сховішча або адукацыі. Папа Францішак падчас свайго пантыфікату вельмі часта звяртаецца да людзей добрай волі з просьбай прымаць з любоўю і ставіцца з павагай да мігрантаў і бежанцаў. У спецыяльным пасланні на гэты дзень Пантыфік звяртае ўвагу, што «сёння міграцыя пастаянна актывізуецца ва ўсіх рэгіёнах нашай планеты». «Важна паглядзець на мігрантаў не толькі з пункту гледжання іх рэгулярнага або нерэгулярнага статусу, але перш за ўсё як на людзей, якія — пры павазе да іх годнасці — могуць унесці свой уклад у росквіт і развіццё ўсіх, асабліва калі з адказнасцю возьмуць на сябе абавязкі адносна тых, якія іх прымаюць, з удзячнасцю будуць паважаць матэрыяльную і духоўную спадчыну краіны знаходжання, выконваць яе законы і ўносіць свой уклад у яе выдаткі», — піша Святы Айцец. Міграцыя стала вельмі распаўсюджанай з’явай у сучасным свеце, яна ахоплівае ўсе краіны — тыя, адкуль паходзяць мігранты, тыя, праз якія пралягае іх шлях, і тыя, якія з’яўляюцца мэтай іх вандравання. Гэтая з’ява становіцца драматычным выклікам як для палітыкаў і эканамістаў, так і для сацыёлагаў і дэмографаў. Яна датычыць мільёнаў людзей і з’яўляецца праблемай, якую Касцёл, што служыць усяму чалавецтву, павінен вырашаць у евангельскім духу любові.
Мігранты і бежанцы маюць патрэбу ў асаблівай душпастырскай апецы з боку касцёльных супольнасцяў, чулых не толькі на іх асабістыя цярпенні, але і на негатыўныя наступствы цяжкіх побытавых умоваў. Пакліканне Касцёла — аказваць гасіцннасць мігрантам і служыць ім. Сітуацыя выкаранення, у якой яны знаходзяцца, і нячуласць акружэння спіхваюць іх на ўзбочыну грамадства. Менавіта таму Касцёл павінен дзейнічаць больш актыўна, быць больш чуйным, разумна рэалізоўваць усе прыдатныя ініцыятывы. Таксама Касцёл заахвочвае мігрантаў і бежанцаў не замыкацца ў сабе і не ізалявацца ад жыцця дыяцэзіі і парафіі, якая іх прымае. Сёлетні Сусветны дзень мігранта і бежанца — час асаблівай малітвы за тых, хто з якіхсьці прычын знаходзіцца далёка ад сваіх дамоў і сем’яў. Асабліва востра адчуваюць гэтую праблему тыя іншаземцы, якія знаходзяцца пад найбольшай пагрозай: мігранты, пазбаўленыя патрэбных дакументаў, бежанцы, тыя, хто шукае сховішча, вымушаныя эміграваць з-за вострых канфліктаў у розных частках свету, у тым ліку і побач з Беларуссю — ва Украіне. |