«Будзьце соллю зямлі…»: урачыстасці на заканчэнне Года кансэкраванага жыцця прайшлі ў Мінску |
Беларусь |
04.02.2016 19:16 |
Прадстаўнікі розных манаскіх супольнасцяў, якія зараз працуюць у самых розных месцах Беларусі, 4 лютага прыехалі ў Мінск, каб разам маліцца і святкаваць заканчэння Года кансэкраванага жыцця ў Каталіцкім Касцёле. У іх інтэнцыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. На Эўхарыстыі быў прысутны ўвесь епіскапат Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Перад святой Імшой працаўнікі жніва Пана схіліліся ў малітве падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую падрыхтавалі с. Марцэліна Мігач ISSM і кс. Алег Грыгаровіч SAC.
На пачатку Імшы да прысутных звярнуўся з прывітальным словам, падводзячы вынікі мінулага года і працы кансэкраваных асобаў, а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC, старшыня Аб’яднанне вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця. Святар падкрэсліў важнасць мінулага перыяду, што ацэньваецца не колькасцю фотасправаздач і напісаных артыкулаў аб праведзенай працы, а якасцю глыбокага духоўнага жыцця і адносін з Богам.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу ў гаміліі, што Год кансэкраванага жыцця, які быў абвешчаны Папам Францішкам і якi разам з Паўсюдным Касцёлам перажываў i Касцёл у Беларусi, павінен быў, паводле думкi Пантыфiка, «стаць выключнай магчымасцю яшчэ раз падзякаваць Богу за мiнулае, за слаўную агульную гiсторыю кансэкраванага жыцця i за гiсторыю канкрэтнай манаскай супольнасцi». Таксама, дадаў іерарх, гэты год «стаў добрай нагодай з радасцю прыняць, перажываць i ацанiць сучаснасць, даследаваць, у якiм пункце жыцця i служэння Касцёлу паводле харызматаў сваiх заснавальнiкаў знаходзяцца манаскiя супольнасцi». Арцыпастыр падкрэсліў, што Год кансэкраванага жыцця быў «часам ласкi, за якi мы ўсе, кансэкраваныя i некансэкраваныя асобы, павiнны з радасцю дзякаваць, бо з’яўляемся членамi таго ж самага Касцёла».
«Сёння, завяршаючы Год кансэкраванага жыцця, (…) мы з запаленымі свечкамi iдзём на сустрэчу з Тым, якi ёсць “святлом свету”, i вiтаем Яго з верай, якую атрымалi падчас сакрамэнту хросту. Той, хто захавае гэту веру, будзе збаўлены», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падкрэсліў, што кансэкраванае жыццё «павiнна развiвацца i выконваць тую мiсiю, якую Бог яму даверыў паводле розных харызматаў, вялiкая колькасць якiх дазваляе больш эфектыўна i рознабакова падыходзiць да складанай евангелiзацыйнай i прафетычнай мiсii». «Будзьце соллю зямлi і святлом свету, — заклікаў арцыбіскуп манахаў і манахінь. — Сучасны секулярызаваны свет мае патрэбу ў солi хрысцiянства, каб маральна не сапсавацца. Ён мае патрэбу ў святле Евангелля, каб не заблукаць у цемры свету, які ўсё больш дэмаралізуецца. Яму неабходна хрысцiянскае сведчанне, што i ў наш час ёсць людзi, якiя ўмеюць плысцi супраць цячэння i не паддаюцца модзе адыходу ад Бога i абагаўлення амаральных спраў». Каб былі бачным знакам Божай прысутнасці Падчас святой Імшы адбыўся важны і прыгожы момант аднаўлення манаскіх абяцанняў. «Прымі, Ойча любові і міласэрнасці, нашае прысвячэнне Табе. Умацуй нас сваёй ласкай, каб мы праз святое жыццё былі для сучаснага свету бачным знакам Тваёй прысутнасці…» — паўтаралі законныя браты і сёстры, трымаючы ў руках запаленыя свечкі. «Мы сёння ўсе ахвярай Хрыста — Эўхарыстыяй — дзякуем кожнай асобе, прысвечанай Богу ў нашай краіне, за адданае служэнне, за ласку малітвы на каленях, за ахвяраваны пост і нялёгкую працу. За тое, што вы велікадушна выслухоўваеце просьбы церпячых і бедных людзей і спяшаецеся да іх з дапамогай. Дзякуем за тое, што з’яўляецеся ў нашым Касцёле яго хуткай дапамогай і выпрошваеце міласэрнасць для нас і для ўсяго свету», — напрыканцы Імшы звярнуўся адказны пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB. Пасля Імшы вуліца Інтэрнацыянальная, якой звычайна найхутчэй можна дайсці да касцёла свв. Сымона і Алены, запоўнілася жанчынамі і мужчынамі ў розных габітах.
У Чырвоным касцёле, дзе праходзіла другая частка агульнабеларускай сустрэчы кансэкраваных асобаў, у зале дольнага касцёла адбыўся незвычайны канцэрт. Незвычайнасць яго была ў тым, што ён складаўся з выступаў свецкіх людзей, якія перажылі ў сваім жыцці моцны досвед Бога, навяртанне, аздараўленне і прагнулі падзякаваць тым, якія з’яўляюцца сведчаннем прысутнасці Божай у іх жыцці — асобам, якія калісьці раз і назаўсёды далі сваё абяцанне Богу. (AYU),(AG) |
Фотарэпартаж |