Унікальны відэазапіс з будучым беларускім біскупам Чэславам Сіповічам знойдзены ў інтэрнеце |
Беларусь |
08.02.2016 12:01 |
Біскуп Чэслаў Сіповіч, адзін з беларускіх святароў-патрыётаў, які заснаваў Беларускую бібліятэку і музей ў Лондане, у 1940 годзе быў яшчэ дыяканам, вучыўся і жыў у Рыме. Відэазапіс, на якім будучы іерарх выконвае абавязкі дыякана на грэка-каталіцкай літургіі, быў зроблены ў Папскім каледжы «Русікум» 15 красавіка 1940 года. Знайшоў ролік на Youtube ксёндз Аляксей Ляшко, які зараз вучыцца ў Швейцарыі, апублікаваў спасылку ксёндз Сяргей Сурыновіч з Друі. Чэслаў Сіповіч, які нарадзіўся ў 1914 годзе, паходзіў са шматдзетнай сялянскай сям’i беларусаў-католікаў Вінцэнта Сіповіча i Ядвігі Тычкі. Выхоўваўся ў Друйскім кляштары айцоў марыянаў, вучыўся ў Вільні і Рыме, абараніў доктарскую працу.
Біскуп Чэслаў Сіповіч актыўна займаўся не толькі духоўнай, але і беларускай грамадска-культурнай працай. Імкнуўся ён таксама быць прыкладам братэрскай любові, асабліва звяртаючы ўвагу на тое, каб не было канфліктаў паміж беларусамі-католікамі і беларусамі-праваслаўнымі. Біскуп Сіповіч урачыста ўносіць святое Евангелле перад пачаткам сесіі Другога Ватыканскага Сабору. 12 лістапада 1965 года, дзень святога Язафата, арцыбіскупа Полацкага. Беларускія грэка-каталіцкія епархіі, ліквідаваныя незаконна ўладамі царскай Расіі, фармальна існуюць і дагэтуль. Таму грэка-католікі Беларусі жывуць сёння спадзяваннем і марамі аб адпаведнай кананічнай структуры і спадзяюцца на заступніцтва перад Богам біскупа Чэслава Сіповіча. Аляксандр Гелагаеў паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, кнігі айца Аляксандра Надсана «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус». |