Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «Несакрамэнтальныя сужэнствы не пакінуты на волю лёсу» |
Беларусь |
09.02.2016 11:55 |
4 лютага Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла арганізаваць пастырства несакрамэнтальных сужэнстваў. Catholic.by спытаў у Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра прычыны гэтага рашэння, а таксама пра тое, як будзе выглядаць такое пастырства.
— Што такое несакрамэнтальныя сужэнствы? Гэта сапраўдныя сужэнствы, якія не атрымалі афіцыйнага благаслаўлення Касцёла? — Паводле Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла сапраўдны сужэнскі саюз паміж хрысціянамі з’яўляецца сакрамэнтам. Таму несакрамэнтальнае сужэнства з'яўляюцца тады, калі мужчына і жанчына жывуць сужэнскім жыццём, не будучы злучанымі cакрамэнтам сужэнства. — У якіх жыццёвых сітуацыях для католікаў узнікаюць такія саюзы? — Найчасцей яны ўзнікаюць тады, калі мужчына і жанчына ўступілі ў саюз, але адзін з іх або абое ўжо мелі сакрамэнт сужэнства ў мінулым, і яны не могуць атрымаць касцёльнага благаслаўлення па прычыне таго, што першыя іх саюзы былі благаслаўлёныя Касцёлам, і Касцёльны суд не прызнаў іх несапраўднасць. Існуюць таксама несакрамэнтальныя саюзы, якія могуць стаць сакрамэнтальнымі ў выпадку, калі мужчына і жанчына не маюць кананічных перашкод для заключэння сакрамэнтальнага сужэнства, не хапае толькі добрай волі мужчыны і жанчыны. Таксама саюз асобаў неахрышчаных з’яўляецца сужэнствам, але несакрамэнтальным. — Чаму беларускія каталіцкія біскупы вырашылі, што трэба стварыць для несакрамэнтальных саюзаў спецыяльнае пастырства? — Духоўная сітуацыя такіх сем’яў вельмі складаная і цяжкая. Нярэдка сужэнцы вельмі моцна перажываюць той факт, што не могуць ва ўсёй паўнаце прымаць удзел у святой Эўхарыстыі, гэта азначае, што не могуць прыступаць да святой Камуніі. Не могуць яны таксама быць хроснымі бацькамі і сведкамі сакрамэнту канфірмацыі. У той жа час яны не з’яўляюцца экскамунікаванымі і працягваюць заставацца членамі Касцёла, і таму яны таксама маюць права на адпаведную пастырскую апеку, часта з мэтай урэгулявання іх касцёльнага статусу. Пакаранне экскамунікай — гэта самае суровае пакаранне ў Касцёле. Яно прадугледжвае выключэнне з жыцця супольнасці Касцёла, пазбаўленне ўсіх правоў і дабротаў, якія дае прыналежнасць да Касцёла, у тым ліку магчымасці прыступаць да сакрамэнтаў. Менавіта кіруючыся гэтым, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, як адказ на новы выклік нашага часу, вырашыла арганізаваць пастырства такіх сужэнстваў. — Якім, на думку Канферэнцыі, павінна быць гэтае пастырства? Якія асаблівыя рысы яно павінна мець? — Канкрэтным адказам на гэтае пытанне і будзе займацца новастворанае пастырства ў Касцёле ў Беларусі. Найперш неабходна пазнаёміцца з вучэннем Касцёла па гэтай праблеме і прыгледзецца да досведу іншых краін, дзе падобнае пастырства ўжо існуе. Далей — трэба прыняць да ўвагі абставіны, у якіх знаходзяцца несакрамэнтальныя сужэнствы ў нашай краіне, і наогул нашу культуру. Захоўваючы непарушныя маральныя нормы і касцёльную дысцыпліну, неабходна апрацаваць канкрэтную пастырскую праграму. Дапамогай у гэтым працэсе будзе Апостальская адгартацыя на тэму сям’і, якую, як спадзяёмся, у хуткім часе апублікуе Папа Францішак. Гэта будзе афіцыйнае навучанне Касцёла з пастырскімі арыенцірамі, таксама і ў галіне несакрамэнтальных сужэнстваў. Асноўным у такім пастырстве павінна быць тое, што несакрамэнтальныя сужэнствы не пакінуты на волю лёсу, але Касцёл пра іх памятае, клапоціцца і хоча суправаджаць у жыцці. Аляксандр Гелагаеў |