Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння: нямецкі даследчык пра тое, як ствараў кнігу «Літва. Аднаўленне Касцёла»
Беларусь
18.02.2016 16:20

Кнігу пад назвай «Літва. Аднаўленне Касцёла», якая пабачыла свет у 2015 годзе, у супрацоўніцтве з дабрачыннай нямецкай арганізацыяй «Рэнавабіс» прадставіў нямецкі журналіст Маркус Новак. Аўтар распавёў Catholic.by пра сваю працу над праектам і асаблівасцямі даследавання.



«У Літве 86 працэнтаў зарэгістраваных хрысціян — католікі»


«Я супрацоўнічаю з "Bonifatiuswerk", — адзначае Маркус Новак. — Гэта такая нямецкая каталіцкая арганізацыя, якая працуе асаблівым чынам з дыяспарамі ва Усходняй Германіі, Скандынавіі, а таксама краінамі Балтыкі і дапамагае ў тым ліку і католікам.

З гэтай арганізацыяй я ў 2012 годзе выдаваў тэматычныя сшыткі, прысвечаныя Эстоніі і Латвіі. Падрыхтоўка гэтых сшыткаў вялася сумесна з "Рэнавабіс". Пазней у "Рэнавабіс" мне прапанавалі зрабіць таксама даследаванне пра жыццё Касцёла ў Літве, якое б завяршала цыкл матэрыялаў пра краіны Балтыкі.

Раней я ўжо супрацоўнічаў з "Рэнавабіс" у якасці журналіста, таму мяне там крыху ведалі. У сваёй працы я шмат працую з краінамі Усходняй Еўропы, таму, мяркую, гэта і паслужыла прычынай, па якой якраз мяне запрасілі працаваць над гэтым праектам».

Таксама па тэме:

— Ці можна параўнаць рэлігійную сітуацыю ў Літве і Германіі?

— Літва амаль у 30 разоў меншая за Германію па плошчы, таму адказаць адназначна не так проста. У Літве 86 працэнтаў людзей з’яўляюцца каталіцкімі вернікамі — прынамсі зарэгістраванымі як католікі. У Германіі ж усё выглядае крыху інакш. Статыстычна гэта толькі трэцяя частка насельніцтва, якая плаціць т.зв. касцёльны падатак.

Рэлігійная сітуацыя з верай у Германіі адрозніваецца рэгіянальна. Нешта падобнае можна сказаць і пра Літву, аднак там сітуацыя іншая. Напрыклад, ва Усходняй Германіі каля 80 працэнтаў насельніцтва ўвогуле не адносяць сябе да якойсьці канфесіі. У Літве так моцна гэта не выражана. Таму параўнаць узровень рэлігійнасці сярод насельніцтва дастаткова цяжка.

Кажучы пра Літву, часам згадваюць цікавую гісторыю. Гэта краіна, якая была хрысціянізавана ў Еўропе адной з апошніх. У высокім Сярэднявеччы многія з сённяшніх літоўцаў яшчэ не прынялі хрысціянства і заставаліся язычнікамі.


На фота: гара крыжоў у Літве

Важна падкрэсліць, што ў камуністычны час Касцёл у Літве адыгрываў сваю адметную ролю ў параўнанні з Германіяй, асабліва на яе захадзе, дзе на той час не існавала ніякага рэлігійнага ўціску. Адпаведна некаторыя з’явы ў абедзвюх краінах адрозніваюцца: у Германіі крамы па нядзелях усё яшчэ застаюцца зачыненымі. У Літве не так, у гэты дзень тут працуюць.

— Што новага ўдалося адкрыць для сябе падчас працы?

— Я адкрыў для сябе цікавую краіну. Літва, да якой зараз я адчуваю ўсё большую прывязанасць, цікавая мне найперш як гісторыку. Вельмі шмат аспектаў з гісторыі хрысціянства, якія ў Германіі ўжо амаль незаўважныя, тут вельмі добра прасочваюцца.

Яшчэ ў Літве добра бачная моцная сувязь каталіцтва з Польшчай. З іншага боку захад Літвы адчуў на сабе ўплыў Германіі, бо ў пэўны перыяд гэта тэрыторыя была часткай Прусіі.

Цікава ўсведамляць, што Літва ў свой час была з’яднана з Беларуссю і Польшчай на тэрыторыі ад Балтыйскага мора да Чорнага мора. Дарэчы, гэта сувязь адчуваецца ў некаторых рэчах і сёння.
Напрыклад, што датычыць мовы або паняцця «тутэйшыя». Да сёння ў Вільнюсе некаторыя людзі размаўляюць такой трасянкай — «па-тутэйшаму» — на мяшанцы беларускай, літоўскай, польскай, яўрэйскай моў і часткова ідышу. Часткова гэта яшчэ жыве. На жаль, пачуеш ты гэта не на кожнай вуліцы, але сустрэць сустрэнеш. Гэта я лічу вельмі цікавым.

— Над чым было працаваць прасцей: над фота ці над тэкстамі?

— Фотаздымкі патрэбна рабіць на месцы. І калі пасля разумееш, што яны не падыходзяць у матэрыял, у цябе няма іншай магчымасці іх перазняць. З тэкстам сітуацыя выглядае інакш.

Я запісаў усе магчымыя размовы, якія меў з людзьмі. Пазней гэтыя тэксты я перапрацаваў у пісьмовым выглядзе і ўжо затым спалучаў у той ці іншы матэрыял, перастаўляючы месцамі і абіраючы найбольш адпаведае для гэтага месца. І заўсёды можна, як што, патэлефанаваць і ўдакладніць. З фота такое немагчыма.

Але здымаць у Касцёле таксама не проста. Бо імкнешся ўсё зрабіць хутка, каб не перашкаджаць. Тым не менш добры здымак таксама патрабуе свайго часу. Калі ты пішаш тэкст, то большую працу ўсё ж робіш за пісьмовым сталом.
Таму адказаць на пытанне не так проста.

— А што стала самым цяжкім падчас даследавання?

— Тут я назваў бы асаблівасці ў камунікацыі. Гэты феномен я заўважыў не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах Усходняй Еўропы, таксама і ў Беларусі.

Калі ты дамаўляешся на інтэрв’ю, то ў Германіі звычайна пішаш ветлівы эмэйл: маўляў, тады і тады я буду побач з вамі — ці будзе магчыма сустрэцца, каб паразмаўляць і штосьці паглядзець. Як правіла, прыходзіць адказ на зварот — прынамсі ў нас. Мой вопыт з Літвой, а таксама іншымі ўсходнееўрапейскімі краінамі, кажа, што ніякага адказу не прыходзіць (усміхаецца — заўв. аўт.), або прыходзіць, але рэдка.

На фота: вокладка кнігі «Літва. Аднаўленне Касцёла» Маркуса Новака

І калі ты пазней аказваешся на месцы і выпадкова маеш тэлефон патрэбнага чалавека і  тэлефануеш яму, то табе кажуць: так, мы атрымалі Ваш эмэйл, праблемы няма, падыходзьце, усё раскажам і пакажам.

Таму найчасцей я проста ехаў кудысьці, яшчэ не ведаючы, ці атрымаецца што з размовай. На месцы ўдаецца знайсці шмат усяго, ты атрымліваеш важныя для цябе кантакты патрэбных людзей. У маленькай Літве з насельніцтвам у тры мільёны чалавек людзі збольшага ведаюць адзін аднаго, калі працуюць у адной сферы.

— Чаму ўдалося навучыцца падчас стварэння кнігі?

— Праца над кнігай у Літве прынесла шмат уражанняў. Балтыка ўспрымаецца ў Германіі як асобны рэгіён, а не як тры розныя краіны на Паўночным Усходзе. Я пазнаёміўся з многімі людзьмі, размаўляў на цікавыя тэмы. І гэтыя ўражанні я ўзяў з сабою.

Я быў бы рады падрыхтаваць падобнае даследаванне і па Беларусі. Але ўсё залежыць ад заказчыка, калі можна так сказаць. Гэта значыць, калі хтосьці прапануе мне падрыхтаваць падобную працу пра жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, я буду толькі за. Працаваць над гэтым па ўласнай ініцыятыве — было б цяжка.

Я ведаю, што рэлігійная сітуацыя з католікамі ў Беларусі ў параўнанні з Літвой адрозніваецца. Іншая краіна — іншыя звычаі. Але з радасцю падрыхтаваў бы такую працу. Дарэчы, паспрабую як-небудзь запытацца ў патэнцыйных заказчыкаў, можа, што і атрымаецца.

Ілья Лапато, фота з архіва М. Новака

Пра аўтара: Маркус Новак нарадзіўся ў 1982 годзе ў Найсэ (Ніса), вывучаў новую і навейшую гісторыю, паліталогію і сацыялогію ў Берліне, Варшаве і Мілане. Жыве ў Берліне, працуе як журналіст і фатограф для розных друкаваных СМІ, радыёстанцый і тэлеканалаў Германіі з усходу краіны і ўсёй Усходняй Еўропы. Інтарэсы: культура, соцыум, гісторыя і рэлігія.

Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .   

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.