Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я да сёння пад вялікім уражаннем»: у Мінску сустрэліся ўдзельнікі Нацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю
Беларусь
29.02.2016 12:27

Беларускія вернікі, якія прымалі ўдзел у Нацыянальнай пілігрымцы на Святую Зямлю ў верасні 2015 года, падчас якой былі ўсталяваны памятныя дошкі з гімнам Марыі «Magnificat» і гімнам Захарыі «Benedictus», сабраліся ў Мінску на сустрэчы з адказным за пілігрымку кс. Раманам Факсінскім.

Сустрэча прайшла ў доме епіскапату. Першай часткай стала святая Імша, якую кс. Раман Факсінскі для ўсіх сабраных цэлебраваў у капліцы Душпастырскага цэнтра. У другой частцы ўдзельнікі ў нефармальнай атмасферы за гарбатай дзяліліся сваімі ўражаннямі і пераглядалі фотаздымкі з пілігрымкі.

Ксёндз Раман Факсінскі адзначыў, што праграма «Па слядах Хрыста» была толькі адной з некалькіх тэм і што ўжо рыхтуюцца і іншыя праграмы пілігрымак па Святой Зямлі.

«Я хацеў бы, каб мы сустракаліся часцей, — звяртаючыся да пілігрымаў, сказаў святар. — Каб вы таксама ўключыліся ў гэтую справу: адкрываць для сябе яшчэ нязведаныя месцы, якія згадваюцца ў Святым Пісанні. І менавіта вы, як тыя, хто ўжо прымаў удзел у пілігрымцы з нашым цэнтрам пілігрымак, можаце сваім прыкладам заахвочваць іншых да сумеснай працы з намі».



Гэта вялікая ласка – пабываць на Святой Зямлі


«Я была на Святой Зямлі ўжо двойчы. Мой другі раз быў у верасні 2015 года ў складзе Нацыянальнай пілігрымкі, — адзначае Ганна Закрэўская. — Насамрэч, адчуваецца вялікая розніца ў тым, адна я ехала туды ці з групай: нашмат цікавей было другі раз, калі быў гід і група з Касцёла ў складзе такіх жа вернікаў, як і я».

Вольга Ясюкевіч, парафіянка мінскай архікатэдры, у пілігрымку выпраўлялася разам са сваёй маці і 11-гадовым сынам. Паводле слоў жанчыны, зараз шэраг момантаў з Бібліі перажываецца зусім па-іншаму:

«Кожнае з наведаных намі месцаў пакінула свой адбітак. І сёння па-новаму перажываеш тую ці іншую літургічную падзею, а асабліва Божае Нараджэнне. Мая мама першы раз увогуле ляцела ў самалёце — у яе ўражанняў яшчэ больш. Моцна паўплывала пілігрымка ў духоўным плане: там хадзіў сам Бог.

Часам людзі трацяць вялікія грошы, каб паляжаць у шазлонгу на пляжы ў цёплай краіне. Але куды больш карысна ў духоўным плане наведаць Святую Зямлю, дзе добра разумееш, дзе ты: тут — Ерузалем, там — Ерыхон. Тут жа ўсё па-іншаму. І яно таго варта! Мне здаецца, што кожны святар павінен у парафіях часцей заахвочваць да наведвання менавіта Святой Зямлі, а не Турцыі ці Балгарыі».

Вольга Новак адзначае, што яе ўражанні яшчэ дастаткова яскравыя:

«Я да сённяшняй пары гэтым яшчэ жыву. У адну з апошніх начэй, калі нас у чатыры раніцы ў чарговы раз абудзіў голас з бэтлеемскай мячэці, я запісала гэта на відэа (усміхаецца — заўв. аўт.). І фота, і відэа з паездкі час ад часу пераглядаю. Гэта вялікая ласка ад Пана — пабываць на Святой Зямлі. Нам нават удавалася часам крыху больш, чым звычайным турыстам.

Наведваючы тое ці іншае месца, мы мелі магчымасць крыху больш памаліцца, нас ніхто асабліва не падганяў. У адрозненне, напрыклад, ад маёй знаёмай, якая нядаўна была ў Егіпце і была крыху расчаравана экскурсіяй у Ізраіль, бо на гэта ў іх быў толькі адзін дзень. Я хацела б вярнуцца на Святую Зямлю ізноў, але не зараз. Я хацела б прайсціся шляхамі Старога Запавету. Сёння, чытаючы Біблію, я адчуваю зусім іншую атмасферу...»

Згодная з імі і Вольга Чарныш:

«Радуе ўсведамленне таго, што пабываў там, прывёз адтуль часціцу Хрыста ў сваім сэрцы. Мяне найбольш, відаць, уразіў Крыжовы шлях вуліцамі Ерузалема, дзе я таксама несла крыж. Пасля Крыжовага шляху — як гара з плеч звалілася. Я да сёння засталася пад вялікім уражаннем. Хочацца яшчэ раз там пабываць і ўсё перажыць нанова».

«У Кане Галілейскай мой муж у трэці раз зрабіў мне прапанову»

Падзялілася ўражаннямі і сям’я Ірэны Радзевіч і Сяргея Крупеня з Мінска, якія падчас Нацыянальнай пілігрымкі, наведваючы Кану Галілейскую, аднавілі сужэнскія абяцанні.

«Усё ад пачатку і да канца было цудам, — прызнаецца Сяргей. — Усе ўспаміны, звязаныя з пілігрымкай, акутаныя светам і цяплом. Мы быццам у глыбіню гісторыі акунуліся — многія рэчы сталі больш блізкімі і зразумелымі. Ды і жыццё стала больш зразумелым, калі ўсведамляеш у ім сапраўдную вартасць».



«У Кане Галілейскай мой муж у трэці раз у жыцці зрабіў мне прапанову (першы раз быў у ЗАГСе, другі раз — на вянчанні), — кажа Ірэна Радзевіч. — І гэта вельмі сімвалічна, бо ў 2015 годзе ў нас было 10-годдзе шлюбу. І на здымках пасля гэта выглядала, быццам увесь аўтобус прыехаў на наша вяселле (усміхаецца — заўв. аўт.). Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў стала завяршальным у шэрагу цудаў, якія адбываліся з намі падчас пілігрымкі».

Сяргей Крупень дадае, што хацеў бы зрабіць буклет па кожным з дзён пілігрымкі з апісаннем і пошукам фота. «Каб расказаць іншым пра тое, што так захапіла мяне і маю жонку», — прызнаецца мужчына.

На завяршэнне ўдзельнікі Нацыянальнай пілігрымкі абмеркавалі з кс. Раманам Факсінскім магчымыя маршруты далейшых пілігрымак, якія будуць арганізоўвацца «Каталіцкім пілігрымам» пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, выказалі свае ідэі па афармленні і напаўненні сайта, распрацоўцы адмысловага буклета і дамовіліся сустрэцца яшчэ раз.

Ілья Лапато, фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.