Актывісты «Pro-life» выпусцілі да Года Міласэрнасці дэкларацыю аб абароне жыцця |
Беларусь |
04.04.2016 18:02 |
Каардынатары пралайф акцыі «Ад акіяна да акіяна» Ева і Лех Кавалеўскія з Польшчы даслалі беларускаму пралайф-руху «Паўсюдную дэкларацыю аб абароне цывілізацыі жыцця», прымеркаваную да нядзелі Божай Міласэрнасці, Юбілейнага Года Міласэрнасці і Дня святасці жыцця.
Маніфест, перададзены з санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Тэнанго-дэль-Айрэ ў Мексіцы пралайф-актывістамі з Польшчы, заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да абароны ненароджаных дзяцей і «цывілізацыі жыцця і любові». «Мы заклікаем усіх людзей добрай волі, каб услухаліся ў заклік Божай Маці і з вялікай любоўю і адданасцю ўключыліся ў абарону цывілізацыі жыцця і любові, якая сёння знаходзіцца пад вялікай пагрозай ва ўсім свеце», — гаворыцца ў маніфесце. «Паўсюдная дэкларацыя» напісана спецыяльна з нагоды нядзелі Божай Міласэрнасці, Юбілейнага Года Міласэрнасці і Дня святасці жыцця, спалучанага з урачыстасцю Звеставання Пана. Праект «Ад акіяна да акіяна» — гэта своеасаблівы адказ на выклікі сучаснага грамадства, такія, як аборты, разводы, знішчальныя мадэлі дашлюбных паводзін і г.д.
Адным з цэнтральных мерапрыемстваў у межах кампаніі з’яўляецца правядзенне міжнароднага Крыжовага шляху ў форме аўтапрабегу ад Ціхага да Атлантычнага акіяна — ад Уладзівастока да Фацімы (Партугалія) — з абразом Маці Божай Чэнстахоўскай. Дэвіз кампаніі — «Усход і Захад у абарону жыцця». Праект ахапіў 27 краін на трох кантынентах. З 2012 года абраз Маці Божай Чэнстахоўскай пераадолеў 165 тысяч кіламетраў. Асноўнымі пунктамі маршрута з’яўляюцца Венгрыя, Польшча і Ірландыя — краіны з прасямейным заканадаўствам.
Летам 2012 года ў праекце ўдзельнічалі таксама пралайф-актывісты з Беларусі. Тады абраз Маці Божай Чэнстахоўскай быў правезены праз 16 гарадоў Беларусі і пераадолеў каля 3200 км. Гэта была адна з першых спробаў аб’яднаць пралайф-актывістаў з усёй Беларусі ў адной маштабнай справе. Адным з арганізатараў праекта з’яўляецца Human Life International — самая вялікая міжнародная арганізацыя, якая займаецца абаронай жыцця ў свеце. Марына Валасар, паводле prolife-belarus.org |