Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС наведалi Папскую раду «Справядлiвасць i мiр»
Беларусь
21.04.2016 21:36

21 красавiка ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС, якія здзяйсняюць пілігрымку ў Рым, наведалi Папскую раду «Справядлiвасць i мiр» i сустрэлiся з яе сакратаром арцыбiскупам Сiльвано Тамазі i намеснікам сакратара Фламiнiяй Джаванэллi.

У гэтым годзе адзначаецца 30-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, і візіт ліквідатараў у Рым прымеркаваны да гэтай даты. Разам з ліквідатарамі ў пілігрымцы ўдзельнічае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сакратар і намеснік сакратара распавялі ўдзельнікам пілігрымкі аб працы гэтай Папскай рады.

Падчас дыскусii ўдзельнiкi сустрэчы выказалi занепакоенасць сучасным станам экалогii i рашуча падкрэслілі, што вырашаць сiтуацыю, якая склалася, неабходна на маральных прынцыпах. Размаўляючы пра экалогiю прыроды, неабходна памятаць i пра экалогiю душы, а ўсе гэтыя iнiцыятывы павiнны служыць чалавеку, адзначылі суразмоўцы.



Удзельнiкi сустрэчы падкрэслiлi, што нярэдка праблемы экалогii з’яўляюцца вынiкам цяжкай эканамiчнай сiтуацыi ў многiх краiнах свету. Таксама яны дадалі, што ў многiх багатых краiнах з-за пагонi за прыбыткам не звяртаецца ўвага на захаванне навакольнага асяроддзя.

Асобная ўвага была звернута на неабходнасць развiцця энергазберагаючых тэхналогiй i, у святле Чарнобыльскай катастрофы, iмкнення да стварэння бяспечнай энергетыкi.

Таксама лiквiдатары наступстваў аварыі на ЧАЭС распавялi пра свой досвед працы ў забруджаных радыяцыяй рэгiёнах.



Была выказана занепакоенасць тым, што ў лiквiдатараў усё часцей з’яўляюцца анкалагічныя i сардэчна-сасудзiстыя захворванні. У сувязi з гэтым лiквiдатары выказалi падзяку як мiжнародным арганiзацыям, так i Каталiцкаму Касцёлу за дапамогу, аднак падкрэслiлi, што сучасная сiтуацыя патрабуе новых высiлкаў для вырашэння праблемы. Гэта, як было адзначана, сацыяльная праблема, i свет павiнен звяртаць большую ўвагу на яе вырашэнне.

(DN), (AG)
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.