23 красавіка — дзень імянінаў Папы Францішка — Папы бедных і багатых |
Беларусь |
23.04.2016 00:00 |
23 красавіка Каталіцкі Касцёл успамінае ў літуріі св. Юрыя, мучаніка. Гэта дзень імянінаў сённяшняга Папы Францішка — Хорхе Марыё Берголіо. Асоба Святога Айца Францішка з першага дня яго пантыфікату пачала ўсіх здзіўляць і захапляць. Яго прастата захапляе ўсіх, і з таго часу, калі ён стаў намеснікам Хрыста на зямлі, у ім стаў распазнавацца стыль жыцця святога Францішка з Асізі. Папа Францішак адмовіўся ад жыцця ў папскай рэзідэнцыі і пасяліўся ў Доме св. Марты ў Рыме, ездзіць у старым і простым аўтамабілі, тэлефануе людзям, якіх ведае, або тым, якія просяць яго аб дапамозе. Папа заклікае святароў не жыць у раскошы, не браць плату за паслугі, заахвочвае Касцёл быць убогім і блізкім чалавеку. Таксама Папа заклікае Касцёл да вызвалення ад свецкасці. «Касцёл — мы ўсе — павінен вызваліцца ад свецкасці, якая вдзе яго да пыхі, што з’яўляецца ідалапаклонствам», — казаў Пантыфік у Асізі, звяртаючыся да бедных, беспрацоўных і мігрантаў. Падчас аўдыенцый у Ватыкане Папа Францішак звяртаецца таксама да людзей заможных, размаўляе на розныя тэмы з кіраўнікамі дзяржаў. Яго навучанне праз простыя жэсты і словы зразумелае для кожнага. У сваіх прамовах Папа часта тлумачыць, што не хоча хрысціянства танным коштам: быць хрысціянінам — гэта значыць быць здольным да адрачэння, адмаўляцца ад эгаізму і зла. У дзень імянін хацелася б пажадаць Святому Айцу Францішку, каб яго надалей аберагаў святы Юрый і каб ён працягваў сваю барацьбу за дабро, сеючы дабро ў мностве чалавечых сэрцаў, як робіць гэта зараз. Таксама хацелася б пажадаць, каб наш Пантыфік надалей заставаўся сабой, простым і ясным, бо робіць гэтым шмат дабра. І няхай яго ўсмешка, айцоўскі позірк дасягнуць і нашай зямлі, каб доўгачаканы візіт Папы ў Беларусь стаў, нарэшце, фактам! У дзень яго імянін жадаем Папу Францішку здароўя на доўгія гады. Рэд. |