14 мая апублікаваны папскі ліст да кардынала Зянона Грахалеўскага, прэфекта на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, легата на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Беларусі.
Форум будзе праходзіць 24-26 мая ў Гродне з нагоды 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.
На самым пачатку свайго ліста, апублікаванага на лацінскай мове, Папа Францішак спасылаецца на дакумент свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ «Dominicae cenae» і нагадвае, што «Эўхарыстыя з’яўляецца асаблівай каштоўнасцю ўсяго Касцёла». «Гэта найвялікшы дар, які ў парадку ласкі і сакрамэнту Боскі Жаніх перадаў і працягвае перадаваць сваёй Нявесце», - гаворыцца ў лісце. Пантыфік узгадаў часы савецкага рэжыму і адзначыў, што аднаўленне касцёльных структур у Беларусі стала сапраўдным трыумфам Хрыста. Дзякуючы гэтаму за апошняе 25-годдзе вялікая колькасць людзей прымірылася з Богам і бліжнімі, многія прынялі сакрамэнт хросту, шматлікія маладыя людзі пачулі голас Хрыста і паступілі ў семінарыю. Але ўсё яшчэ шмат тых, хто не ведае Евангелля, адзначыў Папа.
Пантыфік даручыў кардыналу Зянону Грахалеўскаму прывітаць ад яго імя біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, перадаць словы павагі прадстаўнікам дзяржаўнай улады, нагадаць вернікам пра значэнне і важнасць удзелу ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, а святарам – пра неабходнасць гарачай малітвы і душпастырскага служэння. Гэта асабліва важна ў год, калі Касцёл перажывае Юбілей Міласэрнасці, адзначыў Святы Айцец.
Папа даверыў Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Беларусі заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, усіх святых, а таксама благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка, і перадаў удзельнікам сваё апостальскае благаслаўленне.
Таксама асобным дакументам быў апублікаваны склад папскай місіі, у якую ўвайшлі два святары Гродзенскай дыяцэзіі: кс. Ян Кучынскі, біскупскі вікарый для Гродзенскай вобласці і пробашч катэдральнага касцёла ў Гродне, і кс. Раман Рачко, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Яны будуць суправаджаць папскага пасланніка падчас яго візіту ў Беларусь.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|