Папа Францішак благаславіў абраз св. Яна Паўла ІІ для аднайменнай парафіі ў Мінску |
Беларусь |
18.05.2016 12:56 |
18 мая падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане на плошчы св. Пятра Папа Рымскі Францішак благаславіў абраз св. Яна Паўла ІІ для парафіі ў Мінску, якая носіць яго імя. Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, абраз у Ватыкан даставіў пробашч мінскай парафіі Св. Яна Паўла ІІ кс. Ігар Лашук.
Новая мінская парафія — трэцяя па ліку ў Беларусі, якая носіць імя святога Яна Паўла ІІ, пасля парафій у Баранавічах і Смаргоні, а таксама першая ў Мінску. Парафія Святога Яна Паўла ІІ была зарэгістравана ў Мінску ў кастрычніку 2015 года. 8 снежня таго ж года ў мікрараёне Дружба адбыўся першы арганізацыйны сход і набажэнства для вернікаў гэтай парафіі. «Абраз святога Яна Паўла ІІ у парафіі напісаны італьянскім мастаком. Яго мне падарылі знаёмыя з Італіі, — распавёў Catholic.by кс. Ігар Лашук. — Таксама італьянскім архітэктарам распрацоўваецца праект будучага парафіяльнага касцёла. Арыенціровачна святыня будзе знаходзіцца ў мікрараёне Дружба». (ils), (mv) |