Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску пачала сваю дзейнасць першая парафія Святога Яна Паўла ІІ
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.12.2015 08:14

У кастрычніку гэтага года ў Мінску была зарэгістравана парафія Святога Яна Паўла ІІ, пробашчам якой прызначаны ксёндз Ігар Лашук. 8 снежня ў мікрараёне Дружба адбыўся першы арганізацыйны сход і набажэнства для вернікаў гэтай парафіі.

Новая мінская парафія – трэцяя па ліку ў Беларусі, якая носіць імя святога Яна Паўла ІІ пасля парафій у Баранавічах і Смаргоні, а таксама першая ў Мінску.

Як распавёў Сatholic.by пробашч парафіі кс. Ігар Лашук, парафія была зарэгістравана яшчэ ў 2011 годзе, але насіла імя благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Па розных прычынах яна не дзейнічала.

Пасля абвяшчэння Яна Паўла ІІ святым адбылася перарэгістрацыя парафіі па ініцыятыве Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, а кс. Ігар Лашук быў прызначаны яе пробашчам.

«25 кастрычніка гарвыканкам перарэгістраваў нашу парафію ў парафію Святога Яна Паўла ІІ. За гэты час удалося вырашыць арганізацыйныя справы і зрабіць пячатку парафіі. Было вырашана таксама правесці першы парафіяльны сход і невялікае набажэнства», – падзяліўся кс. Ігар Лашук.

На першы парафіяльны сход, які адбыўся ў будынку сацыяльнага цэнтра па вуліцы Напалеона Орды, прыйшло каля 40 чалавек – жыхароў мікрараёна «Дружба». Падчас сходу былі вырашаны адпаведныя арганізацыйныя пытанні і прызначаны бухгалтар. Таксама адбылося набажэнства для парафіян.

Гэта ўжо другая парафія ў Мінску, арганізацыю якой распачынае кс. Ігар Лашук. Роўна 19 гадоў таму, у 1996 годзе, пачала сваю дзейнасць парафія Святога Яна Хрысціцеля.     

«Сёння ў нас ёсць вельмі прыгожы абраз святога Яна Паўла ІІ, напісаны італьянскім мастаком. Яго мне падарылі знаёмыя з Італіі. Таксама італьянскім архітэктарам распрацоўваецца праект будучага парафіяльнага касцёла. Арыенціровачна святыня будзе знаходзіцца ў мікрараёне "Дружба"», – распавёў святар.

Наступная парафіяльная сустрэча запланавана на 25 снежня.

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.