Арцыбіскуп Кандрусевіч пра выстаўку беларускіх абразоў у Ватыкане: «Мы разам праслаўляем і Касцёл, і Царкву, і нашу краіну» |
Беларусь |
26.05.2016 17:35 |
26 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай выстаўцы беларускіх абразоў у Ватыкане, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і іншыя арганізатары выстаўкі распавялі пра сэнс унікальнай падзеі. «Беларускі абраз аб'ядноўвае заходнюю і ўсходнюю традыцыі, сімвалізуе еднасць Касцёла і розных абрадаў», — адзначыў каталіцкі іерарх падчас прэс-канферэнцыі ў снежна-белым інтэр'еры новага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея. Выстаўка «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» адкрылася ў музеі Ватыкана 18 мая і прымеркавана да Юбілейнага Года Міласэрнасці, абвешчанага ў Паўсюдным Касцёле Папам Рымскім Францішкам. Беларускія абразы ўпершыню экспануюцца на выстаўцы ў музеі Ватыкана. «Так мы разам праслаўляем і Касцёл, і Царкву, і нашу краіну», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Мы зрабілі ўнікальны праект. Адкрылі акно для Беларусі ў Еўропу. Паказалі, што беларусы — не лапці і дранікі, але еўрапейская нацыя з вялікай гісторыяй і культурай», — сказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. Протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель праваслаўнага прыхода Усіх Святых у Мінску, адзначыў, што Беларусь сінтэзам заходняй і ўсходняй хрысціянскай традыцыі паказвае прыклад духу, які жыве ў міры. «Усход і Захад сустрэліся ў геаграфічным цэнтры Еўропы і замацавалі адметнасць беларускага менталітэту», — сказаў святар. У верасні ў Мінску адкрыецца больш поўная і маштабная выстаўка беларускага сярэднявечнага іканапісу, якая яшчэ больш ярка прадэманструе асаблівасць рысаў нашай духоўнай культуры, паведаміў Уладзімір Пракапцоў. Аляксандр Гелагаеў |