| Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці ў Ватыкане выстаўкі беларускіх абразоў |
| Іерархі |
| 19.05.2016 12:29 |
|
Выстаўка абразоў з Беларусі прысвечана Юбілейнаму Году Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле. Сярод шматлікіх прысутных на цырымоніі адкрыцця былі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, настаяцель праваслаўнага прыхода Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны. Цырымонію ўпрыгожваў спевам хор мінскага храма Усіх Святых. У сваім выступленні Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў адкрыццё выстаўкі беларускіх праваслаўных і каталіцкіх абразоў «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у музеях Ватыкана «выключнай па сваёй значнасці і гістарычнай падзеяй», падобнай да якой ніколі ў гісторыі не было.
«Мы доўга рыхтаваліся да гэтай падзеі. Гадоў прыкладна пяць-шэсць таму ідэя арганізацыі гэтай выставы нарадзілася падчас маёй сустрэчы з тагачасным намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргеем Алейнікам, сённяшнім паслом Беларусі пры Святым Пасадзе. Неацэнную ролю ў арганізацыі выставы адыграў былы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Вялікая роля ў яе арганізацыі належыць дырэктарам Ватыканскіх музеяў і Нацыянальнага музея Беларусі, Міністэрству замежных спраў Беларусі і Міністэрству культуры, a таксама Праваслаўнай Царкве і Каталіцкаму Касцёлу», - сказаў іерарх.
Па словах арцыбіскупа, той факт, што беларускія абразы ўпершыню выстаўляюцца ў сусветна вядомых музеях Ватыкана, «гаворыць сам за сябе»: «гэта прызнанне добрых канструктыўных адносін паміж Беларуссю і Ватыканам», «сведчанне братэрскіх адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Рэспублікі Беларусь».
Мітрапаліт выказаў надзею, што выстаўка каталіцкага і праваслаўнага абраза Беларусі «будзе спрыяць новай евангелізацыі сучаснага свету», паслужыць далейшаму развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, «якія з’яўляюцца паплечнікамі ў абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў», і развіццю канструктыўных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам. (AG) |


18 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці ў музеі Ватыкана выстаўкі «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь».


для друку