Беларус Павел Лемех OMI атрымаў дыяканскае пасвячэнне |
Беларусь |
31.05.2016 17:53 |
Ураджэнец Беларусі Павел Лемех OMI з супольнасці айцоў аблатаў атрымаў дыяканскае пасвячэнне. Урачыстая святая Імша з нагоды ўдзялення дыяканскага пасвячэння адбылася 28 мая ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Обры (Польшча). Разам з Паўлам Лемехам OMI дыяканскае пасвячэнне з рук біскупа Гжэгажа Бальцэрэка прынялі яшчэ пяцёра манахаў. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымалі сямёра аблатаў. Эўхарыстыя — як найважнейшая мэта «Найважнейшым часам у зямным жыцця Езуса Хрыста быў час Вячэрніка і Галгофы. Тады, у час найбольшай духоўнай цемры адбылося наша збаўленне, збаўленне свету. Таму найважнейшым часам нашага святарскага жыцця з’яўляецца час цэлебрацыі святой Імшы», — адзначыў падчас урачыстасці біскуп.
Ва ўрачыстасці
прынялі ўдзел каля 50-ці аблатаў з Польшчы, Украіны, Германіі, Беларусі,
Францыі, Туркменістана, Нарвегіі і Мадагаскара. Днём раней
прэзбітэрскае пасвячэнне ў Кіеве атрымаў і Антон Літвінаў OMI — першы святар у
гісторыі Туркменістана. Кляштар у Обры існуе з 1291 года, калі сюды прыбылі цыстэрцыяне. Духоўная семінарыя тут працуе з 1926 года, калі з пастырскім служэннем тут спыніліся айцы аблаты. За гэты час семінарыя выпусціла больш за 750 святароў, пяць з якіх сталі біскупамі. Сёння Місіянеры аблаты Марыі Беззаганнай нясуць сваё служэнне ў 25 краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Дыякан Павел Лемех OMI стаў трэцім ураджэнцам Беларусі ў супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай. У Беларусі місіянеры аблаты з’явіліся перад ІІ Сусветнай вайной. У 1990-я гады яны аднавілі сваю прысутнасць на беларускіх землях. Сёння ў Беларусі на чатырох пляцоўках працуюць шэсць місіянераў аблатаў: у Мінску, Шуміліне, Селіванаўцах і Пінску. |