Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскупы Беларусі прынялі ўдзел у пахавальных набажэнствах арцыбіскупа Пятра Мальчука ва Украіне
Беларусь
01.06.2016 11:21

31 мая ў конкатэдры св. Аляксандра ў Кіеве адбылася жалобная святая Імша ў памяць арцыбіскупа Кіеўскага і Жытомірскага Пятра Мальчука. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Львоўскі Мечыслаў Макшыцкі. На Імшы прысутнічаў увесь украінскі епіскапат, а таксама біскупы Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы.

Беларускі епіскапат прадстаўлялі дапаможны біскуп Міснка-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, ардынарый Пінскі Антоні Дзям'янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, а таксама прэлат Андрэй Стэцкевіч.

Ад імя беларускага епіскапату словы спачування для ўсяго Каталіцкага Касцёла ва Украіне, а асабліва Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, выказаў віцэ-старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч. Беларускі іерарх прамаўляў ад імя ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: як святароў, так і вернікаў.

Біскуп Алег звярнуўся са словамі шчырага спачування да мамы спачылага арцыбіскупа і ўсіх яго родных. Іерарх адзначыў, што арцыбіскуп Пятро «быў вельмі блізкі Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і сваёй прысутнасцю жадаў нас заўсёды падтрымаць».

«Арцыбіскуп раздзяляў з намі радасныя моманты. Апошнім прыпынкам яго жыцця стала Беларусь, дзе, прымаючы ўдзел у Нацыянальным Эўхарыстычным кангрэсе, ад той зямной цэлебрацыі Эўхарыстыі ён перайшоў да нябеснага праслаўлення Хрыста, Які сядзіць праваруч Айца.

Мы ўсе смуткуем, але аднак напоўненыя надзеяй, што з неба арцыбіскуп Пятро будзе нам яшчэ больш дапамагаць. На заканчэнне свайго слова беларускі іерарх сказаў: «Адпачывай у супакоі», — заключыў біскуп Алег Буткевіч.

Біскупы Украіны падзякавалі іерархам з Беларусі за момант салідарнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з Касцёлам ва Украіне.

Таксама на пахавальных набажэнствах прысутнічалі аднакурснікі спачылага, з якімі ён разам вучыўся ў Духоўнай семінарыі ў Рызе. З боку святароў-аднакурснікаў словы спачування выказаў беларускі святар Ігар Лашук.  

Аляксандр Яшэўскі SDB,
дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі

фота бр. Крысціяна Крывакоўскага OFM

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.