2 чэрвеня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе адбылася агульнабеларуская сустрэча святароў, якую ўзначалілі тры біскупы: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і ардынарый Віцебскі Алег Буткевіч.
Напачатку святары маліліся Ютрань — малітву, якой моліцца кожны пакліканы да святарства. Далей быў даклад, які прамовіў а. Станіслаў Памыкала SJ.
Галоўнай тэмай даклада стала Міласэрнасць, якую святары павінны самі дасведчыць, каб пераказаць яе іншым. «Мы павінны стаць носьбітамі Божай Міласэрнасі» — звяртаўся святар да ўсіх прысутных. Вобразам, які заўсёды дапамагае ўсвядоміць бязмежную Міласэрнасць, з'яўляецца вобраз міласэрнага Айца ў прыпавесці пра блуднага сына. «Усё маё – тваё…» — кажа айцец да старэйшага сына ў прыпавесці. Гэтая думка павінна была стаць крыніцай, каб задумацца над адносінамі з Богам. Таксама гучалі пытанні, якія святары далей абмяркоўвалі на сустрэчы ў групах.
Кульмінацыйным момантам стала супольная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска – Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі іерарх адзначыў, святар павінен стаць сапраўдным слугой Божай міласэрнасці па вобразу Хрыста, калі ён хоча несці міласэрнасць людзям. «Евангелле прадстаўляе нам Езуса як вобраз Міласэрнага Айца. У Ім міласэрны нябесны Айцец з’явіўся ў чалавечым целе, з чалавечым сэрцам і тварам, каб быць блізка людзей і каб яны маглі дакрануцца да Божай міласэрнасці. У Езусе Хрысце Бог чакае грэшніка, шукае яго і заклікае паяднацца з Ім у сакрамэнце пакаяння», — сказаў Мітрапаліт. Звяртаючыся да прыпавесці аб марнатраўным сыне, арцыпастыр прыгадаў, што гэту прыпавесць можна назваць «парабалай пра міласэрнага Айца».
«Яна нас вучыць аб тым, што нават самы грэшны чалавек заўсёды мае магчымасць аднавіць сваю годнасць, бо Божая любоў вышэй за самы вялікі грэх, — дадае іерарх. — Божая любоў гатова з радасцю прыняць кожнага, хто вяртаецца дамоў і нават шчодра яго адарыць, бо сын, які духоўна памёр, ажыў да новага жыцця і такім чынам яго чалавечая годнасць адрадзілася».
Гамілію цалкам можна паглядзець ТУТ››
Таксама арцыпастыр нагадаў, што асабліва падчас Юбілейнага Году Міласэрнасці неабходна «вярнуцца да належнага выканання функцыі спаведніка, каб даць магчымасць людзям дасведчыць ласкі Божай міласэрнасці».
«Мы павінны заўсёды памятаць: без Езуса мы — нішто»
Іерарх падкрэсліў, што кожны святар павінен быць сведкам Божай Міласэрнасці, а каб гэта сведчанне было шчырым і праўдзівым, святар «найперш павінен сам быць добрым пенітэнтам (тым, хто прыйшоў да споведзі – Рэд.)».
«Пакліканне да святарства — гэта вялікі Божы дар. Езус кажа, што не мы Яго выбралі, але Ён нас выбраў і паслаў, каб мы ішлі і прыносілі плён і каб наш плён трываў. Таму мы павінны заўсёды памятаць аб тым, што без Езуса мы нішто».
Падчас гаміліі іерарх узгадаў моманты нядаўніх часоў, калі адчуваўся востры недахоп святароў. Гаворачы пра сённяшні час, арцыбіскуп нагадаў, наколькі сучаснасць нясе ў сабе новыя выклікі святарству. «Святары павінны быць прыладай Міласэрнасці ў сучасным свеце», — адзначыў арцыбіскуп.
Іерарх заклікаў да адзінства і еднасці ў святарскай супольнасці, бо, паводле яго слоў, сёння гэта адна з хваробаў Касцёла. У другой частцы сустрэчы прайшла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту — момант асабістай сустрэчы і размовы з Хрыстом. А пасля Вяночка да Божай Міласэрнасці ў 15:00 святары накіраваліся на працу ў групах. Паводле с.Таццяны Гмыза SJE, waladarka.by і (IL),catholic.by
|