Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзённік удзельніка СДМ-2016: міласэрнасць чалавека да чалавека
Беларусь
23.07.2016 12:38

«Cёння дзень міласэрнасці чалавека да чалавека», — гэтыя словы напрыканцы Імшы, якая адбываецца раніцай у сакольскім касцёле, сказаў святар. Перад гэтым моладзь з Беларусі рыхтавала спевы і часткі Імшы, бо ў гэты дзень была яе чарга спеву і малітвы.

З раніцы крыху імжыць, так яно будзе імжэць і крыху крапіць увесь дзень.

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі падзяліліся на сем груп, змешаных, дзе была палова беларускай групы і палова парафіяльнай мясцовай моладзі.

Гэта быў час, каб разам, але і прыватна падзяліцца сваім меркаваннем пра тое, як кожны спазнае міласэрнасць і спаўняе яе ў сваім жыцці. Асабіста я люблю такую працу ў групах — на Тэзэ ці на іншых сустрэчах моладзі, такія моманты заўсёды каштоўныя.

У групах давялося працаваць у будынку мясцовай гімназіі, дзе нас сардэчна прывітаў дырэктар, які ў знак сустрэчы падарыў самаму малодшаму і старэйшаму пілігрыму з Беларусі прывітальна-ўшанавальны падарунак. Улад і Люба былі нечакана і прыемна здзіўлены.

Вераніка, Іза, Міхал, Марыюш, Кацярына і я разважалі над прапанаванай тэмай разам.

Падчас такіх сустрэч людзі, з якімі ты працаваў і дзяліўся досведам, адразу становяцца да цябе бліжэй, бо з імі ўжо перажыты пэўны час — у шчырасці і з малітвай. А гэта ўжо шмат на дарозе знаёмства.

Міласэрнасць на практыцы

Пасля сустрэчы ў маленькіх групах мы выправіліся ў шлях па мясцовых дамах, дзе дапамагаюць людзям прыгожа і годна перажываць альбо свой узрост, які часамі ўжо шмат у чым абмяжоўвае, альбо вынікі пасля інсультаў ці аварый, якія нярэдка цалкам збіваюць з ног ці з розуму.

Гэта былі дамы ў Дворку Стаську, Кабыліне і Тыкаціне.

Ва ўсіх гэтых мясцовасцях, як і ў саміх Саколах, вельмі велічныя і густоўныя святыні. «Гэта тэрыторыі фермераў, тут плывуць рэкі малака, гэта зямля вельмі працавітых людзей», — паўтаралі святары, якія працуюць у гэтых вёсках.

Я падумала, што тая прыгажосць, стрыманасць і акуратнасць, што назіралася ў аздобе касцёлаў, нібы выяўляе дух гэтых людзей, якія працуюць з усіх сіл, але ведаюць кошт не толькі працы, але і пашаны да сёмага дня, людзей не толькі працы, але і веры. Для якіх існуе праца, якая не можа быць плённай без Бога, бо яны працуюць для Яго і дабрабыту сваёй сям'і.

З касцёла ў Кабыліне

А тут сям'я — гэта моцная фартэцыя, сапраўды маленькі Касцёл і маленькая парафія. Часамі і не маленькая, бо сям'ю, якая прымае мяне, маленькай назваць нельга.

Некалькі слоў пра сям'ю, у якой я жыву

Марэк і Барбара Рашкоўскія маюць шасцярых дзяцей, старэйшаму з якіх — Войтку — 23 гады, ён працуе і вучыцца ў Варшаве, а малодшай — Зюзі (Зюзанне) — 14.

Разам з бацькамі і дзецьмі жывуць бабуля Крыстына і дзядуля Юзаф.

З бабуляй Крыстынай увечары можна шмат размаўляць, раніцай – хіба не, бо яна пачынае свой дзень з малітвы і катэхезаў на «Радыё Марыя» ці тэлебачанні.

Дзядуля Юзаф больш маўчыць, бо дрэнна чуе, але часта падыдзе і ціха пасядзіць побач з жонкай і ўнукамі.

Сям'я Рашкоўскіх – сям'я, якая займаецца гадоўляй кароў. Я думала, што калі маеш пяць кароў, то можаш казаць, што ты фермер, які займаецца жывёлагадоўляй. І пяць — гэта ўжо вельмі шмат, аднак у Рашкоўскіх іх не пяць, а каля 50.

Калі я прачынаюся і гляджу ў акно, дзе ланцужком у полі стаяць дрэвы, то па галасах, якія гучаць у ваколіцах, чую, што дзесьці блізка іншы ланцужок – рагаты, а ў найбліжэйшым атачэнні — на падстрэшшы — мяне актыўна будзіць голас вераб'іных грамад і зрэдчас голас Капсэля. Капсэль — сабака-падлетак, які сустракае кожны раз, калі мы вяртаемся дадому з Саколаў.

Пакіну яшчэ колькі слоў пра сям'ю на нядзелю, бо першая палова Дня Пана якраз будзе прысвечана сям'і. У мяне ўжо дамоўлена больш падрабязна разгледзець фермерскую гаспадарку і папрактыкавацца даіць кароў, бо я рабіць гэта ўмею, але, каб справіцца з такой колькасцю кароў, не ведаю, з якога боку і падыйсці…

Таму з нецярпеннем чакаю новай практыкі.

Шлях Міласэрнасці

Параспавядаўшы пра сям'ю, завяршу тым, чым скончылася наша сакольская пятніца — Крыжовым шляхам…

А 20-й гадзіне ўся парафія ішла вуліцамі вёскі з крыжам з бярозавых бэлек. Па чарзе крыж несла то мясцовая моладзь, то беларуская, апошнія прыпынкі неслі сакольскія мужчыны, потым жанчыны, а потым семінарысты і святары.

Малітва, засяроджанасць і годнасць, пакора, але нескаронасць, пашана, але без пыхі і ўзвышэння.

Бо ў гэты вечар па-над усім узвысілася Міласэрнасць, якая так патрэбна свету кожную хвіліну.

(Працяг будзе)

Дзённік вядзе Аксана Ючкавіч

Папярэднія матэрыялы:

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.