Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Узношу свой позірк у нябёсы...»: гімн СДМ на беларускай мове гучыць на кожнай беларускай Імшы ў Кракаве
Беларусь
29.07.2016 17:09
29 ліпеня ў кракаўскім касцёле св. Максімільяна Кольбэ прайшла Імша для беларускіх удзельнікаў Сусветных дзён моладзі, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 

 
Тут можна сустрэць сотні юнакоў і дзяўчат з усіх дыяцэзій Беларусі. Сярод іх у блакітных майках – і беларускія валанцёры СДМ. Варта адзначыць, што ўсяго ў арганізацыі Сусветных дзён моладзі ў Кракаве дапамагае 41 беларускі валанцёр.
 
У прывітальным слове да моладзі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі Святога Айца Францішка, а таксама за новыя пакліканні да святарскага і манаскага жыцця ў Касцёле ў Беларусі.
 

 
«Дзякуй Богу, сёння ў нас няма пераследу веры, няма ваяўнічага атэізму, які быў у савецкі час. Але сёння хапае іншых “-ізмаў”, адным з якіх з’яўляецца маральны рэлятывізм – выклік нашага часу», — адзначыў іерарх.

Святую Імшу канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Удзельнікамі СДМ з’яўляюцца таксама і іншыя члены беларускага епіскапату – біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
 


Уменне слухаць 

У гаміліі, разважаючы над літургічным чытаннем гэтага дня, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў адведзіны Альжбеты Марыяй.

«У духу Сусветных дзён моладзі, прысвечаных тэме міласэрнасці, неабходна сказаць, што сцэна адведзін Марыяй св. Альжбеты вельмі добра ёй адпавядае. Марыя спяшаецца з дапамогай сваёй сваячцы Альжбеце. Яна спяшаецца ў яе дом не адна – пад Яе сэрцам ужо б’ецца сэрца Збаўцы. Гэта вельмі важна», — дадаў іерарх.
 


«Найчасцей, калі мы кажам пра справы дабрачыннасці, то маем на ўвазе найперш матэрыяльную дапамогу патрабуючым. І гэта праўда. Аднак дабрачыннасць мае яшчэ і духоўнае вымярэнне, — падкрэсліў арцыпастыр. — Нездарма катэхізіс вучыць пра ўчынкі міласэрнасці адносна цела і душы. Трэба дапамагаць тым, каму патрэбна матэрыяльная дапамога, але не меншае заданне – дапамагаць тым, каму патрэбна духоўная. Гэта вельмі важна ў наш час, калі людзі ў першую чаргу клапоцяцца пра матэрыяльныя справы і забываюцца пра духоўныя». 

«Марта і Марыя – асаблівыя постаці. Як чытаем ва ўрыўку з Евангелля, адна з іх працуе, іншая – слухае. Гэта таксама нагадвае нам пра тое, што ў Касцёле ёсць месца як для малітвы, так і для працы. Працуюцчы, мы павінны ўмець слухаць», — дадаў арцыбіскуп.
 


Іерарх адзначыў, што праз служэнне, як і праз уменне выслухаць бліжняга, чалавек удасканальваецца.

Звяртаючыся да беларускіх пілігрымаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў ім за прэзентацыю на СДМ Беларусі. Іерарх таксама дадаў, што СДМ у Кракаве для яго ўжо дзявятыя па ліку.

«Чэнстахова, Дэнвер, Маніла, Парыж, Рым, Манрэаль, Кёльн, Мадрыд... Мяне вельмі цешыць тое, што такія СДМ праводзяцца. Гэта не толькі сустрэча са Святым Айцом, як кіраўніком нашага Касцёла, але і сустрэча з моладдзю – сустрэча з рознымі культурамі», — сказаў Мітрапаліт.
 
 

Як адзначыў арцыбіскуп пасля ў каментарыі для Сatholic.by, беларускай моладзі «варта выкарыстаць час СДМ для духоўнага аднаўлення, браць прыклад з вучэння Папы Францішка і са святых, якія працавалі ў Кракаве асабліва ў апошняе стагоддзе — святы Ян Павел ІІ і святая Фаўстына Кавальская».

Звязаныя з Божай міласэрнасцю

Беларускі іерарх нагадаў асаблівую місію гэтых святых у распаўсюджванні Божай міласэрнасці. 

«Калі Фаўстына была "сакратаркай" Божай міласэрнасці, то Ян Павел ІІ “рэкламаваў” яе, распаўджваючы Божую міласэрнасць, каб потым гэтым прыкладам жыць», — адзначыў Мітрапаліт. 
 


Таксама арцыпастыр звярнуў асаблівую ўвагу на смак хрысціянства: «Варта заўжды сачыць за тым, каб не быць “штучнымі” хрысціянамі, а быць тымі, хто ў кожных абставінах свайго жыцця нясе хрысціянскае сведчанне». 

Напрыканцы арцыбіскуп заахвоціў беларускую моладзь быць адкрытымі на Божую міласэрнасць і на яе дзеянне ў сваім жыцці:

«Дарагая моладзь! Будзьма рукамі і нагамі міласэрнага Езуса, каб кожны чалавек, з якім мы сустракаемся, спазнаў збаўчую ласку Божай міласэрнасці».

Еднасць у Хрысце

Падчас кожнай святой Імшы для беларускіх удзельнікаў СДМ у касцёле св. Максімільяна Кольбэ гучыць гімн Сусветных дзён моладзі па-беларуску. Хлопцы і дзяўчаты з Беларусі не толькі падпяваюць асноўнаму хору, але і суправаджаюць спеў адмысловым танцам.
 


Асобна варта адзначыць і спеў падзякі пасля прыняцця Эўхарыстыі на беларускіх Імшах. Тут яскрава адчуваецца атмасфера лучнасці з Хрыстом, любоў да бліжняга і моц беларускага хрысціянства. 

Каб і іншыя беларусы змаглі адчуць маштаб удзелу беларускіх католікаў на СДМ у Кракаве, па ініцыятыве Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча быў зроблены супольны фотаздымак моладзі з Беларусі.
 
 
Тым часам да завяршэння СДМ застаецца два дні.

Ілья Лапато, фота Марыны Валасар


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.