Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Эксперт у галіне міжнароднай свабоды рэлігіі: «Беларусь можа быць прыкладам у галіне Божых законаў пра сям’ю»
Беларусь
09.09.2016 15:21

У Славакіі, дзе праходзіў семінар для кіраўнікоў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, быў заслуханы даклад эксперта ў галіне міжнароднай рэлігійнай свабоды Роджэра Кіска.

Эксперт падкрэсліў, што Еўрасаюз негатыўна ўплывае на сітуацыю сям’і і нават змяняе яе канцэпцыю, дазваляе маніпуляваць Божым дарам жыцця і забіваць яго, легалізуе гомасексуальныя саюзы і прапагандуе гендарную ідэалогію.

Дзеянні Еўрасаюза па легалізацыі нязгодных з Божым законам правоў чалавека эксперт назваў «ідэалагічным каланіялізмам» і «дыскрымінацыяй вернікаў Еўропы». 

Дакладчык адзначыў, што еўрапейцы не заўсёды задаволены такой палітыкай Еўрасаюза і гэта адна з прычын, чаму Вялікабрытанія прагаласавала за выхад з ЕС.

«У такой трагічнай сітуацыі надзея застаецца толькі на Касцёл і яго маральнае вучэнне, — адзначыў Роджэр Кіска. — Тут вялікая роля належыць парламентарыям паасобных краін, якія як сапраўдныя хрысціянскія дэпутаты павінны галасаваць супраць падрыхтаваных у Бруселі праектаў законаў, не згодных з Божай воляй». «Такія прыклады ўжо ёсць, асабліва ў тых краінах Еўропы, дзе Каталіцкі Касцёл моцны», — падкрэсліў дакладчык.

На пытанне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, як можна ацаніць афіцыйную палітыку сям’і ў Беларусі, эксперт адзначыў, што Беларусь можа быць прыкладам захавання Божага ўстанаўлення, дзе сям’я — не гомасексульны саюз, але саюз мужчыны і жанчыны.

(DN), (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.