Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў епіскапатаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы
Іерархі
09.09.2016 14:02

9 верасня ў Браціславе завяршылася двухдзённая міжнародная сустрэча біскупаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія ўзначальваюць Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у сваіх краінах.

У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі амаль усіх посткамуністычных краін — Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Літвы, Польшчы, Балгарыі, Украіны, Албаніі, Босніі і Герцагавіны і Беларусі, якую прадстаўляе старшыня беларускага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У Славакію, якая сёлета прыняла на сябе кіруючыя функцыі ў ЕС, біскупы з розных краін прыбылі па запрашэнні старшыні епіскапату Славакіі Мітрапаліта Браціславы арцыбіскупа Станіслава Зваленскага. Удзельнікі сустрэчы, сярод якіх два кардыналы, удзельнічалі ў дэбатах «Міграцыя і крызіс сям’і».



У сустрэчы прыняў удзел старшыня парламенту Славакіі Андрэй Данко і Апостальскі Нунцый у Славакіі арцыбіскуп Марыё Джардано.

З уводнай прамовай выступіў старшыня Біскупскіх Канферэнцый Еўропы арцыбіскуп Эштэргома-Будапешта кардынал Пэтэр Эрдзё. У сваім дакладзе «Некаторыя тэалагічныя і пастырскія аспекты Апостальскай адгартацыі Папы Францішка пра сям’ю “Amoris laetitia”» іерарх звярнуў увагу на праблему сям’і і міграцыі ў святле веры.



«Міграцыя разбівае сям’ю. Антрапалагічныя змены вядуць да ўкаранення індывідуалізму ў грамадскім жыцці, што вядзе да непаразумення і непрыняцця грамадскай адказнасці, да з’яўлення новай “бездухоўнай манеты”, за якую можна купіць усё і якая не служыць духоўнаму развіццю чалавека. Усё гэта вядзе да разбурэння традыцыйнай мадэлі сям’і».



У сувязі з гэтым, на думку кардынала Эрдзё, Апостальская адгартацыя «Amoris letitiae» заклікае да лепшай падрыхтоўкі да сужэнства і да суправаджэння сужэнцаў у першыя гады сумеснага жыцця.

«Пры гэтым важнай з’яўляецца таксама дабрачынная дапамога Касцёла бежанцам, якія знаходзяцца не толькі ў Еўропе, але і ў Іраку. У пагоні за матэрыяльным дабрабытам губляецца паняцце Радзімы, бо многія кіруюцца старой лацінскай формулай: “Ubi bene, ibi Patria” — дзе лепей жывецца, там і Бацькаўшчына. Таму Касцёл павінен звяртаць большую ўвагу на пастырскую апеку мігрантаў, калі страчваецца геаграфічна-тэрытарыяльнае паняцце парафіі», — заключыў іерарх.

Таксама падчас семінара адбыліся выступленні эксперта ў галіне міжнароднай рэлігійнай свабоды Роджэра Кіска (Вялікабрытанія) і кіраўніка славацкага бюро Міжнароднай арганізацыі па міграцыі Сюзанны Ватралёвай.

Як адзначыла Сюзанна Ватралёва, сёння ў свеце каля 244 млн мігрантаў (3,3% насельніцтва зямлі), з якіх 76 млн знаходзяцца ў Еўропе.
На яе думку, варта не толькі прызнаць праблему, але і навучыцца кіраваць патокам мігрантаў, развіваючы дыялог і партнёрства паміж краінамі іх паходжання і міжнароднымі міграцыйнымі арганізацыямі, а таксама краінамі, куды мігранты накіроўваюцца.



Біскупы звярнулі ўвагу, што праблема міграцыі — гэта кансеквенцыя сямейнай палітыкі Еўрасаюза, якая выклікала дэмаграфічны крызіс, і менавіта таму вырашэнне сітуацыі неабходна распачынаць з ратавання сям’і. Таксама іерархі заўважылі, што сучасная міграцыйная палітыка шмат гаворыць пра правы мігрантаў быць прынятымі ў новае грамадства, але ніхто не гаворыць пра іх права вярнуцца на Радзіму.

Яшчэ адзін даклад пра сям’ю прадставіла ўвазе біскупаў член Еўрапарламента Ганна Заборска, якая засяродзілася ў ім на тым, што Еўропа перажывае дэмаграфічную зіму і ўсе людзі павінны мець аднолькавыя правы.

«Калі сёння ў Еўропе мала дзяцей, то заўтра будзе мала працоўных рук. Таму сям’я павінна быць пастаўлена ў цэнтры еўрапейскай палітыкі. Вучэнне Касцёла пра сям’ю павінна ўлічвацца ў планаванні еўрапейскай сямейнай палітыкі», — падкрэсліла Ганна Заборска.



Біскупы выказалі сваю занепакоенасць цярпеннямі сем’яў у сувязі з ваеннымі канфліктамі, асабліва ў Сірыі, і тэрарыстычнымі актамі.

На думку ўдзельнікаў дыскусіі, «еўрапейская палітыка прыняцця мігрантаў павінна ўлічваць эканамічную і традыцыйную культурную сітуацыю еўрапейскіх краін, якія вельмі моцна адрозніваюцца і магчымасці якіх не роўныя».

Біскупы выказалі малітоўную падтрымку ахвярам гвалту, войнаў і тэрарызму. Іерархі заклікалі еўрапейскіх палітыкаў з усёй сур’ёзнасцю падысці да будучыні кантынента, падтрымліваючы перадусім традыцыйную сям’ю і абараняючы Божы дар жыцця.

(DN), (IL)
фота Пэтэра Цымена

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію