У Ляскоўцы распачалася ІІІ Міжнародная сустрэча супрацоўнікаў і партнёраў «Карытас» Беларусі |
Беларусь |
10.10.2016 19:51 |
10 кастрычніка ў в. Ляскоўка пад Мінскам распачалася Міжнародная
сустрэча супрацоўнікаў і партнёраў «Карытас». У міжнародным форуме з
удзелам замежных партнёраў з Чэхіі, Аўстрыі і Германіі прымаюць удзел і
некаторыя беларускія іерархі на чале з арцыбіскупам Тадэвушам
Кандрусевічам. Тэма сустрэчы — «Міласэрнасць на дарогах трагедыі». Распачаўся форум святой Імшой, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Як падкрэсліў прадстаўнік Папы, хрысціянская дабрачынная дзейнасць перш за ўсё з’яўляецца адказам на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычаны, голыя — апрануты, хворых неабходна лячыць з надзеяй на аздараўленне.
Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім прывітальным слове звярнуў увагу на служэнне «Карытас» у кантэксце Божай міласэрнасці. «"Карытас" — гэта дзіця адроджанага, як фенікс з попелу, Касцёла ў нашай краіне. Яно ўжо стала дарослым і мужным, — сказаў іерарх. — Яму па плячу складаныя і адказныя заданні ў галіне дабрачыннасці, а праз яе і развіццё адносін з грамадствам і іншымі веравызнаннямі, найперш з Праваслаўнай Царквой».
Прывітальнае слова Мітрапаліта тут›› Асобную падзяку за сумесную працу з «Карытас» Мітрапаліт Кандрусевіч выказаў замежным партнёрам, а таксама Праваслаўнай Царкве і дзяржаўным службам. Прыгадваючы тэму сустрэчы, арцыпастыр нагадаў пра важнасць міласэрнасці «на дарогах трагедыі», адной з якіх стала для Беларусі Чарнобыльская катастрофа. «У 30-ю гадавіну катастрофы на ЧАЭС, дзякуючы падтрымцы "Рэнавабіс", дэлегацыя беларускіх і ўкраінскіх ліквідатараў наведала Ватыкан і сустрэлася з Папам Францішкам. Трэба адзначыць, што “Карытас” прымае актыўны ўдзел у дапамозе ахвярам гэтай тэхнагеннай катастрофы». Адным з важнейшых выклікаў сённяшняга часу Мітрапаліт назваў праблему міграцыі. Іерарх дадаў, што патрэба людзей важная, нягледзячы на іх веравызнанне і нацыянальнасць: «У кожным патрабуючым неабходна бачыць Божае стварэнне, якое апынулася ў цяжкай сітуацыі, можа, нават у жыццёвай трагедыі, і старацца яму дапамагчы».
Распавядаючы пра бежанцаў з Украіны, іерарх распавёў пра імкненне Касцёла падтрымаць іх пры дапамозе дзейнасці «Карытас»: «Гэта людзі, якія апынуліся ў крытычнай сітуацыі. Яны нашы суседзі і патрабуюць асаблівай увагі». Напрыканцы арцыпастыр пажадаў арганізатарам і ўдзельнікам сустрэчы непрадузятага падсумавання вынікаў сваёй дзейнасці. Асобны даклад, прысвечаны вынікам працы «Карытас» за апошнія тры гады і будучым задумкам, прадставіў кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар «Нацыянальнага Карытас». Як падкрэсліў святар, «”Карытас” удзяляе асаблівую ўвагу дзецям-сіротам, інвалідам, малазабяспечаным асобам, пенсіянерам, шматдзетным, няпоўным сем’ям, а таксама ўсім, хто перажывае складаную жыццёвую сітуацыю, незалежна ад рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці».
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выступіў з аднайменным дакладам на тэму канферэнцыі. Іерарх адзначыў, што «матыў дарогі з’яўляецца адным з найбольш істотных тэалагічных элементаў у біблійным прадстаўленні гісторыі выбранага народу, якая разам з тым — і варта пра гэта памятаць — з’яўляецца гісторыяй збаўлення». «Як для Абрагама, так і для іншых патрыярхаў дарога становіцца праверкай іх веры і вернасці Пану Богу, даверу і аддання сябе Яго волі. І гэта таксама добрая нагода для асабістага духоўнага ўзрастання, для адкрыцця новых гарызонтаў веры, для перажывання асабістага досведу Бога, прысутнага ў розных жыццёвых здарэннях». |
Фотарэпартаж |