Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі мінскага Чырвонага касцёла збіраюць сродкі для бежанцаў з Украіны
Дабрачыннасць
22.10.2015 15:46

Амаль што адразу пасля з’яўлення звестак пра вядзенне баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны ў касцёлах Беларусі пачаліся набажэнствы і малітвы ў інтэнцыі міру ў суседняй дзяржаве. Не засталіся ў баку і вернікі мінскага касцёла свв. Сымона і Алены, дзе акрамя малітваў быў арганізаваны збор сродкаў для бежанцаў. 

Ініцыятарамі гэтай дабрачыннай акцыі, як паведаміў пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Завальнюк, былі самі ж вернікі. Яны звярнуліся ў сакрыстыю з такой просьбай і хутка пачалі прыносіць рэчы. Аднак з кожным днём жадаючых дапамагчы станавілася ўсё больш і больш, таму ў касцёле былі ўстаноўлены спецыяльныя «месцы для гуманітарнай дапамогі бежанцам з Украіны».

«Мы гэтыя рэчы сарціруем: для хлопчыкаў, для дзяўчынак, для немаўлят, жаночае, мужчынскае адзенне, абутак — асобна. Ужо адсарціраванае мы адпраўляем у цэнтр "Карытас". А далей Чырвоны касцёл не адсочвае, куды ідуць гэтыя рэчы. Бывае, што нашыя шматдзетныя сем’і звяртаюцца за дапамогай, часам бываюць вельмі патрабуючыя. Але ў асноўным гэта ўсё ідзе на "Карытас"», – распавяла Catholic.by Гэлена Кобяк.

Жанчына дапамагае ў гаспадарчых справах касцёла і заўважае, што для гуманітарнай дапамогі пажадана прыносіць высціраныя і папрасаваныя рэчы: «Калі мы аддаем нейкую рэч іншым людзям, то яна павінна быць у добрым стане — такім чынам вы паважаеце чалавечую годнасць».

Гэлена Кобяк распавяла, што кожны месяц з Чырвонага касцёла адпраўляецца ад 1,5 да 2 тон рэчаў для бежанцаў. У гэты лік уваходзіць адзенне, абутак, цацкі, посуд, дзіцячыя калыскі. Усё загружаецца ў мікрааўтобус і адвозіцца ў офіс Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас», якое знаходзіцца ў вёсцы Ляскоўка побач з п. Бараўляны.

Каб даведацца, куды дакладна трапляе гуманітарная дапамога, карэспандэнты Catholic.by адправіліся ў офіс гэтай рэлігійнай місіі, дзе іх сустрэла менеджар праектаў «Карытас» Наталля Александровіч. Наталля працуе ў цэнтры ўжо два гады і адзначае, што справа дапамогі бежанцам — адна з істотных для «Карытас».

«У пачатку гэтага года ў нашым цэнтры ажыццяўляўся праект па дапамозе бежанцам. Ён меў назву «Зімовая дапамога». Гэты праект рэалізоўваўся пры фінансавай падтрымцы аднаго з нашых партнераў – Карытас дыяцэзіі Лінц, а таксама ў супрацоўніцтве з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Копыля, Нясвіжа і Клічава. Праектам было ахоплена 42 сям’і перасяленцаў. Для гэтых сямей былі закуплены сродкі першай неабходнасці, прадметы быту, прадукты, вопратка – усё тое, што патрэбна для нармальнага жыцця на новым месцы.

У 2012 годзе, напрыклад, у Дзіцячым сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры св. Лукі жыла сям’я з Данецка. Муж — беларус, а жонка ўкраінка. Тады Ірына і Аляксандр прывезлі лячыць ад анкалогіі свайго малодшага сына Кірыла. Падчас лячэння сям’я жыла ў нас, а потым вярнулася ў Данецк.

У 2014 годзе сям’я зноў прыехала на лячэнне, а назад ужо не магла вярнуцца, таму што ў іх кватэру патрапіў снарад, а потым усю маёмасць разрабавалі. Яны засталіся жыць у нашым цэнтры. Паралельна маленькі Кірыл лячыўся ад анкалогіі, а муж Ірыны Аляксандр знайшоў працу.

Зараз яны пераехалі. Сям’і далі месца ў інтэрнаце. Літаральна на мінулым тыдні Ірына паведаміла, што дзіця ўжо пайшло ў садок. Іх старэйшы сын таксама прыехаў у Беларусь. Паціху іх жыццё наладжваецца», - распавяла Наталля Александровіч.

Гуманітарная дапамога, якая прыходзіць у «Карытас» з Чырвонага касцёла, таксама перадаецца бежанцам з Украіны.

«На сёння гуманітарны груз, які быў сабраны ў Чырвоным касцёле, быў аддадзены ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага забеспячэння насельніцтва Любанскага, Касцюковіцкага, Чэрвенскага, Уздзенскага, Нясвіжскага раёнаў. Гэтыя і іншыя цэнтры Мінскай і Магілёўскай абласцей рэгулярна звяртаюцца да нас за дапамогай. Рэчы размяркоўваюцца паміж патрабуючымі розных катэгорый, у тым ліку і бежанцаў.

Яны атрымліваюць гуманітарны груз, які прыбыў з Аўстрыі і Германіі, дапоўнены грузам з Чырвонага касцёла. Адлегласць да гэтых цэнтраў немалая, таму, у мэтах эканоміі, мы дапаўняем гэты груз», — адзначае Аляксандр Шырынскі, валанцёр «Карытас».

Збор сродкаў для бежанцаў працягваецца і зараз, таму ўсе зацікаўленыя могуць прынесці рэчы ў Чырвоны касцёл або непасрэдна ў офіс Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дабрачыннасць

17.10 18:02«Прыдумай налепку для свечкі»: «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праводзіць конкурс на лепшы дызайн
07.10 16:45Валанцёры «Чыстага сэрца» прынялі ўдзел у запісе перадачы «Для тых, хто дома» на «Беларускім радыё»
01.10 15:11У Івянцы асвяцілі будынак парафіяльнага цэнтра «Карытас»
30.08 11:56«Карытас» правёў у Бабруйску акцыю «Дапаможам дзецям сабрацца ў школу»
24.08 15:55Дабрачыннае таварыства «Карытас» арганізавала для дзяцей адпачынак у Бельгіі
25.07 13:39Аршанскі мясакансервавы камбінат ахвяраваў дзіцячае харчаванне «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
06.04 09:48Дзень «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Астраўцы
06.04 09:15«Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі завяршыў першы этап дабрачыннай акцыі «Святло Міласэрнасці»
28.03 15:27Дабрачынную акцыю арганізавала на Вялікдзень «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі
05.03 17:19Валанцёры «Caritas» і «Віцебскія дзяўчаты» наведалі Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў