Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускія іерархі ўручылі Папу Рымскаму пераклад яго кнігі на беларускую мову
Беларусь
19.10.2016 19:08

Кніга Папы Францішка «Імя Бога — Міласэрнасць», перакладзеная на беларускую мову супрацоўнікам беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандрам Панчанкам, была прэзентавана аўтару.

19 кастрычніка ў межах агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек перадалі Пантыфіку беларускую версію гэтай кнігі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Папа Францішак падпісаў два асобнікі кнігі. Адзін з іх будзе захоўвацца ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, а другі адправіцца ў Беларусь.


Варта адзначыць, што менавіта архімандрыт Сяргей Гаек і біскуп Алег Буткевіч выступілі ініцыятарамі перакладу гэтай кнігі на беларускую мову, звярнуўшыся па дапамогу ў беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё.

«Ідэя, з якой да нас звярнуліся іерархі, палягала на тым, каб у кантэксце Года Міласэрнасці перакласці на беларускую мову кнігу Святога Айца пра Божую Міласэрнасць, — адзначае ў каментарыі Catholic.by перакладчык Аляксандр Панчанка. — Гэтая кніга дапамагла б вернікам у Беларусі зразумець сутнасць абвешчанага ў Каталіцкім Касцёле Года Міласэрнасці і аднавіць сваё разуменне асабістых адносін з Панам Богам».
 
«Гэта быў мой першы досвед у перакладзе кнігі, але па працы мне даводзіцца перакладаць словы Пантыфіка штодня, таму гэта шмат у чым аблегчыла мне працу», — дадаў Аляксандр Панчанка (на фота ўнізе).
Паводле яго слоў, карэктура беларускага варыянта кнігі была ўжо каманднай працай. Свае рэкамендацыі, прапановы і праўкі пасля супольнага абмеркавання ўносілі кс. Аляксандр Амяльчэня, Алесь Жлутка, а. Андрэй Буйніч і іншыя.



У кнізе Папа Францішак у інтэрв’ю італьянскаму журналісту Андрэа Тарніелі распавядае пра жыццёвы і пастырскі досвед, закранаючы тэмы сэнсу жыцця, супакою і пакаяння, а таксама тлумачыць прычыны абвяшчэння ў Каталіцкім Касцёле Надзвычайнага Года Міласэрнасці.

Чытайце таксама:

«Паўдзельнічаць у гэтай працы было для мяне вялікім гонарам. Але мая роля як перакладчыка даволі сціплая, — прызнаецца Аляксандр Панчанка. — Галоўнае ў кнізе — словы Папы, яго пасланне. І было б цудоўна, каб кнігу змаглі прачытаць як мага больш людзей, каб яна спрыяла навяртанню і ўстанаўленню больш глыбокага яднання з Богам — а асабліва, як падкрэслівае сам Святы Айцец, у дары сакрамэнту пакаяння».

Кніга «Імя Бога — Міласэрнасць» выйшла ў мінскім выдавецтве «Медысонт» накладам у 950 асобнікаў. У Мінску яе можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга» (вул. Багдановіча, 25) і пры грэка-каталіцкай парафіі Св. Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6).

Падрыхтаваў Ілья Лапато
фота беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.