Імя Францішак у 2015 годзе стала самым папулярным сярод дзіцячых імён,
якія італьянцы давалі сваім дзецям. Catholic.by распытаў беларускіх
святароў і манахінь пра тое, як ім жывецца з гэтым імем і ці адчуваюць
яны сябе асаблівымі. Пробашч парафі Св. Андрэя Баболі кс. Францішак Кісель сваё імя атрымаў пры нараджэнні. У гонар св. Францішка яго назвала мама. У школе ж будучага святара ведалі як Франак, Франц. У штодзённым жыцці я не так часта сустракаю людзей з імем Францішак, — прызнаецца прэлат. — Але з таго моманту, як новы Папа ўзяў імя Францішак, гэтае імя ва ўсіх на слыху». Святар адзначыў, што яго грэе той факт, што зараз у яго адно імя з Папам Рымскім. «Гэта, безумоўна, радуе. Кожны раз, аднак, пры згадцы кімсьці Пантыфіка, трошкі ўздрыгваеш — бо прывык, што, звычайна, гэтым імем звяртаюцца да цябе».
Таксама святар прызнаўся, што яшчэ не меў магчымасці наведаць Рым і пабачыць Святога Айца ўжывую, але вельмі гэтага хоча.
«Сястра прывыкла жыць у сціпласці і абыходзіцца найменшым»
У Полацку ў супольнасці Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі жыве сястра Францішка Гайлеш SJE. Манахіні ўжо 92 гады, і 70 з іх яна прысвяціла служэнню Богу.
Паводле слоў настаяцельніцы супольнасці, сваё імя с. Францішка атрымала пры нараджэнні: уступаючы ў кангрэгацыю, сёстры не бяруць сабе новае імя.
«Сястра Францішка шмат часу праводзіць на малітве і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, — адзначае настаяцельніца Алена Панцялей SJE. — Яна любіць маліцца і заўсёды гэта робіць. Сястра прывыкла жыць у сціпласці і абыходзіцца найменшым. Святы Францішак таксама быў просты, жыў сціпла і клапаціўся пра ўбогіх. Гэтыя рысы ўласцівы і для сястры Францішкі».
Манахіня ўсё жыццё пражыла ў Беларусі. Уступіўшы ў супольнасць, с. Францішка жыла ў Друйскім кляштары, які быў зачынены ў сярэдзіне 1930-х.
«Сёння яна ўжо мала размаўляе, больш моліцца. Ціхая, не патрабуе шмат клопату пра сябе», — характарызуе пажылую манахіню с. Алена. Сястра Францішка жыла ў цяжкія для веры ў Беларусі часы і, не маючы права адкрыта насіць габіт, вымушана была працаваць у пякарні. Паводле ўспамінаў, яна таемна праводзіла святара да тых, хто меў у ім патрэбу: ахрысціць дзіця, прыняць сакрамэнт ці ўзяць шлюб.
Сёння с. Францішка — адна з самых пажылых у сваёй супольнасці не толькі ў Беларусі (зараз тут працуюць 26 сясцёр), але і ў іншых кляштарах кангрэгацыі ў Польшчы, Расіі, Літве, Казахстане і Германіі.
«Мяне хацелі назваць Люцыян»
Пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску кс. Францішак Рудзь быў самым малодшым дзіцём у сям’і. Святар прыгадвае, што спачатку бацькі хацелі назваць яго Люцыян.
«У нашай сям’і ўжо раслі Браніслаў, Яніна, Антон, Раман, Тадэвуш, Казімір і Ян, — расказвае святар. — І ў выніку бацькі далі мне імя Францішак».
Ксёндз прызнаецца, што дастаткова рэдка сустракае вакол сябе людзей з такім жа імем, як у яго. Аднак калі такое здараецца, звяртае на гэта ўвагу: «Нядаўна я хрысціў дзіця з падвойным імем. І другое імя ў яго было Францішак. Было прыемна, што нарадзіўся яшчэ адзін цёзка», — усміхаецца святар.
На пытанне Catholic.by, ці задумваўся святар над дарогай у манаскую супольнасць францішканаў, кс. Францішак адказаў, што такіх думак у яго не было: «З дзяцінства ў касцёле я бачыў прыклады служэння дыяцэзіяльных святароў, якія ў сваю чаргу і паўплывалі на маё далейшае пакліканне».
Нядаўна святар упершыню пабачыў Папу Францішка, калі прыбыў у Рым у складзе пілігрымкі ў Год Міласэрнасці.
«У Год Міласэрнасці я здзейсніў пілігрымку ў Вечны горад і прайшоў праз Брамы Міласэрнасці ў базыліках св. Пятра і св. Паўла за Мурамі. Таксама меў магчымасць пабачыць Пантыфіка, праўда, здалёк — Пантыфік цэлебраваў святую Імшу, у якой мы таксама прымалі ўдзел. Уражанні незабыўныя!» Цікава ведаць:
Беларусы ў 2015 годзе найчасцей давалі сваім дзецям імёны Марыя (на другім месцы - Соф’я) і Арцём. Ілья Лапато
Чытайце таксама:
|