Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Новы год — разам з Багародзіцай
Беларусь
31.12.2016 18:00

Першага студзеня ў апошні дзень актавы ўрачыстасці Божага Нараджэння Касцёл адзначае ўрачыстасць Багародзіцы Марыі.

Эфескі сабор у 431 годзе абвясціў, што Дзеву Марыю можна і нават належыць называць Багародзіцай. Такая была рэакцыя Касцёла на погляды, што Хрыстус не  з’яўляецца адначасова Богам і Чалавекам. 

У гэты дзень Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас выкарыстаў магчымасць даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень Новага года.

Свята, прысвечанае Марыі Багародзіцы, у некаторых мясцовасцях на Захадзе адзначалася 1 студзеня ўжо ў VIст. З цягам часу акцэнт у літургіі перайшоў на адзначэнне восьмага дня пасля нараджэння Хрыста — як сказана ў Евангеллі, урывак з якога чытаецца 1 студзеня, «кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні» (Лк 2, 21).

З 1570 года ўрачыстасць Абразання Пана стала абавязковай для ўсяго Касцёла. Пад такой назвай гэта свята далей адзначаецца 1 студзеня ў візантыйскім абрадзе (у Маскоўскім Патрыярхаце 14 студзеня па грыгарыянскім календары). Пасля Другога Ватыканскага сабору свята Божага мацярынства Марыі ізноў адзначаецца 1 студзеня.

Пачатак Новага году ў Касцёле з’яўляецца таксама Сусветным днём міру. Кожны год Папа кіруе з гэтай нагоды сваё пасланне. Папа Павел VI устанавіў Дзень міру ў 1967 годзе, ён жа з’яўляецца аўтарам знакамітай Малітвы аб міры. У гэты дзень могуць адбывацца набажэнсты аб міры, а за пабожнае публічнае прамаўленне або спеў гімну «Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы» (Veni Creator) можна атрымаць поўны адпуст.

кс. Кірыл Бардонаў

Таксама па тэме:

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.